Кнігі і гранты

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Аксана ВАСІЛЬЕВА, дырэктар Калінінградскай абласной дзіцячай бібліятэкі імя А.П. Гайдара (Расія)
Сёння, улічваючы імклівае развіццё найноўшых інфармацыйных тэхналогій, многія пачынаюць казаць пра “смерць кнігі”, пра тое, што традыцыйная папяровая кніга хутка сыдзе ў нябыт. Што ж, у кожнага сваё меркаванне. На мой жа погляд, кніга была, ёсць і будзе запатрабаванай.

/i/content/pi/cult/545/11874/6-3.jpgЧаму я так лічу? Пагадзіцеся, ва ўсе часы былі людзі, якія любілі чытаць, і тыя, якія не вельмі ахвотна бралі ў рукі кнігі. І гэта не залежыць ад часу: так ёсць сёння, так было і 10, і 50 гадоў таму, так будзе і ў будучым. Галоўная ж функцыя бібліятэкараў застаецца нязменнай: прыцягнуць чытачоў у абласныя, раённыя, сельскія “кніжніцы”, зацікавіць іх творамі як айчынных, так і замежных пісьменнікаў, прывіць ім любоў да чытання… А на якіх носьбітах будзе тое чытанне — на традыцыйна папяровых ці электронных — тое зусім не важна.

Да таго ж, зыходзячы з апошніх дадзеных па нашай установе культуры, магу адзначыць, што сёння ў нас назіраецца рост наведвальнасці: бацькі прыводзяць у бібліятэку дзяцей, бяруць для іх кнігі ды самі актыўна чытаюць. Усё гэта адбываецца таму, што сёння наша кніжніца — вельмі цікавае, бяспечнае месца для дзяцей розных узростаў, там ладзіцца шмат мерапрыемстваў, адбываюцца сустрэчы з пісьменнікамі, выстаўкі і многае іншае… Да таго ж адзначу, што мы ладзім не толькі буйныя масавыя акцыі, а і імкнёмся зацікавіць кожнага нашага чытача, шукаем да яго асабісты падыход… І калі мамы і таты бачаць ўсё гэта на свае вочы, дык пачынаюць самі заахвочваць сваіх дзетак да таго, каб яны актыўна завітвалі да нас…

Сёлета, наведаўшы Беларусь і пабываўшы на міжнароднай канферэнцыі “Чытанне і дзеці”, я пераканалася ў тым, што беларускім і расійскім бібліятэкарам варта сустракацца, абменьвацца вопытам, ладзіць сумесныя мерапрыемствы… Таксама мяне зацікавіла інфармацыя пра тое, як фінансуюцца беларускія бібліятэкі. Гэта, натуральна, сродкі бюджэту, а таксама грошы ўстановы культуры, заробленыя на аказанні платных паслуг… У нас жа ўсё іначай: мы атрымліваем сродкі з трох крыніц. Гэта, па-першае, бюджэтнае фінансаванне ад Міністэрства культуры Калінінградскай вобласці. Па-другое, гэта грошы, выдаткаваныя па праграме “Развіццё культуры Калінінградскай вобласці”. Згодна з палажэннямі названай праграмы мы падаём заяўкі на правядзенне розных мерапрыемстваў, і тады нам аказваецца фінансавая падтрымка. Да слова, летась на адну маштабную акцыю нам выдаткоўвалі 500, а сёлета ўжо і 800 тысяч расійскіх рублёў.

Таксама ў Міністэрстве культуры Калінінградскай вобласці прадугледжана дадатковая грантавая падтрымка тых або іншых нашых імпрэз. Але для гэтага трэба напісаць ды абгрунтаваць пэўны праект, а пасля і прэзентаваць яго спецыяльнай камісіі. Прычым, гэты праект пасля могуць ухваліць, а часам і адхіліць — гледзячы на яго актуальнасць і значнасць для горада і вобласці.

І, нарэшце, мы маем асабістыя сродкі, праўда, не надта вялікія. Гэта, як і ў Беларусі, грошы, заробленыя ад аказання платных паслуг, а таксама штрафы за тое, што той або іншы чытач не своечасова вяртае кнігу ці часопіс… Сума, канечне, выходзіць даволі малая, але названая штрафная сістэма, як я лічу, цалкам сябе апраўдвае: гэта дысцыплінуе нашых чытачоў.

Ёсць і іншыя спосабы заробку. Напрыклад, сёлета мы заключылі дамову з Калінінградскай абласной навуковай бібліятэкай і ў рамках усерасійскай акцыі “Бібліяноч” ладзілі у сценах гэтай установы на платнай аснове свае мерапрыемствы. Акрамя таго, у лютым мы атрымалі ганаровую грамату абласной Думы Калінінградскай вобласці. Гэтая ўзнагарода таксама мела і грашовы складнік — прыкладна 20 тысяч расійскіх рублёў. Агулам сума пазабюджэтных сродкаў, якія атрымлівае наша бібліятэка, складае прыкладна 150-200 тысяч расійскіх рублёў на год, што, безумоўна, дазваляе нам ладзіць шмат цікавых бібліятэчных акцый і вельмі спрыяе нашай дзейнасці.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"