“Мы былі моцныя духам...”

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Партызанская адысея Леаніда Дробава
Хто стане спрачацца, што адносіны да мінулага сваёй краіны — паказчык маральнага здароўя нацыі. Мінулае — гэта сваеасаблівае багацце, якое пераходзіць да нашчадкаў як спадчына. Гісторыя нашай Беларусі поўная мноства радасных, гераічных, але і трагічных старонак, ні адну з якіх не выкрэсліш з народнай памяці. Нам так патрэбна не адмаўляцца ад нашай гісторыі, а ганарыцца ёю, вывучаць яе і, галоўнае, памятаць пра тых, хто яе ствараў, рызыкуючы жыццём.

/i/content/pi/cult/539/11752/15-1.jpgПерамога ў Вялікай Айчыннай — асаблівы час для нашай краіны. Перажытыя ў той вайне нягоды, страты, праяўлены народам патрыятычны парыў адгукнуліся на ўсіх пасляваенных пакаленнях. І сёння, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі і 71-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, мы зноў у думках вяртаемся да далёкіх ваенных часоў, калі фашызм пагражаў чалавецтву. Галоўны ўрок Перамогі: мір трэба захоўваць, і Хатыні, Трасцянцы, Азарычы, Дальвы не павінны паўтарыцца. Разумею, што гучыць тое мо і банальна, бо гэтыя трагічныя назвы даўно ва ўсіх на слыху, але, тым не менш, паўтараць такія сентэнцыі не стамлюся. Бо баюся, што не ўся сучасная моладзь у курсе...

Герой майго эсэ вельмі цаніў паэзію Аляксандра Твардоўскага. Аднойчы, паказваючы ў сваёй майстэрні карціну “Жыццё працягваецца”, ён прачытаў мне такія радкі паэта:

Прошла война, прошла страда,

Но боль взывает к людям:

Давайте, люди, никогда

Об этом не забудем.

Пусть память верную о ней

Хранят, об этой муке,

И дети нынешних детей,

И наших внуков внуки...

Тады я не вельмі прасякнуўся шчымлівымі радкамі. Верш як верш, добры… Але потым, ужо пасля смерці майго героя, прыгадаў тую даўнюю сустрэчу ў майстэрні на вуліцы Савецкай, непадалёк ад Дома ўрада, задумаўся...

Зігмунд Фрэйд некалі казаў, што чалавеку ўласціва хутка забываць усё благое і доўга памятаць пераважна добрае. Але, на маю думку, вялікі філосаф-псіхіятр забыўся дадаць, што благое і добрае ўспрымаюцца людзьмі па-рознаму і нават могуць увогуле мяняцца сваімі месцамі: што для аднаго будзе добра, іншаму — блага, і наадварот. Так адбываецца і зараз, напярэдні святаў у гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Здавалася б, усё зразумела: гісторыя нашай Радзімы эпохі Вялікай Айчыннай вайны стала ўжо як бы аб’ектыўнай рэальнасцю, дзе ў сваёй аснове нічога нельга ні адняць, ні дадаць. Але і цяпер у грамадстве ацэнкі падзей апошняй сусветнай вайны ў нейкай ступені палярызаваліся. Я не раз пісаў пра гэта і зараз не стану паўтарацца.

І вось ужо пра партызанскую вайну ў Беларусі як пра нацыянальна-вызваленчую нібыта і размовы быць не можа (сведчаць некаторыя матэрыялы з Сеціва)... Як, маўляў, можна думаць, што беларусы, — гэты талерантны народ, — ды раптам сталі аказваць узброенае супраціўленне гітлераўскай ваеннай машыне, перад якой у 1941-м аж да самай Масквы з цяжкімі стратамі адступала рэгулярная Чырвоная армія. Ды такое супраціўленне, у выніку якога было вызвалена ад ворага каля шасцідзесяці працэнтаў тэрыторыі Беларусі і за якое наша рэспубліка была ўведзена ў склад краін-заснавальніц ААН!

Так яно ў сапраўднасці і было. Таго не адмаўляюць, зрэшты, і савецкая, і постсавецкая гістарыяграфія.

Пра тлумачэнне ж таго, чаму я раблю менавіта такі ўступ да эсэ пра мастака і мастацтвазнаўцу Леаніда Дробава — героя майго новага аповеду, — чытайце ў самім артыкуле.

Беларускі народ выставіў супраць фашысцкіх захопнікаў трохсотшасцідзесяцітысячную партызанскую армію, якая трымала пад сваім кантролем амаль што ўсе тылы і тылавыя службы акупантаў. І ўтварылася тая армія ў сваім канчатковым “абліччы” пераважна ў сярэдзіне ваенных гадоў. Утварылася зусім не пад “испытанным руководством партии большевиков”, а пераважна знізу, стыхійна, як, можа, неўсвядомлены яшчэ добра пратэст беларускага народа супраць спробы знявагі яго годнасці.

Афіцыйныя спробы арганізацыі партызанскага руху на захопленых тэрыторыях рабіліся па ініцыятыве самога Сталіна яшчэ ў сорак першым, але яны тады мала да чаго прывялі. Вось што пра гэта напісана, напрыклад, у выдадзенай у Мінску ў 1983 годзе кнізе “Партызанскія фарміраванні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”: “Аднак не ўсе створаныя на пачатку вайны атрады і групы змаглі выканаць сваю задачу. Частка з іх не здолела замацавацца на акупаванай тэрыторыі і адышла разам з войскамі Чырвонай арміі, іншыя былі рассеяны пры пераходзе лініі фронту альбо ў першых баях, і звестак пра лёс большасці з іх у архіўных матэрыялах не знойдзена”.

І толькі пасля, у 1943-м, беларускі партызанскі рух быў узяты пад апеку Цэнтральнага штаба партызанскага руху, які размяшчаўся ў Маскве. Менавіта тады быў уведзены інстытут камісараў, даўно зліквідаваны ў рэгулярнай арміі, спрабавалі нават завесці сумна вядомыя асобыя аддзелы. Пры тым, што партызан доўгі час дрэнна забяспечвалі з “Вялікай зямлі” зброяй, боепрыпасамі і медыкаментамі. Пра гэта згадвалі партызаны-ветэраны, з якімі мне даводзілася ў розны час сустракацца: Валянцін Тарас, Мікалай Гуціеў, Віктар Грамыка, Сяргей Раманаў, Іван Стасевіч, Аляксандр Мазалёў, Мікалай Абрыньба, а таксама мой цесць Аляксей Крушынскі, — колішні аршанскі падпольшчык, потым начальнік штаба атрада імя Варашылава партызанскай брыгады Канстанціна Заслонава.

А вось што распавядаў былы начальнік штаба 2-й Заслонаўскай партызанскай брыгады Мікалай Крукоўскі, які стаў пасля вайны прафесарам, доктарам філасофскіх навук: “Нас, заслонаўцаў, забяспечвалі з Цэнтра вельмі дрэнна. Да 1943 года, калі імклівы наступ фашыстаў так ці інакш, але быў прыпынены, гэта можна было б рабіць у больш значных памерах, разумеючы стратэгічную важнасць наяўнасці такой вялікай і адборнай арміі (у партызаны ж ішоў не кожны) у тыле ворага. Але тое не рабілася. Вось і даводзілася супрацьстаяць узброенаму да зубоў праціўніку з іржавымі вінтоўкамі, знойдзенымі на месцах баёў, ды кулямётамі ДТ, знятымі з кінутых савецкіх танкаў, зрэшты, зусім нядрэннымі. Хранічна не хапала патронаў, а тол даводзілася часта выплаўляць на кастры са 152-міліметровых снарадаў, рызыкуючы ўласным жыццём. І гэта пры наладжанай радыёсувязі і магчымасці дастаўкі патрэбных нам грузаў з дапамогай славутых “кукурузнікаў” з наступным скідваннем тых грузаў на парашутах! Тое часам рабілася. Але ж вельмі рэдка. Таму ў баі нам было нялёгка: немец, заклаўшы ў свой знакаміты МГ-34 даўжэзную стужку на 250 патронаў, літаральна засыпаў нас рознакаляровымі ланцужкамі трасіруючых, ды яшчэ часам і разрыўных, куль, кожная з якіх несла пакутлівую смерць. Нам заставалася толькі злосна агрызацца кароткімі чэргамі ды бабаханнем паасобных вінтовачных стрэлаў…

Вялікія праблемы былі з параненымі, якіх патрабавалася хутка дастаўляць у савецкі тыл. А сваіх лекаў, акрамя, можа, рыванолу і чырвонага стрэптацыду, амаль не было. Калі ж у 1944-м пачаўся тыф, то становішча стала зусім крытычным. Хворых на яго, згодна з загадам з Цэнтра, на “Вялікую зямлю” не бралі ўвогуле, і ўсе няшчасныя пагалоўна загінулі ў час вядомай страшнай блакады каля возера Палік… Але, нягледзячы ні на што, мы былі моцнымі духам. Гэта давала нам магчымасць супрацьстаяць магутнай, прафесійна дасканалай і адладжанай гітлераўскай ваеннай машыне. Не дзіва, што і варожае камандаванне нас вельмі баялася, называючы “бандытамі”. І пры выпадку расстрэльвалі партызан і вешалі іх пасля нялюдскіх катаванняў, зразумела, без суда і следства. Таму жывымі трапляць ворагу ў рукі вельмі не хацелася. Урэшце, як і ім трапіць да нас…”

Сёння я распавяду пра партызана Леаніда Дробава, якому наканавана было потым стаць вядомым гісторыкам беларускага мастацтва і жывапісцам, прафесарам, доктарам мастацтвазнаўства, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Пра сваю радню і пра “сваю вайну” ён паспеў напісаць некалькі дзясяткаў старонак, якія пры яго жыцці мала хто прачытаў. Зараз, калі прайшло трынаццаць гадоў пасля яго смерці, сын Дробава — Канстанцін Леанідавіч, вядомы фотакарэспандэнт, — ласкава дазволіў мне пазнаёміцца з рукапісам успамінаў свайго бацькі пра тое, што адбывалася з ім у час вайны, пра яго ўдзел у баявых дзеяннях атрада №752 I-й Бабруйскай партызанскай брыгады, якой тады камандаваў славуты Віктар Лівенцаў — будучы Герой Савецкага Саюза.

Леаніда Міканоравіча Дробава я ведаў добра як адоранага мастацтвазнаўцу, руплівага даследчыка беларускага жывапісу XIX — першай паловы XX стст., аўтара шэрагу манаграфій і артыкулаў у шасцітомнай “Гісторыі беларускага мастацтва”. І — як жывапісца. Канешне, у апошняй галіне да ягоных інстытуцкіх настаўнікаў — мастакоў Івана Ахрэмчыка, Аляксандра Мазалёва, Пятра Крахалёва — яму не дацягнуцца, але рабіў сваю творчую справу сумленна, як таго патрабавала душа. Па вялікім рахунку, прафесія гісторыка мастацтваў, якой ён прысвяціў большую частку жыцця, пераважыла над жывапісам, які заставаўся як бы на другім плане.

Тым не менш Дробаў натхнёна маляваў фігуратыўныя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты. Можна згадаць такія палотны, як “Камбед”, “Партызанская кухня”, “Успаміны аб юнацтве”, “Прэлюдыя”, “Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў”. Але, мне здаецца, што лепш за ўсё ў яго атрымліваліся лірычныя пейзажы. “Я — рэаліст”, — сцвярждаў Леанід Міканоравіч. — Можна нават сказаць: пішу Беларусь у карцінах прыроды. Мне хочацца перадаць прыроду праз “момант”, і я спрабую гэта рабіць”. Сціпла, дабротна, кажучы прасцей, па поклічы шчырага сэрца.

Леанід Дробаў быў удзячны сваёй “малой Радзіме”, якая дала яму шлях у жыццё, і паклапаціўся аб тым, каб яго творы трапілі туды. Ён перадаў сто дваццаць уласных работ у Карцінную галерэю ў гарадскім пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне, якая з 2002-га носіць яго імя.

Мала каму вядома, што Дробаў пісаў вершы, ляпіў рэльефы для надмагільных помнікаў родным маці і бацькі, а таксама сваіх партызанскіх сяброў. Сын Канстанцін расказваў, што ў час свайго баявога юнацтва, бацька, па меры магчымасцей, вёў падрабязны дзённік. Але перад злучэннем партызанскай брыгады з дзеючай Чырвонай арміяй, яму загадалі спаліць яго. Мабыць, запісаў ён у ім штосьці такое, чаго нельга было на той час афіцыйна “агучваць”. Праўда, выпадкова засталіся тры ці чатыры старонкі з тых нататак.

Праз 60 гадоў Леанід Дробаў зноў звярнуўся да юнацкіх ўспамінаў, якія не давалі яму спакою нават па начах. У выніку атрымаўся рукапіс, дзе крок за крокам аўтар вяртаўся ў мінулае, каб зноў перажыць і шчаслівыя, і пранізліва шчымлівыя моманты сваёй няпростай біяграфіі. Рукапіс назваў “Шляхамі жыцця. Успаміны былога партызана”. На першай старонцы стаіць год заканчэння — 2002-гі...

Так, мы часта сустракаліся не толькі на ніве мастацтвазнаўчай прафесіі, але і як добрыя сябры, суседзі па доме. Аднак пра сваё баявое юнацтва ён распавядаў вельмі сцісла, ды тады я асабліва і не цікавіўся названым перыядам. І пра свой рукапіс ён нічога не гаварыў. Мы былі не настолькі блізкімі сябрамі, каб уваходзіць адзін адному ў душу. Усе нашы размовы і дыскусіі праходзілі, у асноўным, у рамках тэматыкі культуралогіі наогул і выяўленчай культуры ў прыватнасці.

Прайшлі гады і, як казаў паэт, “вялікае бачыцца на адлегласці”, асабліва тады, калі мы, адзначаючы юбілеі Перамогі, прыгадваем тых, хто мужна змагаўся за родную зямлю, але не дажыў да дня сённяшняга.

З аўтабіяграфіі Леаніда Дробава: “Маё жыццё ў мастацтве пачалося, відаць, з самага маленства, калі выпадак звёў мяне з прафесійным мастаком і іканапісцам Маркам Шылавым, маім родным дзедам па матчынай лініі. У пачатку 1930-х ён прыехаў да нас у вёску Бубнаўка, што непадалёк ад Рудабелкі, якая потым стала называцца гарадскім пасёлкам Акцябрскі Гомельскай вобласці. У Бубнаўцы настаўнікам і загадчыкам пачатковай школы працаваў мой бацька — Дробаў Міканор Іванавіч. Сям’я наша з шасці чалавек жыла непадалёк у сялянскай хаце. А дзядуля Марк да гэтага служыў святаром у вёсцы Гадзілавічы Рагачоўскага раёна (недалёка ад Мазыра). Папом ён стаў пасля таго, як скончыў Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу і захапіўся маляваннем ікон. Паступова ён так зацікавіўся рэлігіяй, што пастрыгся ў манахі і стаў святаром...”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"