Застацца ў серыяле акцёрам

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Віктар МАНАЕЎ, народны артыст Беларусі
Пад час майстар-класа па спецыфіцы працы акцёра тэатра на экране, які зладзіла творчая майстэрня “Тэрыторыя кіно”, мне давялося даць адказы на некалькі пытанняў. Мяркую, не стане лішнім тое, што цікавіла наведвальнікаў сустрэчы, агучыць і праз старонкі газеты “Культура”. Мо камусьці гэтыя думкі пададуцца патрэбнымі, прынамсі, у спасціжэнні акцёрскай прафесіі.

/i/content/pi/cult/535/11632/5-2.jpgВось, напрыклад, маладая актрыса, што ўжо мае пэўны досвед ігры ў серыялах, якія здымаюцца на тэрыторыі Беларусі кінематаграфістамі суседняй краіны, як кажуць, у прамысловых аб’ёмах, спыталася ў мяне (калі звесці да адзінага назоўніка): “Як знайсці і захаваць прастору для акцёрскай ігры, працуючы на канвееры тэлекарцін? Маўляў, прадзюсарам і рэжысёрам цікавы толькі тэмп працы і адзняты матэрыял, а не тваё прафесійнае ўдасканаленне”.

Пытанне для мяне ў пэўным сэнсе складанае. Па-першае, я не магу сказаць, што мне надта шанцавала з кінаролямі. З эпізадычнымі, ролямі другога плану нешта складвалася, а вось першая галоўная на экране (пры процьме тэатральных) — толькі ў нядаўніх “Белых Росах. Вяртанне”. Па-другое, ідучы на пробы я сябе здаўна настройваю на тое, што ўсё роўна не прайду (гэтае “па-другое” натуральна вынікае з “па-першае”). Разам з тым, менавіта такое маё стаўленне да працы ў кіно дазваляе выбіраць ролі, дзе, прынамсі, ёсць што граць. І не пагаджацца на тыя, дзе такой прасторы не будзе наогул.

Таму адзіная рэальная парада ад мяне актрысе-пачаткоўцы была такая: старайцеся пазбягаць тых рэжысёраў, якія гоняцца за тэмпам, за хронаметражом і не даюць часу для рэпетыцый, паўторных дубляў. Артыстам, якія робяць першыя крокі, серыяльны марафон можа перакрэсліць будучыню ў прафесіі. Урэшце, кожны з нас разумее прычыны жадання тэатральных акцёраў здымацца ў “тэлемыле”: магчымасць падзарабіць. Таму балансаваць паміж двума гэтымі агнямі давядзецца ў любым выпадку. (Але падзарабіць — не можа і не павінна быць у мастака вырашальным крытэрыем).

І з нагоды сказанага вышэй — два прыклады з маёй практыкі, якія могуць перадаць асаблівасці працы на кіна- і тэлесерыяльных здымачных пляцоўках.

Аднойчы я выконваў ролю другога плану ў не самым благім, калі меркаваць па сённяшнім тэлекантэнце наогул, расійскім серыяле. Мяне зацвердзілі на ролю палкоўніка. Адразу задумаўся над тым, якое рашэнне даць гэтаму персанажу. І спыніўся на тым, што цалкам пазбавіў яго ўсмешкі. Так, ён у мяне стаў, калі не суворым, дык, прынамсі, надта сур'ёзным. Такі ход для мяне, які часцей за ўсё выконвае камедыйныя ролі, стаў нязвыклым. І не менш складана было ўстрымлівацца ад залішняй эмацыянальнасці. Гэта выпадак, калі прамалёўку ролі і працу над персанажам я рабіў сам, зважаючы на праславуты серыяльны канвеер.

І другі выпадак. Для фільма Элема Клімава “Ідзі і глядзі” патрабаваўся выканаўца эпізадычнай ролі фатографа, які здымае партызанскі атрад. Выбралі мяне. Я ж тым часам усяго год-другі працаваў у Купалаўскім тэатры і не быў яшчэ так значна, як сёння, задзейнічаны ў камедыйным рэпертуары. Дык вось, тут падобны досвед мне і спатрэбіўся б найбольш. Маёй задачай было дасціпна абыграць сцэну фатаграфавання, аказацца арганічным з гэтым, ці не адзіным гумарным фрагментам, своеасаблівай псіхалагічнай разрадкай у агульным гучанні вялікай трагедыі, што пануе ў стужцы.

Дык вось, першае пытанне, якое мне задаў Клімаў па маім прыездзе ў Маскву: “Ты зможаш рассмяшыць трыста чалавек?”. Я падумаў (зноў жа, тады не меў яшчэ асаблівага досведу ў камедыях) і сказаў, што змагу. І пайшла напружаная праца. Тыдзень слынны рэжысёр Клімаў працаваў са мной, прыдумваючы дэталі для гэтай эпізадычнай ролі — троххвілінны эпізод. Адтуль і мая мітусня ў кадры, і карова, якую я таксама “ўстанаўліваю” для фота, і вусікі смешныя…

Мяркую, розніца паміж асаблівасцямі працы ў кіно і серыялах пераканаўча праілюстравана. Ну і, спадзяюся, на пытанне я ўсё ж адказаў.

Фота аўтара

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах