Прадказаць непрадказальнасць

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Фларыяна ГАБЕР, гісторык і крытык вулічных мастацтваў (Бельгія — Францыя)
Вулічнае мастацтва ў Беларусі яшчэ толькі пачало развівацца, але гэты працэс ідзе ў вас вельмі інтэнсіўна. Заўважу, што гэта мастацтва і ў Заходняй Еўропе мае не такі працяглы шлях, як часам здаецца. Сыходзячы каранямі ў старадаўнія карнавалы, у сваім сучасным выглядзе яно пачало развівацца толькі з канца 1970-х.

/i/content/pi/cult/543/11843/6-2.jpgУ вас, дарэчы, таксама ёсць свае глыбінныя нацыянальныя традыцыі. Тое ж Купалле, да прыкладу, як і іншыя абрадавыя дзеянні, — насамрэч вулічныя святы з элементамі карнавалу. Таму далейшае развіццё вашага вулічнага мастацтва асабіста я бачу не толькі ў перайманні еўрапейскіх здабыткаў, але і ў больш актыўным звароце да сваіх традыцый.

Адна з асноўных асаблівасцей вулічных мастацтваў у Беларусі — імкненне да інтэрактыўнасць. Калі два гады таму я была на Міжнародным фестывалі вулічных тэатраў у Мінску і таксама выступала там з лекцыяй, усе пыталі ў мяне, як дасягнуць той інтэрактыўнасці з беларускімі гледачамі. Я была вельмі здзіўлена, бо ў Францыі, дзе я цяпер працую, такіх праблем не паўстае. Але і тады ў Мінску, і цяпер у Віцебску я бачыла некаторыя вашы пастаноўкі (найперш, “Паштавікі” тэатра “Мусташ”, а таксама працы некаторых іншых творчых калектываў), дзе гледачоў не проста вадзілі за рукі, а ўступалі з імі ў мастацкі дыялог, рабілі іх сапраўднымі саўдзельнікамі вулічнага прадстаўлення. На маю думку, менавіта такі інтэрактыў можа стаць адметнасцю беларускага вулічнага мастацтва. Так, вы менш разняволеныя, чым еўрапейцы, амаль не ўсміхаецеся на вуліцы. Але вашы гледачы яшчэ не распешчаны вулічнымі прадстаўленнямі, таму з радасцю адгукаюцца на магчымасць паўдзельнічаць, падыгрываюць артыстам, уцягваюцца ў дзею. А такія нацыянальныя рысы, як гасціннасць, добразычлівасць, жаданне дапамагчы будуць і далей, я ўпэўнена, садзейнічаць удзелу гледачоў у вулічных дзеях.

Яшчэ адна ваша асаблівасць — вы ўсё называеце вулічным тэатрам. У Еўропе ж усталяваўся іншы тэрмін — вулічнае мастацтва, якое сінтэзуе розныя віды мастацтваў і можа ўвасабляцца ў самых нечаканых праявах. Замацавалася ў еўрапейскіх краінах і ўстойлівае азначэнне тых, хто гэтым займаецца: вулічныя артысты. Для Францыі, да прыкладу, гэта важна ўдвая, бо акцэнт робіцца не на слове “артыст”, а на слове “вулічны”. І гэта зусім не абраза, не пагарда, як часцяком успрымаюць у вас. Рабіць прадстаўленні на вуліцы ўдвая складаней, чым проста іграць у тэатры, бо гледача трэба заваяваць. Не толькі прыцягнуць яго ўвагу, але і ўтрымаць яе. Так што вуліца — лепшы “эксперт” прафесіяналізму.

Мне давялося паглядзець многія вашы вулічныя фестывальныя паказы. І я заўважыла на іх не толькі падобнае на тое, што бачыла ў іншых краінах, але і штосьці для сябе новае, нават нечаканае. У прыватнасці, адзначу само адкрыццё віцебскага фэста “На сямі вятрах”, што адбылося ля гарадской ратушы. Тут быў абыграны не толькі архітэктурны асяродак, як гэта бывае ўласціва вулічнаму мастацтву, але і зменлівасць беларускага надвор’я, вашы геаграфічныя асаблівасці: узнікла гульня з ветрам і паветрам, былі ўлічаны іх парывы. А як гэта было прыгожа, калі тонкая плёнка, што лунала ля ратушы, літаральна на нашых вачах ператваралася ў “аблачынкі”! На вуліцы вельмі важна працаваць з наваколлем — ад архітэктурных форм да гледачоў, ад магчымай непрадказальнасці іх рэакцыі да такой жа непрадказальнасці прыродных змен.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"