“Мы былі моцныя духам...”

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Партызанская адысея Леаніда Дробава
Аповед пра Леаніда Дробава праз старонкі яго запісаў у час вайны мы спынілі на тым, як яму давялося на пэўны час стаць партызанскім краўцом ды шаўцом. Але і гэтая, амаль цывільная справа не абышлася без баявога задання з рызыкай для жыцця.

/i/content/pi/cult/545/11872/15-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 26 — 27, 29.)

“…Ішлі дні за днямі. Сярод партызанскіх будняў, шматлікіх паходаў і баявых аперацый я неяк забыў пра свае кравецкія справы. Але вось аднойчы выклікаў мяне Дзмітрый Аляксандравіч.

— Паслухай, Лёня, ты ж ведаеш, абарваліся нашы хлопцы — адны лахманы вісяць па плячах. Ці не мог бы ты выканаць яшчэ адно “баявое заданне” — крыху прыадзець нашых байцоў?

І сапраўды, у час баявых паходаў нашы лясныя байцы вельмі паабнасіліся. З прадраных штаноў і ватовак ледзь не прасвечвала голае цела.

— Можна, Дзмітрый Аляксандравіч! — адказаў я. — Толькі ў мяне няма швейнай машынкі, а без яе — што ж я магу зрабіць?..

І я падказаў камісару, што дома ў мяне, у вёсцы Пятровічы, засталася добрая швейная машынка Падольскага завода. Але ж забраць яе “ў партызаны” — справа няпростая. Бо ў Пятровічах, якія ляжалі на шляху са станцыі Брожа да Глускай шашы, трывала атабарыліся немцы і пакідалі вёску толькі ўначы, баючыся партызанаў. Прабрацца ў Пятровічы было досыць рызыкоўна.

— Ну дык вось, Лёня, паспрабуй! Ты ўдачлівы! Бяры добрага каня і айда ў Пятровічы па машынку!

На гэтым і пагадзіліся. У гаспадарчым узводзе я ўзяў каня і калёсы, запрог яго і пагнаў у сваю вёску, да якой было кіламетраў трыццаць. Пад’ехаў да яе, калі ўжо змяркалася. Пакінуў каня ў хмызняку, а сам асцярожна прабраўся да шляху. Затаіўся. Па бальшаку адна за адной праехалі некалькі машын з немцамі. Потым пранеслася легкавушка ў суправаджэнні матацыклістаў. “Відаць, нейкае начальства”, — падумаў я.

Потым усё сціхла. Некаторы час я ляжаў у кустах і абдумваў план сваёй “аперацыі”: выведу каня на шлях і паціху рушу да Пятровіч. А калі хто затрымае, скажу, што быў у суседняй вёсцы, адвозіў хворага ў шпіталь... Ну а раптам сустрэнуцца знаёмыя, якія ведаюць, што я ў партызанах?.. Ды марудзіць не было калі — летнія ночы кароткія... Махнуў рукой (была не была!), вывеў каня, асядлаў і галопам панесся ў вёску. Уляцеў у свой двор і таропка забарабаніў у шыбу. У хаце пачуўся нейкі рух, потым на ганку з’явілася маці ў кашулі. Яна ўся дрыжэла ад страху, не магла вымавіць слова. Толькі калі пазнала мяне — трохі супакоілася.

— Мам, давайце хутчэй нашу “Падолку”, яна вунь як патрэбна партызанам! — замест прывітання выпаліў я. Маці спачатку не зразумела, пра што я кажу, а калі ўцяміла, — абурана вымавіла:

— Ты што, з глузду з’ехаў? Так рызыкаваць з-за нейкай там жалязякі!.. Тут жа толькі што былі немцы!..

Усё было скончана за некалькі хвілін. Загорнутая ў коўдру “Падолка” была прымацавана да драбін. Неўзабаве я ўжо імчаў па дарозе, якая вяла да нашай партызанскай базы.

У брыгадзе імгненна разнеслася вестка, што ў 752-м атрадзе з’явіўся кравец. І да мяне пацягнуліся шматлікія “заказчыкі”. На парваныя галіфэ мы клалі латкі, якія чамусьці называліся “леямі”. Матэрыялам для іх служылі трафейныя нямецкія шынялі. Хто-ніхто нават спрабаваў краіць з іх штаны. Але перавагу ўсё ж аддавалі сваім, айчынным, хоць на іх часам і жывога месца не заставалася.

Асабліва падабаліся нашым хлопцам зробленыя мной кубанкі. Крыху пашыраныя зверху, з чырвонымі стужкамі, яны надавалі байцам асабліва заліхвацкі, “казацкі” выгляд. З усіх маіх “кравецкіх” перамог асабліва запомніўся мне выпадак, калі аднойчы нашы хлопцы пры разгроме варожага гарнізона захапілі ў якасці трафеяў некалькі добра выпрацаваных авечых шкур. Гэта быў выдатны матэрыял для кажуха. І мы з камісарам вырашылі зрабіць падарунак нашаму камандзіру брыгады Віктару Ільічу Лівенцаву: пашыць яму сапраўдную вайсковую “бекешу”.

Вопыту па стварэнні падобных рэчаў у мяне не было. Але я ўсё ж узяўся за гэтую справу. Былі зроблены выкрайкі, падрыхтаваны ўвесь дапаможны матэрыял. Я вельмі доўга вазіўся з пашывам камандзірскай “бекешы”. Іголка балюча калола мне пальцы, бо не было напарстку для іх абароны.

Нарэшце “бекеша” была гатова. Лівенцаў з задавальненнем апрануў яе і з гонарам насіў толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. А мае дывідэнды пасля гэтай работы адразу пайшлі ўгару.

Можа на гэтым і скончылася б мая кравецкая “эпапея”, але сапраўды, як казаў камісар, нашы партызаны здорава паабнасіліся, хадзілі нібы нейкія абарванцы ў прадраных кашулях і штанах. Тэрмінова патрэбна была кравецкая рука. З дапамогай палітрука нашай роты Маслёнка мы наладзілі “рамонт абмундзіравання”, прышывалі “леі”, латалі кашулі, а часам нават перашывалі з трафейных нямецкіх шынеляў патрэбную вопратку. Што зробіш, у партызанаў не было сваёй інтэнданцкай службы, таму баявыя заданні прыйшлося сумяшчаць з гаспадарчымі!”

Леанід выконваў і іншыя даручэнні: збіраў інфармацыю пра паліцэйскія гарнізоны і іх узбраенне, канспіратыўна прабіраўся ў Бабруйск. Прынесеныя адтуль звесткі заўсёды былі вельмі каштоўнымі для партызан…

Былі і баявыя аперацыі, у якіх давялося ўдзельнічаць Дробаву. Але асабліва запомнілася яму так званая рэйкавая вайна. Партызаны павінны былі выйсці на нямецкія камунікацыі, каб перашкодзіць фашыстам атрымліваць тэхніку і падмацаванне ў выглядзе жывой сілы. Намаганнямі дыверсантаў і байцоў партызанскіх атрадаў была амаль паралізавана дастаўка на фронт ваенных грузаў. Была ўзарвана чыгунка на многія кіламетры ў кірунку да фронту, разбіты апорныя пункты фашыстаў, якія ахоўвалі названы адмежак. Немцы жорстка супраціўляліся. Яны рабілі завалы паабапал шляхоў зносін, каб партызаны не змаглі дабрацца да іх. Але і гэта не пазбавіла ворага ад немінучай расплаты. Па начах праз лясы ды балоты ішлі партызанскія калоны на падрыў варожых камунікацый, і ніякая сіла не магла іх стрымаць.

Пра адну старонку з рэйкавай вайны Леанід Міканоравіч згадваў так. Загад аб выхадзе партызан на варожыя камунікацыі паступіў напачатку восені 1943-га. Але падрыхтоўка да рэйкавай вайны пачалася задоўга да гэтага. Былі падрыхтаваны і навучаны падрыўной справе асобныя падраздзяленні, размеркаваны дакладна ўсе ролі, якія меліся выканаць астатнія байцы.

У баявы паход рушылі ўсёй брыгадай цёмнай ноччу. Надвор’е, з аднаго боку, спрыяла паходу, бо ў цемру і непагадзь фашыстам было цяжка ўбачыць рух партызанскай калоны, але ў той жа час яно стварала і непазбежныя цяжкасці для партызан, бо ісці па балотах пад дажджом і несці на сабе ўсё ўзбраенне і боезапас — надзвычай цяжка.

Ішлі адзін за адным, трымаючыся за плячо пярэдняга, у кірунку таварнай станцыі Асіповічы. Калі падышлі метраў за сто да насыпу чыгункі, фашыстам усё ж удалося высачыць калону. У цемры замільгалі чэргі трасіруючых куль. Партызаны залеглі, бо хвойныя завалы перашкаджалі рухацца наперад. Да таго ж, фашысты пачалі пускаць асвятляльныя ракеты, якія досыць доўга віселі над галовамі байцоў. Агонь па фашысцкіх дзотах загадана было не адкрываць, каб пазбавіць фашыстаў магчымасці вызначыць месца знаходжання партызанскіх агнявых кропак, таму немцы вялі агонь “усляпую”. Але кулямётчыкі брыгады добра засяклі агнявыя кропкі ворага і падавілі іх агнём кулямётаў і СТР, як толькі партызаны падышлі метраў за трыццаць да насыпу. У гэты ж час падрыўнікі выскоквалі на насып і падкладвалі міны пад рэйкі. Выбухі былі настолькі аглушальнымі, што ледзь не лопаліся вушныя перапонкі. Але калі кулямётчыкі змаўкалі, каб замяніць дыскі, фашысты абрушвалі на партызан усю моц сваёй зброі.

Дробаў у той час выконваў абавязкі другога нумару кулямётчыка, гэта значыць насіў дыскі і таму мусіў быць заўсёды побач з яго першым нумарам — Барысам Буркацкім. Але калі білі немцы, здавалася, што знаходзішся ў самым пекле. Байцы інстынктыўна разграбалі зямлю рукамі, каб толькі схаваць галаву.

Так працягвалася каля дзвюх гадзін. Немцы ўвесь час узмацнялі сваю агнявую моц, бо да іх падышло падмацаванне — батарэя супрацьпяхотных мінамётчыкаў. Таму агонь фашыстаў зрабіўся мацнейшым. Міны рваліся зусім побач, скаланаючы зямлю і ўсё наваколле. Але партызаны не адступалі: яны самаахвярна выконвалі сваю задачу. У выніку палатно чыгункі было ўзарвана больш як на два кіламетры...

Нарэшце ў небе адна за адной засвяціліся тры ракеты. Гэта быў сігнал да адыходу. Назад ішлі амаль не прыгінаючыся, бо там, у лесе, было жыццё! Параненых і забітых неслі на руках. У гэтым баі брыгада страціла шмат людзей, якіх пад развітальны залп і пахавалі ў лесе, непадалёк ад месца бою…

У свой лагер партызаны вярталіся стомленыя і абшарпаныя. Але настрой быў бадзёры, бо па радыё прагучала, што савецкія войскі атрымалі бліскучую перамогу на Курскай дузе.

Зразумела, партызанская вайна ў варожым тыле мела свае асаблівасці. Ніякай лініі фронту тут не існавала. Небяспека падсцерагала паўсюль, таму патрабавалася асаблівая пільнасць. Вораг быў таксама не абы які, а добра спрактыкаваны ў барацьбе з партызанамі.

Між тым фронт прасоўваўся ўсё бліжэй і бліжэй. Фашысты, хоць і ўпарта супраціўляліся, але імкліва адкатваліся на захад. Ужо была вызвалена вялікая частка беларускай зямлі. Але неўзабаве фронт спыніўся на лініі Парычы — Азарычы — Бабруйск. І вось у гэты час паступіў загад “зверху”: партызанскім злучэнням перайсці фронт на Полацкім кірунку і злучыцца з войскамі Чырвонай арміі, такім чынам папоўніўшы шэрагі наступаючага войска. Такі загад атрымала і Першая Бабруйская партызанская брыгада, якая мусіла перайсці фронт у раёне наступлення 37-й гвардзейскай дывізіі 65-й арміі Першага беларускага фронту.

Леанід Дробаў так піша пра той перыяд: “Перш чым рушыць на злучэнне, наша дальняя разведка наладзіла сувязь з наступаючымі войскамі. Брыгада Лівенцава рыхтавалася да пераходу праз фронт. Але ў гэты час разведчыкі, якія пабывалі ў маіх родных Пятровічах, данеслі, што над маімі бацькамі навісла пагроза знішчэння, бо нехта данёс фашыстам, што іхні сын Леанід, гэта значыць я, знаходзіцца ў партызанах. Тэрмінова патрабавалася дапамагчы бацькам. Я звярнуўся да брыгаднага камандавання, каб мне далі дазвол наведаць бацькоў і вывезці іх у партызанскую зону. Дазвол быў дадзены разам з акуратна распрацаваным спецыяльным пропускам для маёй сям’і.

І вось, халоднай лістападаўскай ноччу, з адной толькі гранатай у кішэні, я накіраваўся ў Пятровічы, дакладней у Мачулкі, у трох кіламетрах ад роднага дому, куды перабралася мая сям’я. Хаця і там заставацца было небяспечна. Дні стаялі марозныя, балота і невялічкія рачулкі пазамярзалі. І вось на самым падыходзе да Мачулак я неўзабаве ўляцеў у нейкі ручай, які аказаўся досыць глыбокім, і з усяго размаху амаль праваліўся пад яшчэ тонкі лёд. Прамоклы да ніткі пагрукаў у хату. Дзверы адчыніў тата і быў страшэнна ашаломлены, бо на ганку стаяў юнак у замёрзлай амаль да вушэй вопратцы. З мяне тэрмінова знялі адзенне і прынялі яго ў печ сушыцца, загадзя выграбшы адтуль гарачае вуголле. А мяне, амаль голага, адправілі на печ, каб як-небудзь сагрэўся. Там я прасядзеў да самага ранку. Калі толькі пачало світаць, прачнулася ўся сям’я. Маці гатавала страву, а мая маленькая сястрычка Марыйка нецярпліва чакала, калі з печы злезе яе старэйшы брат — “сапраўдны партызан” (на вялікі жаль, яна хутка загінула ў Азарыцкім лагеры смерці ў студзені 1944 года). На світанні, паснедаўшы, бацька адвёў мяне ў мясцовы “курань” (будан, дзе хаваліся ад фашыстаў мясцовыя людзі), бо заставацца ў вёсцы было небяспечна.

…Да свайго лагера дабраўся без усялякіх прыгод, але амаль нікога там не заспеў, бо апрача гаспадарчага аддзела і шпіталя, усе пайшлі на злучэнне з Чырвонай арміяй. Мне нічога іншага не заставалася, як толькі ўвайсці ў склад гаспадарчага атрада і пераходзіць лінію фронту самастойна ад усёй брыгады. Аднак ноччу, пры падыходзе да вёскі Чэрнік, нас аклікнулі армейскія вартавыя. Упэўніўшыся ў тым, што ідуць партызаны, яны суправаджалі нас аж да вёскі, дзе стаяла наша Першая бабруйская брыгада.

Раніцай яна была пастроена для расфарміравання. Камандзір 37-й гвардзейскай дывізіі генерал-палкоўнік Павел Бабаеў аб’ехаў на “Вілісе” шарэнгі байцоў, прывітаўся, а потым звярнуўся да нас са словамі:

— Дарагія партызаны і партызанкі, цяпер вы ўжо з’яўляецеся сапраўднымі байцамі нашай праслаўленай дывізіі, якая з баямі прайшла шлях ад сцен Сталінграда да Беларусі! Дык будзьце годнымі славы тых байцоў, якія загінулі за гэты час у баях з ворагам!

Расфарміраванне праходзіла па гадах нараджэння, ад самых старэйшых да самых маладых. Адразу скіроўвалі байцоў у палкі і батальёны 37-й дывізіі. Я трапіў у каманду, якая займалася абмундзіраваннем войск. Дарэчы, мне там давялося пашыць форменныя штаны для аднаго генерала авіяцыі, Героя Савецкага Саюза.

Пасля зімы 1944 года па ўсім было відаць, што рыхтуецца наша буйное наступленне. Ствараліся запасы прадуктаў, боепрыпасаў, тэхнікі. Але ўсё гэта рабілася ў глыбокай тайне. І толькі пасля мы даведаліся, што рыхтавалася аперацыя “Баграціён”. Наша 65-я армія наступала ў кірунку Баранавічаў. Па дарозе мы сустракалі групы партызан, якія ўліваліся ў рэгулярную армію і працягвалі наступленне. Ужо была пройдзена наша колішняя мяжа і пацягнуліся польскія гарады і вёскі. Калі выйшлі на лінію Одэр і Нэйсэ, германскі фронт быў паспяхова ліквідаваны. Фарсіравалі Одэр з яго шматлікімі “рукавамі” і выйшлі ў раён Усходняй Прусіі. Наперадзе — штурм важнага порта Данцыг, ва ўзяцці якога давялося ўдзельнічаць і мне. Не зважаючы на тое, што мы (байцы, якім яшчэ не споўнілася 18 гадоў) лічыліся “вольнанаёмнымі”, нам былі выдадзены аўтаматы, і мы як “навабранцы” былі ўключаны ў склад “трафейных” каманд, у чые абавязкі ўваходзілі ўлік і ахова трафейных аб’ектаў і харчовых складоў.

Адступаючы ў паніцы, фашысты кідалі ўсё і ратаваліся бегствам. Яны спрабавалі морам, на параходах і баржах, а часам нават і на звычайных маторных лодках пакідаць Данцыг і імкнуліся праз Фінскі заліў уцячы з горада. У складзе наступаючых войск мы штурмавалі мост праз “Мёртвую Віслу” — так назвалі гэтую раку за тое, што яе воды нібыта зусім не рухаліся, не адчувалася ніякага цячэння. Перабягаючы ад аднаго надалба да другога, мы выбівалі фашыстаў, якія ўмацаваліся на другім беразе ракі. Аперацыя была вельмі небяспечная, бо той, хто не паспеў схавацца за чарговым надалбам, быў забіты шквальным агнём фашыстаў з другога берага.

Праз некаторы час мост быў узяты. Мы з палёгкай стаялі на ім і назіралі, як некаторыя фашысты, не жадаючы трапляць у палон, кідаліся ў раку. На гэтую жудасную карціну нельга было глядзець без хвалявання. На вуліцах горада ляжала шмат трупаў фашысцкіх салдат, а таксама мясцовых жыхароў.

Ужо не памятаю, як скончыўся 1944 год, як наша армія выйшла на ўзбярэжжа Фінскага заліву, як быў абкружаны горад Кенігсберг, як вызвалялі польскія гарады і вёскі, а потым уступілі ў Памеранію. Але добра помняцца невялічкія, “чысценькія” нямецкія гарады, дзе не было ніводнага жыхара: усе ў паніцы пакінулі свае дамы і ўцяклі хто куды.

Канец вайны мы сустрэлі на ўзбярэжжы Фінскага заліва ў горадзе Барт. У гэты дзень я быў у каравуле і стаяў на пасту, абараняючы нейкі вайсковы склад. У вызначаны час, калі да мяне павінна была прыйсці змена, раптам пачулася страшэнная страляніна. Салдаты стралялі ўгару з усяе зброі. Я не мог зразумець, што здарылася. Але нечакана да мяне падыйшла змена, і начальнік каравула паведаміў, што фашысцкая Германія капітуліравала! Ад радасці я таксама выпусціў у неба чаргу з аўтамата, хоць гэта і было забаронена Уставам каравульнай службы. Назаўтра мы з горда паднятай галавой гулялі па горадзе. А потым мы абляпілі нейкі “Віліс” і паехалі на ўзбярэжжа. Там мы забеглі ў воды Фінскага заліву, пастралялі крыху ўгару і вярнуліся ў сваю часць. Вайна была скончана…”

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"