"Аварыя" на месцы сілы

№ 21 (1199) 23.05.2015 - 29.05.2015 г

Ёсць такое паняцце — “месца сілы”. А ёсць іншае — “аварыя”. Бывае і так, калі яны спалучаюцца. На жаль, вынік пры такой кантамінацыі рэдка выходзіць за межы прадказальна-лапідарнага. Прынамсі, на ўзроўні мыслення, свядомасці, разумення магчымасцей і межаў спалучэння неспалучальнага. Якраз такія думкі апанавалі, калі на гэтым тыдні нашу рэдакцыю (у шэрагу іншых айчынных медыя) запрасілі асвятляць штогадовы фестываль “Музычныя вечары ў Мірскім замку” тэлеканала “АНТ”.

/i/content/pi/cult/534/11587/2-6.jpgАле для пачатку давайце хаця б сцісла вызначым абодва названыя ў першых сказах гэтага тэксту паняцці. Прынамсі, паспрабую зрабіць тое ў адпаведнасці са сваім разуменнем.

Месца сілы для мяне — гэта тая ўмоўная кропка на беларускай зямлі, дзе я сябе адчуваю беларусам не проста па нараджэнні і грамадзянстве, а праз тое, што ведаю: тут жылі, стваралі, узводзілі падмурак нашай сённяшняй дзяржаўнасці, незалежнасці, гонару мудрыя продкі. Такія месцы сілы — сакральныя ў сваёй глыбіннай сутнасці — для кожнага могуць быць уласныя. Для мяне гэта, сярод іншага, Ружанскі палац, наднёманскі бераг у Гродне, аршанская плынь Дняпра, Верхні горад Мінска (нягледзячы на ўсе ягоныя будаўніча-рэстаўрацыйныя пературбацыі), адрэзак праспекта Незалежнасці ў сталіцы ўключна з плошчай Перамогі (дзяцінства “на асфальце” далося ў знакі!). А яшчэ — Мірскі замак.

Я чалавек не паэтычнага складу характару, каб апяваць вабноты і ўзрушэнні пасля знаходжання побач са сваімі месцамі сілы. Але нейкі маральны ўздым сапраўды адчуваю ад такіх судакрананняў з мінуўшчынай у яе матэрыяльным выяўленні. І зноў жа гонар за сваё, беларускае, за тое, што яно адроджана, выратавана, вернута з гадоў занядбання. Так, “усё мінае — гонар не мінае”. Гэта, даруйце, усё ж такі прарваўся ў дыскурс паэтычны радок з Караткевіча.

А цяпер пра аварыю. Тут я скарыстаюся Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы: “Пашкоджанне якога-небудзь механізма, машын і падобнага ў час руху, работы”. А пераноснае значэнне: “Пра няўдачу, правал якой-небудзь справы”. Ды ў сваіх развагах я буду кіравацца, вядома ж, першай працытаванай дэфініцыяй.

Шоу-бізнес ёсць ні што іншае, як механізм ці машына, якая не ведае прыпынкаў. Хіба ад сезону да сезону пераходзіць на новы, усё больш высокага ўзроўню цыкл. Нешта накшталт збою пабачылася мне ў спісе ўдзельнікаў сёлетніх начных канцэртаў згаданага фестывалю “Музычныя вечары ў Мірскім замку”. 12, 13 і 14 чэрвеня ля сцен перліны дойлідства Беларусі выступяць, адпаведна, “легенда шансона” (цытата з прэс-рэліза) Міхаіл Шуфуцінскі, гурт “Дыскатэка “Аварыя” і спявачка Ёлка (на вячэрніх канцэртах выступаюць беларускія артысты эстрады).

Можна паспрачацца, ці месца “запальнай” поп-музыцы, а тым больш шансону каля замка. Але ж арганізатары, зразумела, кіруюцца эфектыўнасцю імпрэзы ў плане продажу білетаў і эфектнасцю ды рэйтынгавасцю тэлеверсіі. Можна і варта пагутарыць адносна ўзроўню і кірунку “зорнасці” салістаў і гуртоў, якія запрашаюцца выступаць да Мірскага замка, тое тычыцца і замежных гасцей, і сваіх артыстаў. Ды ўсё ж арганізатарам праекта бачна лепш. Можна і нават неабходна падыскутаваць адносна таго, якім быць фестывалю ў такім месцы. І дзе, калі раптам змяняць лакацыі, ладзіць поп-забавы, каб і фон быў прыгожым, і ад люднага Мінска недалёка, і такія зануды, як аўтар гэтых радкоў, не ўстаўлялі палкі ў колы рухавіка шоу-бізнесу. Пры тым, што для Замкавага комплексу “Мір”, для Карэліцкага раёна фэсты патрэбныя, бы паветра, як у плане камерцыйным (турысты), так і ў сэнсе пазнаваўчым, патэнцыялаўтваральным, калі жадаеце. Але ж і прапускаць іх змястоўны бок праз сіта хаця б элементарнай адпаведнасці "месца — падзея".Вось таму і ўзнікае патрэба абмеркавання з улікам інтарэсаў усіх бакоў і ўсемагчымымі кампрамісамі.

Так, усе згаданыя “можна” — якраз і можна прагаварыць, але ці дасць тое плён, калі рухавік (прынасмі, цяпер) не стане праз гэта спыняцца. Бо дамовы, напэўна, заключаны, умовы ўзгоднены, падрыхтоўка з боку арганізатараў і артыстаў вядзецца, рэклама ідзе. Хіба на будучыню пачуюць агучанае на старонках газеты “Культура” меркаванне.

Не магу не дадаць. Вось даруйце, але пры ўсім разуменні “софтавасці” і нават, кіруючыся прэс-рэлізам “АНТ”, легендарнасці варыянту шансону (усё ж трэба ўдакладняць: расійскага варыянту шансону) ад Міхаіла Шуфуцінскага, не магу ўявіць натуральнасць успрыняцця гледачамі выступлення згаданага артыста на прызамкавай сцэне праз тры тыдні. Прыгадваючы, пры ўсёй спрэчнасці адносна смаку і колеру, выканаўцаў, што канал запрашаў з замежжа мінулымі гадамі, сёлетні выбар магу апраўдаць хіба эканамічным складнікам імпрэзы. Ды і беларуская частка фэсту раней атрымлівалася куды больш разнастайнай: і фольк, і рок, і поп даволі суладна суіснавалі на канцэртах у Міры.

Яшчэ паралелі. Я назваў свае месцы сілы. А для кагосьці яны асацыююцца з Днём Перамогі ці Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сённяшнім Днём Незалежнасці. Ці можаце вы ўявіць сольны канцэрт “легенды шансону” ў якасці аздаблення свайго месца сілы, Дня сілы, крывёю далучанага да Вялікай Перамогі? Вось і я не магу. Ну і дыскатэка (няхай нават калісьці звышпапулярная расійская “Дыскатэка “Аварыя”) ля сцен помніка спадчыны краіны, уключанага ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO… А яшчэ ў ваенны час у замку змяшчалася яўрэйскае гета, ліквідаванае ў жніўні 1942-га разам з яго насельнікамі: 719 душ... У гады Вялікай Айчыннай быў у замку і лагер для ваеннапалонных... Спадзяюся, праз такія паралелі чытачы дакладна зразумеюць адносна прычыны ўсяго гэтага выказвання на тэму культуры ды ідэалогіі.

І ўсё нібыта нічога, але ж ехаць у маё месца сілы ні гэтымі днямі, ні ў бліжэйшы час не надта хочацца. Яму трэба адпачыць, набрацца сваёй энергіі. Той, якая будзе адчувальнай, прынамсі, для мяне. І яшчэ. Калегі з “АНТ”, рэдакцыя газеты “Культура” не стане сёлета акрэдытоўвацца на “Музычныя вечары…”. Выбачайце, калі ласка, як пісаў класік.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах