Галерэі ў Маладзечне быць. У бібліятэцы

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Маладзечна
...Дыскусія пра культурнае жыццё Маладзечна паўстала нечакана і проста ў дзвярах мясцовага райвыканкама, выходзячы з якога мы з маім сённяшнім спадарожнікам сустрэлі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандра Рамановіча. Аляксандр Грышкевіч загаварыў з ім пра набалелае: пра галерэю, якая, на яго думку, жыццёва неабходная гораду. Бакі пагадзіліся адзін з адным, што такая ўстанова, безумоўна, патрэбная, але пра тое, дзе яна павінна знаходзіцца, меркаванне ў кожнага было сваё. Ды пра гэта пазней…

/i/content/pi/cult/542/11819/10-1.jpgЗ вядомым беларускім мастаком Аляксандрам Грышкевічам, які стала жыве ў Мінску, мы пабывалі ў дзвюх установах культуры Маладзечна — горада, у якім ён нарадзіўся і сталеў. А выбар канкрэтных устаноў быў абумоўлены тым, што сённяшні госць гэтай рубрыкі наведваў іх хлапчуком. Яму было, што прыгадаць, і, як аказалася, ёсць, што параіць.

Сціслая біяграфічная даведка

Аляксандр Грышкевіч з 1977-га па 1981-ы навучаўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Аляксея Глебава, з 1981-га па 1987-ы — у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1996 года Грышкевіч — член Беларускага саюза мастакоў. Адзін з вядучых пейзажыстаў краіны (з вельмі своеасаблівай манерай і беспамылкова пазнавальным почыркам), чые працы — у найлепшых айчынных музеях, у прыватных замежных калекцыях.

Пра карысць вузкай спецыялізацыі

Па вялікім рахунку, акрамя жывапісу з культурных праяў Аляксандра Мікалаевіча цікавяць музыка (ён яе — самую розную — дабірае толькі цяпер, у свае “50+”) і кнігі. Па тыя з іх, якіх у яго не было дома, ён і хадзіў у Цэнтральную раённую бібліятэку ў 1970-я. Але, перш за ўсё, менавіта туды праз тое, што ў будынку знаходзілася студыя малявання, дзе дзецям і дарослым давалі першыя ўрокі выяўленчага мастацтва, а тым, хто ўжо нядрэнна маляваў, дапамагалі развіваць здольнасці да жывапісу. (У бібліятэцы ж, дарэчы, працавала тады і керамічная майстэрня.)

— У студыю я прыйшоў у 1974-м, выкладалі нам, у асноўным, акадэмічны малюнак, і заняткі гэтыя мне былі патрэбныя як падрыхтоўка да паступлення ў “Глебаўку", — прыгадвае Грышкевіч і задумваецца.— Што далі мне тыя тры гады?.. Напэўна, нягледзячы на юны век, тут я канчаткова зразумеў, у якім кірунку хачу рухацца ў будучыні як мастак. Навучыўся разбірацца, што такое добра і дрэнна ў гэтым відзе мастацтва. А бібліятэка, магчыма, дала штуршок, каб пазней я мэтанакіравана збіраў кнігі па мастацтве, філасофіі, мастацкую літаратуру, паэзію.

На думку Грышкевіча, цяперашняя бібліятэка наогул таксама павінна ісці шляхам спецыялізацыі. Як варыянт, упор у асобна ўзятай установе павінен рабіцца на краязнаўчую, гістарычную літаратуру, прысвечаную пэўнаму рэгіёну. Абавязковыя для бібліятэкі і кнігі, выпушчаныя невялікім тыражом: “разумная” літаратура з багатай паліграфіяй, калекцыйныя асобнікі. Дырэктар ЦРБ Наталля ІВАШIНКА падтрымлівае майстра:

— Бібліятэка мусіць не толькі інфармаваць чытача, задавальняючы яго імгненныя запыты, “забаўляць”, калі хочаце, але і навучаць, прапаноўваць адукацыйныя вектары. Такая задача стаяла і стаіць перад намі, а ў будучыні, самай найбліжэйшай, можа паўстаць пытанне яшчэ большай спецыялізацыі, у чым я згодна з Аляксандрам Мікалаевічам. У нас ёсць зала мастацтваў, якая спецыялізуецца канкрэтна на краязнаўстве. Прычым, выкарыстоўваем мы гэта памяшканне і для выставак, і для правядзення музычных мерапрыемстваў, імпрэз, звязаных з кінамастацтвам. У перспектыве ж плануем стварыць цэлы сектар, які распавядае аб Маладзечанскім рэгіёне. Гэта значыць, мы ўжываем самыя розныя формы для папулярызацыі свайго краю праз бібліятэку і, вядома, для прыцягнення ў яе чытачоў.

Асаблівая ўвага “цэнтралка” надае моладзі, завабліваючы яе ў свае сцены такімі шоў, як, напрыклад, “Таццянін баль”. Карыстаюцца попытам сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі Наталляй Батраковай, Тамарай Лісіцкай, Людмілай Рублеўскай, Віктарам Шніпам, Міхасём Казлоўскім і іншымі. Або “брэйн-рынгі”. А па выніках года бібліятэка вызначае ў некалькіх намінацыях найлепшых чытачоў і ўручае ім прызы.

Зрэшты, адзначае Івашiнка, укараненне розных форм, пакліканых дапамагаць бібліятэкам, не павінна ператвараць такія ўстановы ў падабенства цэнтраў культуры, дубляваць іх функцыі. Галоўнае месца павінна адводзіцца друкаваным і электронным выданням. Таму працу, дапусцім, гурткоў і секцый неабходна прывязваць якім-небудзь натуральным чынам да літаратуры.

Наталля Антанiнаўна перыядычна не забывала нагадаць, што ў цяперашні час ва ўстанове вядзецца капітальны рамонт, а таму частка яе фондаў і абанемент, напрыклад, пераведзены ў бібліятэку сямейнага чытання “Верасок”. Амаль год таму на другім паверсе ў ЦРБ абвалілася ферма. У працэсе ліквідацыі аварыі, пасля таго, як быў пастаўлены новы дах, на пачатку года правялі дадатковыя абследаванні і высветлілася: бібліятэцы неабходны капрамонт. Пра тое, калі будынак увядуць у строй, спадарыня Івашiнка казаць не стала, але падкрэсліла, што з фінансаваннем работ праблем няма. А вось што сапраўды размесціцца ў абноўленай ЦРБ, дык гэта карцінная галерэя.

— Верагодна, яна ўвойдзе непасрэдна ў структуру бібліятэкі, — дзеліцца дырэктар. — Карысць ад такога ўзаемапранікнення акажацца ўзаемнай. Па кнігі да нас, мяркую, зазірнуць тыя, хто прыйдзе на нейкую мастацкую выстаўку; у сваю чаргу, наведвальнікаў чытальнай залы зможа зацікавіць тое, што дэманструецца ў галерэі. У ідэале, у ёй будуць праходзіць экскурсіі, запрацуе кіёск з творамі мастакоў.

— Ідэя з карціннай галерэяй ў Маладзечне не новая, — падключаецца да размовы спадар Грышкевіч, — але калі ўсё будзе рэалізавана так, як вы кажаце, мы атрымаем тое, што ўжо маецца ў горадзе — выставачныя залы пры нейкіх установах культуры. А для галерэі патрэбна асаблівыя святло, сцены, памяшканне наогул. Патрэбен штат прафесіяналаў. Гэта павінна быць адна з культурных візітовак горада, пажадана размешчаная ў яго цэнтры. Якой я бачу яе? Галерэя мусіць складацца з трох частак: зала з пастаяннай экспазіцыяй мастакоў-маладзечанцаў, частку якой можна аддаць пад зменныя выстаўкі; сховішча; крамка, што гандлюе не толькі працамі мастакоў, але і вырабамі рамеснікаў, сувенірамі з беларускай тэматыкай.

— Спадзяюся, тое, пра што вы казалі, у галерэі будзе прадугледжана, — заўважае Наталля Антанiнаўна. — Прынамсі, пра названыя рэчы ў мяне была гаворка з праекціроўшчыкамі.

— Ну, тады будзем спадзявацца разам! — усміхаецца мастак. — І ўсё ж асобная галерэя гораду патрэбная! Але і будучая пазітыву дадасць.

У час экскурсіі па бібліятэцы Наталля Івашiнка пазнаёміла нас з ходам працы. Аляксандр Грышкевіч жа паспрабаваў адшукаць той пакой, у якім размяшчалася студыя. Нешта падобнае мы знайшлі...

Пра карысць клоўнаў

…Але не знайшлі шыльду з назвай кінатэатра “Радзіма” на беларускай мове. Называецца ён цяпер так на рускай.

— З двух кінатэатраў, якія былі ў гады майго дзяцінства і юнацтва ў горадзе, галоўным лічыўся гэты. А шыльда на ім да нядаўняга часу была па-беларуску, — паказвае рукой на назву на франтоне Грышкевіч. І адно з першых пытанняў, які ён адрасаваў дырэктару кінатэатра, было з гэтай нагоды.

— Пасля рэканструкцыі, якая прайшла ў нас два гады таму, назву было вырашана зрабіць па-руску, — адказвае Таццяна ДРОЗД, якая ўзначальвае гэту ўстанову ўжо больш за 15 гадоў. Пра тое, чаму яна абрала тую прафесію, якой служыць, дырэктар кажа так: “Я люблю ўвесь той працэс, які звязаны з кінатэатрам. Усё гэта маё: гледачы, якія купляюць білеты ў касе, фае, залы, сам сеанс. Часам нават камяк да горла падступае, калі публіка разыходзіцца, згасае святло, зачыняецца кінатэатр. Часам у вачах з’яўляюцца слёзы, калі па заканчэнні сеансу дзеці раптам пачынаюць апладзіраваць таму свету, у якім яны толькі што пабывалі. І гэтыя апладысменты і на наш адрас”.

Цяпер “Радзіма” — адзіны ў Маладзечна кінатэатр. Калектыў ў ім — дружны, правераны прэм’ерамі і аншлагамі (сярэдні яго ўзрост — каля 40 гадоў). Працуюць тут, як і ў многіх установах культуры краіны, не за зарплату (ад 2 да 3,5 мільёнаў рублёў чыстымі ў месяц), а за ідэю, як той казаў. У кінатэатры тры залы: павышанай камфортнасці, вялікая і 5D-відэазала. Апошні мы з Аляксандрам Мікалаевічам і апрабавалі.

Пытаюся Таццяну Дрозд пра тое, як за 15 гадоў змяніўся глядач:

— Сёння асноўны наш глядач — сямейны: тата, мама, дзеці. Наведваюць і людзі старэйшага веку фільмы кшталту “Батальёна”, “Бітвы за Севастопаль”. Моладзь ходзіць, але не так актыўна. Падманваць не стану: хочацца большай запаўняльнасці залаў. Але гэта праблема, хутчэй, сацыяльная. Людзі настолькі стамляюцца на працы, што ім не хочацца нікуды ісці — ні ў выхадныя, ні пасля працоўнага дня. А калі ў іх узнікае жаданне паглядзець якую-небудзь карціну, то яны, напэўна, абмяжоўваюцца Інтэрнэтам. Але каб адчуць усю прыгажосць сапраўднага кіно — сучаснага, лічбавага, з ідэальнай карцінкай — Сеціва мала.

— А я не памятаю, калі апошнім разам быў у кінатэатры, — прызнаецца Грышкевіч. — Але справа не ў занятасці, а ў тым, што я не кінаман. Ды і сярод сённяшняга кінамастацтва амаль нічога цікавага для сябе не бачу. Дзіцем ж і падлеткам, вядома, у тую ж “Радзіму” хадзіў. Казкі, “Няўлоўныя мсціўцы”, індыйскія стужкі, фільмы пра вайну...

Але не толькі фільмамі вабіў тады кінатэатр юнага Сашу, а яшчэ і афішамі: ён марыў іх маляваць. І тое спраўдзілася! Ужо вучачыся ў інстытуце, годзе ў 1985-м, калі ён знаходзіўся ў Маладзечне на вакацыях, яму прапанавалі часова заняць вакантную пасаду мастака пры кінатэатры, на што Грышкевіч з радасцю і пагадзіўся. Але шчасце было б няпоўным без цяжкасцей. Справа ў тым, што не да ўсіх новых карцін прыкладаліся хаця бы кароткія анатацыі, і тады Аляксандр маляваў афішы, адштурхоўваючыся ад назвы фільмаў. І ў няёмкае становішча праз тое ён ні разу не трапіў!

— Тым не менш, некалькі парад, як, з майго пункту гледжання, прыцягнуць публіку ў кінатэатр, даць гатовы, — працягвае Грышкевіч. — На дзіцячых сеансах можна ладзіць шоу клоўнаў (“Мы праводзілі такія акцыі, — прыпыняе на імгненне Таццяна Дрозд. — А таксама арганізуем сустрэчы з творчымі групамі фільмаў”). Ці зладзіць выстаўку дзіцячага малюнка, прысвечаную якой-небудзь яркай стужыцы, пра Юрскі перыяд, дапусцім. А яшчэ жывапіс здольны дапамагчы кінатэатру з дапамогай білетаў. Чаму б не друкаваць іх эксклюзіўнымі, прыгожымі, каб мелася дачыненне да фільма? Ды яшчэ каб на іх быў сам кінатэатр, віды Маладзечна. Такія білета, упэўнены, многія захочуць пакінуць сабе на памяць (“У нас дзейнічае камп’ютарны продаж білетаў, — зноў бярэ слова Дрозд, — на іх якраз ёсць карцінкі з фільмаў, анатацыі”). Можна запрашаць аркестрык, які б перад сеансам выконваў для публікі джаз, танга, факстрот.

Таццяна Анатольеўна ўважліва выслухала прапановы мастака, заўважыўшы, што падумаць ёсць пра што. Пра “засады” ж у працы ўстановы спадарыня Дрозд сакрэтнічаць з намі не стала, пазначыўшы толькі наступны нюанс:

— Можа, нашаму персаналу не заўжды хапае культуры ў абслугоўванні гледачоў. Але і публіцы, бывае, не стае таго ж у зносінах з персаналам. Гаворка не пра буйныя канфлікты, але непаразуменні здараюцца.

Пра спажыву цялесную і духоўную

Фінальнымі ўражаннямі мы з Аляксандрам Мікалаевічам вырашылі абмяняцца ў адной з мясцовых кавярань, якая прыцягвала надпісам “беларуская кухня”. Нас адразу насцярожыў інтэр’ер установы, які аддаваў тыповай сталоўкай сярэдняй рукі, а разгледзеўшы тое, што нам прапаноўвалася спазнаць, я пераназваў гэтую “забягалаўку” у “кафэ абломаў” (па аналогіі са старэнькай тэлеперадачай “Кафэ Абломаў” з вядучым Арцеміем Троіцкім). У вельмі бедным асартыменце страў беларускімі з іх я прызнаў толькі дранікі, а ў змешчаным тут жа бары — асобныя гатункі алкаголю (каму і ён ежа). З некаторага часу я спакойна стаўлюся да спекуляцыі беларускасцю ва ўсіх галінах, але гэтая маладзечанская кропка грамадскага харчавання перасягнула ў цынізме ўсё астатняе. Ад неадкладнага жадання зірнуць у вочы гаспадару “карчмы”, а таксама запатрабаваць самую “жаласную” кнігу (яна тут павінна быць абавязкова атрутна-чырвонага колеру), мяне спыніла думка, што, напэўна, прадукты, з якіх былі выраблены кампот і іншыя салаты, аказаліся адназначна беларускімі. Аднак нішто не магло перашкодзіць завяршальнаму слову нашага героя:

— Наколькі я памятаю, выстаўкі мастакоў у пачатку-сярэдзіне 1970-х праходзілі ў Маладзечне часцей, чым зараз. З чым гэта звязана? Напэўна, з тым, што ў горадзе сур’ёзна, з прэтэнзіяй, працягваюць займацца жывапісам толькі сапраўдныя фанаты гэтага мастацтва, якія жывуць толькі за кошт яго (сёння яны прадалі карціну, а заўтра, паслязаўтра — не). Але гэта вельмі моцны касцяк: Мікалай Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Уладзімір Тамашэвіч, Васіль Лазоўскі і іншыя. Як мне бачыцца, маладыя сілы не тое каб вычарпаліся, але прыток іх скараціўся. Гэта ў СССР дзяржава клапацілася пра мастакоў рознага ўзроўню, праўда, патрабуючы наўзамен лаяльнасць. Зараз мастак вольны, як вецер, дзяржава ад яго нічога не патрабуе, а таму, калі і клапоціцца, то вельмі кропкава. Таму ў сучасным выяўленчым мастацтве застаюцца людзі “ўколатыя” ім, прычым — адначасова прабіўныя. Але я па-ранейшаму лічу, што Маладзечна можна назваць горадам мастакоў. І музыкантаў, калі паблізу знаходзіцца радавы маёнтак Агінскіх, ёсць легендарны музычны каледж, праходзіць фестываль беларускай песні і паэзіі. І Маладзечанскі край я б назваў, натуральна, краем паэзіі, памятаючы пра тое, дзе нарадзіўся Янка Купала, што тут, хоць і нядоўга, жыў Максім Багдановіч.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"