Летапісец партызанскай эпапеі

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Графіка і ўспаміны пра вайну мастака Сяргея Раманава
...Часта мастаку-партызану даводзілася ўдзельнічаць у баявых аперацыях. Гэта і разведка, і прарыў блакады, засады, знішчэнне варожых гарнізонаў і здраднікаў-паліцаяў, дыверсіі на чыгуначных участках Быхаў — Жлобін, Жлобін — Бабруйск. Раманаў успамінаў той факт, што толькі за два веснавыя месяцы 1943-га партызаны пусцілі пад адхон 32 эшалоны ворага, падарвалі і пашкодзілі 7 мастоў, больш за 40 аўтамашын, разграмілі дзясятак варожых апорных пунктаў. А ў час аперацыі “Рэйкавая вайна” падарвалі 140 рэек, разбурылі стрэлачныя пераводы і пашкодзілі раз’езд Амельня, а пазней, вобразна кажучы, пусцілі ў "тартарары" яшчэ больш за тысячу рэек. І ва ўсіх такіх аперацыях прымаў удзел партызан Сяргей Раманаў. А калі выдаваліся кароткія прывалы ці невялікія перапынкі паміж баямі, ён браў альбом і спешна фіксаваў у ім свае ўражанні, назіранні.

/i/content/pi/cult/535/11639/15-1.jpg

(Працяг. Пачатак у № 21.)

І няхай не ўсё атрымлівалася так, як хацелася мастаку: асобным малюнкам мо не хапала завершанасці, графічнай выразнасці, унутранай напружанасці, але ў тых умовах гэта было справай другаснай. Тым не менш, у большасці шматфігурных малюнкаў і накідаў усё роўна адчувалася добрая прафесійная падрыхтоўка, уменне цікава пабудаваць кампазіцыю, адшукаць характэрны, выразны сюжэт альбо павярнуць тэму ў нечаканае русла. Так, вострай назіральнасцю, лаканізмам, жыццёвай праўдай вылучаліся алоўкавыя замалёўкі “У дарозе”, “Рэйкавая вайна”, “У партызанскай зямлянцы”, “Атрад збіраецца па трывозе”, “Партызанскі адпачынак”, “Партызанка А.Н. Захарава”, “Партызан Пётр Часнаеў”, “Інфармацыя палітрука”, “Эшалон”, “Маці партызана”, “Разведка”, “Вяртанне з трафеямі”. Усе яны прасякнуты цёплым чалавечым пачуццём і непасрэднасцю аўтарскага перажывання падзей.

Вельмі дынамічны малюнак каляровымі алоўкамі “Бой у гарнізоне “Рэкта”. Мастак зноў скарыстаў сваю ўпадабаную дыяганальную кампазіцыю. Буйным планам пададзены фігуры бягучых наперавес са зброяй партызан. Іхнія сілуэты добра вылучаюцца ў прасторавай перспектыве на фоне палаючага неба. Зрынуты фашысцкі гарнізон паўстае вобразным сімвалам чарговай перамогі партызан над акупантамі.

А вось іншы малюнак — “Прывялі “языка”. Шчыльным колам абступілі палоннага немца народныя мсціўцы. Іх позіркі “скрыжаваліся” на перапалоханым твары ворага. Мастак наўмысна адсоўвае немца на задні план кампазіцыі, надаючы гэтаму вобразу нейкія сатырычна-агідныя рысы. І ў той жа час з любоўю ён перадае на паперы вобразы партызан, розных па характарах і тэмпераментах, гатовых змагацца да канца дзеля перамогі. Удалы фон: моцнай, недаступнай барыкадай за спіной у партызан паўстае дрымучы лес. “Малюнак гэты рабіўся такім чынам, — гаварыў Сяргей Рыгоравіч. — Спачатку накідвалася схема задуманай кампазіцыі, потым яна лёгка накладалася на адпаведны фармат. Выбраўшы неабходную натуру, я ўводзіў на паперу канкрэтныя персанажы. Пазіравалі партызаны з вялікім задавальненнем. Усе яны намаляваны з партрэтным падабенствам, інакш нельга было. У левым куце намаляваў сябе ў кепцы, з цыгаркай у зубах, з альбомам і алоўкам у руцэ”.

І яшчэ натурны малюнак — “Партызаны на лекцыі”. У перапынку паміж баямі на палянцы ў лесе прыселі байцы, каб падвесці вынікі нядаўніх баявых аперацый і паслухаць апошнія франтавыя навіны. У руках партызан вінтоўкі, трафейныя аўтаматы. Быццам бы нічога асаблівага, але гэта — рэальныя будні людзей, якім заўтра трэба будзе ісці ў бой — можа, на подзвіг, можа, на смерць…

Ці вось малюнак тушшу — “Застава”. На заснежанай лясной дарозе — двое партызан у трывожным чаканні ворага. Удалечыні паказваюцца “свае”, і адзін з партызан ў якасці пароля ўздымае над галавой вінтоўку. Моцны малюнак, таленавітае выкарыстанне танальных суадносін дапамагаюць мастаку ў распрацоўцы, на першы погляд, звычайнага, але ў той жа час складанага эпізоду. Так бы мовіць, сюжэт тут толькі ўгадваецца, асноўныя падзеі адбываюцца па-за рамкамі кампазіцыі.

Цікавыя партрэтныя малюнкі баявых сяброў. Раманаў пераканаўча раскрывае іх характары, акцэнтуе ўвагу на індывідуальных рысах герояў. Скажам, у партрэце камандзіра аддзялення Максімава мастак асаблівую ўвагу надае ўсё ж знешняму падабенству “мадэлі”, але ў малюнку “Адпачынак разведчыка” — унутранаму псіхалагічнаму стану байца Яўгена Вярбіцкага, які толькі што вярнуўся ў партызанскі лагер з задання і прысеў на хвіліначку, каб пазнаёміцца з чарговай зводкай з фронта.

Наогул кажучы, у графічным партрэце Раманаў адчуваў сябе вельмі ўтульна. Забягаючы наперад, скажу, што партрэтныя вобразы Міная Шмырова (Бацькі Міная) і Канстанціна Заслонава, а таксама камандзіра 101-й партызанскай брыгады імя Аляксандра Неўскага Дзмітрыя Гуляева перад разгромам варожага гарнізона у м. Любань, якія былі створаны пасля вайны, і сёння, на мой погляд, з’яўляюцца лепшымі ў графічным мастацтве Беларусі.

Асабліва асабіста мяне прыцягвае ліст “К.С. Заслонаў у дэпо ст. Орша”, дзе вельмі лаканічна і пераканаўча прадстаўлены вобраз моцнага духам чалавека, які ў любы момант гатовы ўступіць у паядынак з ворагам. Выразны твар, — нібы задуменны, строгі погляд вачэй: усё гаворыць аб тым, што абставіны на чыгунцы трывожныя, а наперадзе — складаныя баявыя справы. На фоне нямецкага ваеннага эшалона мітусяцца салдаты абвера. Яны — другараднае звяно кампазіцыі. Буйным планам падаецца менавіта Заслонаў. Ён пільна назірае за ўсім, што робіцца на станцыі. Рукі засунуты ў кішэні, і гэтая дэталь яшчэ больш падкрэслівае мужны і валявы характар падпольшчыка. Ліст выдатна закампанаваны, і ў ім усё прадумана да дробязей. Нават скруткі калючага дроту на пярэднім плане нясуць пэўную функцыянальную нагрузку. Словам, работа вельмі ўдалая.

…Унікальнай з’явай у некаторых партызанскіх атрадах і брыгадах Беларусі былі выстаўкі твораў мастакоў-партызан. Яны наладжваліся ў зямлянках і часам непасрэдна ў лесе, на пленэры, дзе экспазіцыйнай плошчай з’яўляліся дрэвы, да якіх прамацоўваліся малюнкі, накіды, і аловачныя ці акварэльныя партрэты лепшых байцоў і камандзіраў. Сярод партызан такія выстаўкі карысталіся асаблівым поспехам: многія на малюнках пазнавалі сябе, а таксама баявых сяброў. З задавальненнем успрымаліся выкананыя плакаты, шаржы на аднапалчан, карыкатуры на фашыстаў і іхніх прыспешнікаў.

Так, да другой гадавіны стварэння 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады ў Клічаўскім лесе была наладжана персанальная выстаўка твораў Сяргея Раманава. Вось як пра гэта ўспамінаў мастак: “У той перыяд я ўжо меў вялікі стос усемагчымых малюнкаў, карыкатур, шаржаў, накідаў. Дык вось, камісар атрада Мальцаў прапанаваў мне наладзіць выстаўку маіх работ. Паўстала пытанне: дзе і як? Пра памяшканне нельга было і думаць, не было каму і з чаго зрабіць экспазіцыйныя шчыты. І вось выйсце знойдзена: я нарэзаў галінак, парасшчэпліваў іх з аднаго канца і ўставіў малюнкі. Далей экспанаты неяк прымацоўваліся да галінак дрэў, і экспазіцыя мела дзіўны, цікавы выгляд. Ад подыху лёгкага ветрыку яна калыхалася, а ўсюды тоўпіліся ўзброеныя людзі — гледачы маёй выстаўкі”.

Пра тое, як ствараўся вельмі папулярны партызанскі часопіс у 258-м камсамольска-маладзёжным атрадзе 8-й Рагачоўскай брыгады, Сяргей Рыгоравіч успамінаў так. “Здарылася гэта восенню 1943-га. Наш узвод вярнуўся з баявой аперацыі, дзе ў раёне Быхаўскага лесу мы разграмілі адзін з варожых апорных пунктаў і пашкодзілі мост. Стомленыя і галодныя прыйшлі пад вечар у распалажэнне лагера. Не паспеў я як след адпачыць і прагнаць голад, як мяне выклікалі ў зямлянку камісара брыгады Васіля Уладзіміравіча Паўлава. Там ужо сабраліся камандзіры некаторых іншых атрадаў, у тым ліку 258-га, 255-га і 265-га, і палітработнікі. У памяшканні стаяў густы дым ад самасада.

Першым стаў гаварыць Мальцаў: “Справа вось у чым, таварышы партызаны. Нам патрэбна выпусціць свой часопіс. Каб нашы баявыя аперацыі і наш партызанскі быт былі праўдзіва адлюстраваны не толькі ў баявых лістках, але і ў мастацкай форме. Для гэтага сілы ў нас ёсць (ён кіўнуў позірк у мой бок). Адзін таварыш Раманаў чаго варты! Знойдзем паэтаў і празаікаў…” Потым ён са сваёй сумкі выцягнуў тоўсты сшытак і сказаў: “Вось такія часопісы я бачыў у іншых атрадах. І гэта выглядае вельмі цікава. Гэта трэба перш за ўсё для гісторыі. Мы павінны ў творчай форме пакінуць пра сябе, пра наша баявое жыццё славу, а таксама апавед і пра наш нялёгкі партызанскі быт, каб паказаць, што мы не толькі можам добра ваяваць са зброяй у руках, але і займацца “дапаможнай гаспадаркай” у лясных умовах". Я сказаў, што трэба неяк аформіць вокладку, каб знешне часопіс, а таксама яго напаўненне мелі самавіты вобраз. “А гэта ты думай, ты — мастак...” — “Было б добра вокладку абцягнуць нейкім матэрыялам, напрыклад, чырвоным кумачом”, — прапанаваў я. Тут жа прынеслі кавалак чырвонага матэрыяла. “Што яшчэ трэба для гэтага?” Я адказаў: жменю мукі для клейстэра, і потым добра было б наклеіць нейкую карцінку адпаведнай тэматыкі... І тут адзін партызан падказаў мне, што ў адной дзяўчыны — Марусі з 265-га атрада, ён бачыў каляровую паштоўку. Я спытаў: “А што там? Мабыць, ружы і лебедзі?” “Не, — адказаў ён. — Там коні”.

І вось прыйшла гэта дзяўчына з карабінам за плячамі і прынесла паштоўку, каляровую, з рэпрадукцыяй вядомай карціны Мітрафана Грэкава “Трубачы Першай Коннай арміі”. І яна, сапраўды, прыгожа звязалася з чырвоным фонам і сімвалічна скампанавала ў адно цэлае два гістарычныя перыяды нашай Радзімы...

Пісаць назву на вокладцы я не параіў, бо не было проста чым. І наклейваць нічога не сталі, бо гэта сапсавала б ўражанне ад вокладкі. А назву часопіса мы перанеслі на тытульны ліст. Канешне, часопіс ствараўся не адразу.

Пасля нарады камсорг Крэйтман абышоў усе аддзяленні і абвясціў наша рашэнне выпусціць такі часопіс. Сказаў, што мы чакаем вершаў, апавяданняў пра нашу баявую дзейнасць і наш быт. Праз нейкі час камсоргу пачалі прыносіць матэрыялы. Знайшоўся і шрыфтавік, які пісаў тэксты. Я папярэдне знаёміўся з матэрыяламі і ўказваў, дзе трэба пакінуць месца для малюнкаў. І праца закіпела..."

(Заканчэнне артыкула Барыса Крэпака чытайце ў наступных нумарах "К".)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"