Парк крэатыўнага перыяду

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Як знайсці фундатара і палюбіць сваю прафесію
Кожны тур намотвае на кардан сотні кіламетраў, а мы завітваем пры гэтым ў дзясяткі ўстаноў культуры і пастаянна пераконваемся: калі на мясцовым узроўні ўсяляк падтрымліваюцца цікавыя праекты, ініцыяваныя работнікамі сельскіх клубаў і бібліятэк, дык рэгіянальная культура будзе няўхільна развівацца і здзіўляць самабытнасцю. А ініцыятыў, вартых увагі, гэтымі веснавымі днямі мы пабачылі нямала.

/i/content/pi/cult/535/11625/10-1.jpgЗарабляць з розумам

Наведаць Рагачоўскі раён і не пагутарыць з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міхаілам Зайцавым было б недаравальна. Хаця б таму, што ўжо колькі гадоў ён ініцыіруе і рэалізуе багата амбіцыйных праектаў, скіраваных галоўным чынам на падтрымку сельскай культуры.

У год юбілею Вялікай Перамогі пацікавіліся адносна стану воінскіх пахаванняў у раёне. На Рагачоўшчыне іх 89. Па словах Міхаіла Фёдаравіча, за апошнія пяць гадоў большая частка помнікаў была прыведзена да ладу. Таму цяпер важна падтрымліваць іх у належным стане — даглядаць за імі, у тым ліку і гаспадарчым спосабам, з мінімальнымі ўкладаннямі. Сёлета на гэтыя мэты было выдаткавана ўсяго 230 мільёнаў.

Не вельмі шмат грошай прызначана і на рамонт сельскіх устаноў культуры. Тым не менш, пашпарты падрыхтаванасці да ацяпляльнага сезона сёлета неабходна падпісаць ужо да пачатку ліпеня, а таму і з рамонтам у той жа Кашары, дзе ў СДК цячэ столь, зацягваць няма як...

Нашу размову перапыніў тэлефонны званок з Літвы. Як высветлілася, калектывы з Рагачова ў каторы ўжо раз запрашаюцца на выступленне ў гэтую прыбалтыйскую краіну. Як аказалася, часцяком бываюць тыя калектывы не толькі ў Літве. Здавалася б, да мяжы з краінамі, што ўваходзяць у Еўрапейскі саюз, некалькі сотняў кіламетраў, але гэта не перашкаджае актыўна развіваць супрацоўніцтва. Не без гонару Міхаіл Зайцаў распавёў, што дэлегацыя з Рагачова штогод ездзіць у чэшскі горад-пабрацім Прахаціцэ, што непадалёк ад Прагі. Каб вярнуць запачаткаванае яшчэ ў часы Савецкага Саюза супрацоўніцтва, начальнік аддзела праз старшыню Рагачоўскага райвыканкама звязаўся з кіраўніцтвам чэшскага горада, якое з цікавасцю разгледзела і прыняло прапановы з Беларусі. Сёлета ў Чэхію ў складзе дэлегацыі плануецца запрасіць “Беларускую ляльку” — рамеснікаў са Стрэнькаўскага дома рамёстваў, а таксама Заслужаны аматарскі калектыў “Добры вечар”.

Міхаіл Зайцаў перакананы, што наша культура ў Еўропе застаецца, з аднаго боку, мала вядомай, а з іншага — вельмі прыцягальнай. Не выпадкова ў арганізатараў фестываляў і святаў з Літвы і Чэхіі да беларускай дэлегацыі адно галоўнае патрабаванне: вы толькі да нас прыязджайце. Прыём, візавая падтрымка, харчаванне гасцей — усё гэта забяспечваюць партнёры. У планах Міхаіла Фёдаравіча распачаць аздараўленне за мяжой вучняў школ мастацтваў раёна. Пакуль гэтая ідэя толькі прапрацоўваецца…

Закранулі і ход выканання планаў па аказанні платных паслуг. На Гомельшчыне, як нідзе, яны надта высокія. Для параўнання, Клічаўскі музей, які пастаянна наведваюць турысты, мусіць па плане зарабіць за год 15-20 мільёнаў, а СДК у вёсцы Кашара — 10 мільёнаў. Вось такія розныя падыходы да планаў у Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Разважаючы пра гэта, Міхаіл Зайцаў пагадзіўся, што ўстановы культуры павінна зарабляць, але зарабляць “з розумам”, галоўным чынам, якасна прадстаўляючы свае непасрэдныя функцыі, а не ганяючыся за прыбыткам.

Трактар для ДК

Як будзе якасная праца на месцах, дык з цягам часу абавязкова з’явяцца і салідныя інвестыцыі. У гэтым пераканаліся, наведаўшы па “наводцы” Міхаіла Зайцава вёску Кісцяні, дзе сустрэліся з дырэктарам Цэнтра экалагічнай культуры і творчасці Ірынай Сідарэнка. Аграгарадок, дзе жыве 400 чалавек, цікавы не толькі тым, што на яго тэрыторыі археолагі выявілі паселішчы мілаградскай і зарубінецкай культур ды гарадзішча VI стагоддзя да нашай эры. Сёння турыстаў тут прываблівае галоўным чынам маляўнічы парк на беразе Дняпра, закладзены яшчэ ў XVIII стагоддзі. У свой час у Кісцянях размяшчаліся фруктовыя сады, парнікова-аранжарэйная гаспадарка, броварны і дзягцярны заводы. У ХХ стагоддзі не стала сядзібнага дома, у час Вялікай Айчыннай была зруйнавана царква, а парк у значнай ступені знявечаны. Застаўся хіба будынак мураванай аранжарэі — сёння там размяшчаецца мясцовая крама.

У 2014 годзе мясцовыя работнікі культуры выйшлі з ініцыятывай аб упарадкаванні парка і яго актыўным выкарыстанні. Пакрысе ідэя ператварылася ў праект. У выніку за кошт Еўрапейскай бязвыплатнай дапамогі “Захаванне і папулярызацыя помніка прыроды” ў вёсцы Кісцяні распачаліся маштабныя работы па добраўпарадкаванні паркавай тэрыторыі ў шэсць гектараў.

Трэба колькі слоў сказаць пра фундатараў праекта — мо і іншыя раёны звернуць на іх сваю ўвагу ды распачнуць плённае супрацоўніцтва. Па словах Ірыны Сідарэнка, праект рэалізуецца з прадастаўленнем гранта па кампаненце Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы “Падтрымка ўстойлівасці і экалагічнага планавання ў супольнасцях Беларусі і Малдовы” ў рамках праграмы “Узмацненне мясцовага экалагічнага планавання і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і Малдове ў 2012 — 2014 гг.”. Фінансуе праект Шведскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця.

Сярод іншага за кошт гранта быў набыты новы трактар з усім неабходным прычапным інвентаром. Вось толькі работнікі культуры месяц не маглі даць рады — толькі з канвеера, а не заводзіцца. Была набыта і газонакасілка, выраблены па замове каваныя альтанкі, лавы і нават карэта. Як-ніяк ужо летам у парку плануецца распачаць урачыстыя рэгістрацыі шлюбаў. А якое шляхетнае вяселле без карэты?

Змяніць фармат і павялічыць штат

Дзякуючы фінансавай дапамозе Еўрапейскага саюза ўстанова культуры ў Кісцянях папоўнілася ноўтбукам, стацыянарным камп’ютарам, лічбавым фотаапаратам, мультымедыйнай устаноўкай з праектарам, ксераксам і каляровым прынтарам. Рыхтуюцца да друку маляўнічыя буклеты ды банеры для турыстаў. Плануецца пашыць і шэсць гістарычных касцюмаў для тэатралізаваных паркавых дзей.

Не менш важная і яшчэ адна дэталь. Са звычайнага сельскага Дома культуры ўстанова ў Кісцянях была нядаўна ператворана ў Цэнтр экалагічнай культуры і творчасці. Зменай назвы справа не абмежавалася. Павялічыліся, натуральна, дадатковыя накірункі працы, але і ранейшыя захаваліся — вакальныя і тэатральныя гурткі цудоўна сябе зарэкамендавалі.

Культурнае напаўненне паркавай тэрыторыі — гаворка асобная. Ужо цяпер Цэнтрам праводзіцца актыўная работа па зборы гісторыка-краязнаўчага, экалагічнага матэрыялу, у фае будынка ўстановы аформлены экалагічны куток. Вось толькі дзіўным падаецца, што ўсе надпісы, шыльды аформлены выключна па-руску. Такое незразумелае ігнараванне мовы тытульнай нацыі ва ўстановах культуры раёна бачыцца недарэчным. І гэта пры тым, што самі работнікі культуры выдатна валодаюць матчынай мовай.

Але вернемся да парка. Пабачылі мы там сярод старых дрэў і новыя пасадкі. Аказалася, што ў Батанічным садзе Мінска былі закуплены і высаджаны па ўсім перыметры парка саджанцы ліяны, чаромхі, арэха маньчжурскага, а каля цэнтра — кусты руж, шаравідная вярба, туі. Вядома, каб даглядаць парк, адной тэхнікі мала. Для грунтоўнага ўпарадкавання парка ва ўстанове будзе ўведзена штатная адзінка трактарыста.

Плануецца аздобіць парк і драўлянымі скульптурамі мясцовых майстроў — Уладзіміра Міхейчыкава і Аляксандра Завішава, а таксама вырашыць пытанне з напаўразбуранымі будынкамі на тэрыторыі парка, што належаць прыватным асобам.

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

За што мы любім сваю прафесію? Напэўна, за тое, што яна дапамагае крыху змяніць жыццё да лепшага, пераканаць (няхай і не ўсіх), што поруч з бязладдзем ды абыякавасцю існуюць натхненне, творчасць, каханне, любоў… У гэтым журналісцкая справа падобная на працу работніка культуры. Жыццё занадта кароткае, каб не зважаць на ягоную радасную прыгажосць. І менавіта для гэтага — я перакананы — адраджаецца парк у Кісцянях, “Добры вечар” у чарговы раз скіроўваецца за мяжу, а дзяўчаты з вёскі Кашара выходзяць на службу ў непрацоўны час, бо ведаюць, што ўпрыгожваюць свет… Няхай так яно і будзе.

Быхаўская анамалія

Наступным прыпынкам нашага аўтатура мусілі стаць установы культуры Быхаўшчыны, а таму, каб трохі скараціць шлях, з Кісцянёў ляснымі сцежкамі выправіліся ў бок Тошчыцы. Ні ў Верхняй, ні ў Ніжняй Тошчыцах мы так і не знайшлі ўстаноў культуры — толькі чыгуначную станцыю, адкуль можна дабрацца як да Рагачова, так і да Быхава. Праз колькі кіламетраў апынуліся ў невялікай вёсцы Дзедава, дзе пазнаёміліся з Аляксандрам Мірохіным, маладым чалавекам, які працуе ў мясцовай лясной гаспадарцы. Хлопец даглядае старэнькую бабулю і не хоча нікуды з’язджаць. На наша пытанне, ці часта тут бывае аўтаклуб ці бібліобус, не без суму адказвае: “Ніколі”.

Хацелі абмеркаваць гэту сітуацыю з кіраўніцтвам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ды толькі так і не змаглі выйсці з ім на сувязь, колькі ні тэлефанавалі. Не змаглі дапамагчы і ў прыёмнай Галоўнага абласнога ўпраўлення — з-за вялікай цякучасці кадраў на Быхаўшчыне ў Магілёве не змаглі падказаць не тое што мабільны нумар начальніка, але і не сказалі, хто ж цяпер адказвае за сферу культуры ў раёне.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Завітваючы ўпершыню ў сваім жыцці на Быхаўшчыну, не мог устрымацца ад ідэі наведаць могілкі, дзе спачываюць мае продкі, а таму ехаў у вёску Дзедава з вялікім хваляваннем. Не меў уяўлення і пра тое, дзе канкрэтна знаходзяцца тыя могілкі. А таму вельмі ўдзячны мясцовым жыхарам і асабіста згаданаму вышэй Аляксандру, які пагадзіўся быць нашым гідам, а пасля і дапамагаў выбрацца з пясчанай пасткі, у якую мы трапілі на выездзе з вёскі. Думаецца, на такіх працавітых, сумленных людзях і трымаецца яшчэ наша вёска.

Ажыятаж? Не, традыцыя!

Калі патрапілі ў вёску Новы Быхаў, звярнулі ўвагу на будынак са знаёмай шыльдай. І не памыліліся, што спыніліся ля сельскай бібліятэкі. Пакуль прыпаркоўваліся, звярнулі ўвагу на дзяўчыну, якая на веласіпедзе ад’язджала ад установы. Аказалася, сямікласніца прыязджала па кнігу “Дзікі сабака Дзінга”. І не ўзяла, бо не паспела — усе экзэмпляры кнігі расхапалі больш спрытныя.

Прызнаемся, убачыць такі кніжна-чытацкі ажыятаж было нечакана. Ды і бібліятэкар Святлана Мінчукова, якую сустрэлі на ганку ўстановы, нас агаломшыла: маўляў, вёска тут дзіўная — чытаюць літаральна ўсе. Нават на Вялікдзень прыходзяць. Лічбы кажуць самі за сябе. 70 працэнтаў жыхароў Новага Быхава не проста запісаны ў бібліятэку, але і надзвычай актыўна карыстаюцца яе фондамі. Многія прыходзяць сем’ямі.

Бібліятэкай у аграгарадку кіруе з 2008 года Святлана Мінчукова, якая скончыла Магілёўскі бібліятэчны каледж. Усе новыя выданні асабіста прывозіць з райцэнтра. І як не было ў сям’і аўтамабіля, дык даводзілася цягаць іх у торбе. Здавалася б, нашто тыя лішнія клопаты, але нягледзячы на іх, Святлана Мінчукова наракае, што апошнім часам пачало паступаць значна менш кніг, у тым ліку беларускіх. З сучаснымі айчыннымі аўтарамі дык увогуле праблема — вельмі мала кніг, а тыя, што ёсць, карыстаюцца нязменным попытам. Адзін з бестсэлераў — “Любіць ноч — права пацукоў” Юрыя Станкевіча. Бібліятэкар пагаджаецца з думкай, што без рэкламы нават добрую кнігу могуць гадамі не браць, а таму заўсёды раіць сваім чытачам кніжныя цікавосткі, а таксама прыслухоўваецца да меркавання жыхароў вёскі. І самае галоўнае, што любіць сваю працу. За што? Крыху вышэй мы пра гэта пастараліся давесці…

Дзейнічае ў Новым Быхаве і сельскі Дом культуры, які мае багата цікавых перспектыўных праектаў, адзін з якіх “Пчаліны вырай” — фестываль мёду. Чаму менавіта мёду? Пра гэта чытайце ў наступным выпуску нашага аўтатура, гэтаксама як і пра сістэму адметнай мастацкай адукацыі ў Крычаўскім раёне, пра таямніцы палаца Пацёмкіна ды дасягненні Чавускай бібліятэчнай сістэмы.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Героі сённяшняй публікацыі працуюць на канчатковы вынік. Ведаюць, як наладзіць для гэтага ўвесь творчы працэс: ад “габлявання” ідэі да стварэння і рэалізацыі канкрэтнага праекта. Таму і з фундатарамі праблем няма… А цяпер скажыце, ці норма гэта для нашых аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі? Не, на вялікі наш жаль. Ужо ў Новым Быхаве, пры аналізе дзейнасці працы мясцовага СДК, мы прадметна ў тым пераканаліся. Але гэта — тэма наступнай нашай публікацыі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"