Як паведаміла “К” вядучы метадыст названай установы Алена Цішкевіч, паводле задумы “Купальскі пояс” будзе ўключаць у сябе традыцыйныя матывы арнаментаў паясоў кожнага з 21-го раёна Магілёўскай вобласці. Так што, як вынікае, пояс абяцае стаць самым доўгім не толькі на Магілёўшчыне, але і на ўсёй Беларусі, бо яго робяць і будуць працягваць рабіць, лічы, усім светам….
Да прыкладу, па словах Алены Цішкевіч, на дзень здачы нумара ў друк, 1 ліпеня, майстры па ткацтве ўжо стварылі пояс у 30 метраў, а на свята ў Александрыю паедзе твор даўжынёй ужо ў 50 метраў! Прычым, паўтарымся, як мяркуюць спецыялісты, гэта яшчэ не канец!
Справа ў тым, што на свяце “Купалле”, якое штогод ладзіцца ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, кожны госць атрымае магчымасць сам паўдзельнічаць у ткацтве гэтага ўнікальнага пояса, а таксама, з дапамогай мясцовых майстроў, паспрабуе самастойна авалодаць сакрэтамі старадаўняга рамяства. Плануецца, што з кожным годам пад час “Купалля” ў Александрыі пояс будзе рабіцца даўжэйшым... Кожнаму, хто хоча паўзірацца ў гэты цуд беларускіх майстроў ды паспрабаваць свае сілы ў працы на кроснах, супрацоўнікі ўстановы культуры раяць абавязкова прыехаць на свята…