Асноўная яго мэта — захаванне і развіццё культуры і гісторыі рэгіёна, рацыянальнага выкарыстання культурна-гістарычнага і прыроднага патэнцыялу Маларытчыны. Ён, безумоўна, таксама будзе садзейнічаць развіццю творчага патэнцыялу падлеткаў. За дзве змены са спадчынай Маларытчыны, калі можна так сказаць, непасрэдна судакранецца амаль 80 дзяцей.
Кожны дзень непаўторны і запамінальны ў летніку. Работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі кожны дзень максімальна напаўняюць цікавымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі, якія абавязкова напоўнены мясцовым каларытам. Праграма праекта прадугледжвае, напрыклад, правядзенне сустрэч, гутарак, конкурсаў, беларускіх народных гульняў, экскурсій, майстар-класаў адмыслоўцаў Валянціны Струнец, Алы Назарук, Святланы Луцык, Людмілы Сакалюк па вышыўцы, самолапляценню, канструяванню, бісерапляценню, этнадыскатэкі з удзелам узорнага дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК. Для дзяцей таксама зладжана выстаўка “Гартаючы старонкі мінулага”, сустрэча з філатэлістам, метадыстам раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Вячаславам Зезюковым…
У летніку створаны ўсе ўмовы. Думаецца, у кожнага, хто адпачываў і адпачывае тут цяпер, застанецца мноства яркіх і пазітыўных эмоцый, новых уражанняў, знаёмстваў.
Занатаваў Мікалай НАВУМЧЫК