Століншчына, Астравеччына, Іўеўшчына, Слаўгарадчына...

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

На людным месцы: аглядавая пляцоўка

/i/content/pi/cult/539/11766/10-2.jpgСтоліншчына / “Жывапiс — гэта...”

Выстаўка жывапісу “Я нарадзіўся тут” маладога мастака, ураджэнца Століна Сяргея Місюна дэманструецца ў выставачнай зале райцэнтра.

Вернісаж праходзіў напярэдадні дня нараджэння аўтара, таму на выстаўцы — 33 работы (па колькасці пражытых гадоў). Творы выкананы ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа, авангарднага стылю. Падтрымаць аўтара ў радасную хвіліну прыйшлі яго родныя, сябры, работнікі ўстаноў культуры, жыхары раённага цэнтра.

Загадчык выставачнай залы Валерыя Лахадынава азнаёміла прысутных з біяграфіяй мастака, звярнула ўвагу на гісторыю напісання пэўных твораў. Сяргей з чатырохгадовага ўзросту стаў праяўляць творчыя задаткі. У чацвёртым класе хлопчыка аддалі ў Столінскую школу мастацтваў, дзе пад кіраўніцтвам выкладчыка Ганны Дабрынец ён развіваў свае здольнасці. Першыя работы алеем на палатне з’явіліся ў 18-гадовым узросце, калі хлопец вучыўся ў Мінскім дзяржаўным мастацкім вучылішчы імя Аляксея Глебава. Падчас вучобы быў удастоены стыпендыі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Скончыў Сяргей і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

З 2005 года ён працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва ў Рэчыцкай дзіцячай школе мастацтваў, прычым у яго ўжо ёсць прадаўжальнікі: двое з выхаванцаў — сённяшнія студэнты Акадэміі мастацтваў.

Сяргей Місюн — лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”, з 2006 года ўваходзіць у склад міжнароднай грамадскай арганізацыі “Сонечны квадрат”, удзельнік шматлікіх творчых пленэраў аўтар шэрагу персанальных выставак, якія адбыліся ў Століне, Брэсце, Віцебску, Мінску. З 2010 года ў Століне дзейнічае яго ўласная мастацкая галерэя.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара


Астравеччына / Грошы? Не, карціна!

На мерапрыемства “Кветкі — усмешка прыроды” супрацоўнікі Астравецкай дзіцячай бібліятэкі запрасілі дзяцей прышкольных лагераў гімназіі №1 і Гудагайскай сярэдняй школы.

Вядучая-бібліятэкар чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі Тамара Кісель расказала дзецям легенды пра кветкі, пазнаёміла іх з тымі раслінамі, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку — пра Венерын чаравічак, які сустракаецца каля Сарачанскіх азёр, што ў Астарвецкім раёне.

Дзяцей зацікавілі выстаўкі, аформленыя ў чытальнай зале: кніг і перыядычных выданняў, малюнкаў, зробленых дзецьмі. Выстаўка рэпрадукцый нацюрмортаў беларускіх мастакоў была дапоўнена рукачыннымі карцінамі чытачоў бібліятэкі: вышыванкай “Лугавыя кветкі”, абрусам і кампазіцыямі са штучных кветак. Экспанатам выстаўкі з’яўлялася таксама і… грашовая купюра наміналам у адну тысячу рублёў, на якой ўзноўлены кветкавы нацюрморт беларускага мастака Івана Хруцкага.

Дзеці прынялі ўдзел у віктарыне “Назаві кветкі на ілюстрацыях”, разгадалі красворд “Кветкі для мамы”, пазнаёміліся з кветкавым жа гараскопам.

Святлана ЯЛОЎСКАЯ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі


Іўеўшчына / Неба — адзінае

20 чэрвеня ў шматканфесійным Іўі на Гродзеншчыне ладзілі свята горада “Пад адзіным небам”.

Пад час яго адбылося адкрыццё гістарычнай дошкі “Арыянская школа”, урачыстае ўшанаванне ганаровых жыхароў. Працавала і святочная пляцоўка “Сабантуй”. З канцэртамі выступілі творчыя калектывы з літоўскага горада Кайшадорыс, ансамблі з Мінска, Гродна, а таксама з Астравецкага, Смаргонскага, Воранаўскага раёнаў нашай вобласці.

Працавала вуліца рамёстваў “Непаўторныя фарбы роднай зямлі”, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, фальклорна-гульнёвыя падворкі і гандлёвыя рады.

На пачатку ж дзеі адбылося святочнае шэсце вернікаў да памятнага знака “У гонар дружбы і згоды канфесій” горада Іўе”. У свяце прынялі ўдзел дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў — з Кайшадорыса і Азнакаева (Рэспубліка Татарстан, Расія).

 

Слаўгарадчына / Прыпеўкі з 18 раёнаў

20 чэрвеня ў Слаўгарадзе на Магілеўшчыне прайшло Абласное свята “Народная прыпеўка-2015”. Арганізатарам яго выступіў Раённы выканаўчы камітэт, а профільную дапамогу ажыццяўляў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Мэта мерапрыемства — развіццё і папулярызацыя народнай культуры: прыпеўкі, традыцыйнай ігры на гармоні, а таксама — пошук таленавітых выканаўцаў і калектываў, павышэнне іх мастацкага ўзроўню. Для гэтага падчас свята прайшоў конкурс па трох намінацыях: “Прыпевачнікі”, “Гарманісты”, “Гурты і ансамблі”. Выступілі прадстаўнікі 18 раёнаў вобласці.

Імправізаваныя сялянскія падворкі працавалі на пляцоўцы “Аграгарадок запрашае на свята”, ладзіліся выстаўкі творчых работ устаноў адукацыі, культуры, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а “Горад майстроў” запрашаў гасцей свята на выстаўку-кірмаш вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Дыпломам першай ступені ў намінацыі “Гурты і ансамблі” быў узнагароджаны народны ансамбль народнай песні “Прыпеўка” Мяжысецкага сельскага Дома культуры, а прадстаўнік жа ўстановы Юрый Падольскі стаў лідарам у катэгорыі “Прыпевачнікі”. У намінацыі ж “Гарманісты” аналагічную адзнаку атрымаў Пётр Кудравец, загадчык Алешкавіцкага сельскага клуба Бялыніцкага раёна.

Свята завяршылася заключным гала-канцэртам пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу, а таксама канцэртам гасцей — Заслужанага ансамбля Рэспублікі Беларусь “Неруш”.

Ганна ТУЗЯНКОВА, вядучы рэдактар Абласнога  метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы