У праграме фестывалю спектаклі тэатраў “Летуценнікі” (Любань), “Рэха” (Магілёў), “Залаты ключык” (Мар’іна Горка), “Чамадан” (Салігорск), “Ступені” (Дзяржынск), “Трыумф” (Барысаў), “Батлейка” (вёска Дзераўное на Стаўбцоўшчыне), “ТэСт” (Маладзечна), “Ронд” (Мінск). Знойдзецца места і эксперыменту: тэатр “Мікося” з Ратамкі, што пад Мінскам, пакажа яскравае спалучэнне лялькі і жывога акцёра.
Сёння “Чароўны куфэрак” — гэта ўжо своеасаблівы брэнд, візітоўка культурнага працэсу Любаншчыны. Як і раней, фестываль не губляе сваёй спецыфікі: “куфэрак” — скарбонка духоўнасці. Адметнасць Х фэсту ў тым, што ён спалучае традыцыі і сучаснасць, і прысвечаны 210-годдзю казачніка свету Ганса-Хрысціяна Андэрсэна. Журы фэсту ўзначаліць дэкан Тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў, заслужаны артыст краіны Уладзімір Мішчанчук.
Цікавосткай фестывалю стане праект “Тэатральны хаўрус”, калі з вялікіх і маленькіх тэатральных залаў маладая стыхія тэатральнага руху выйдзе на цэнтральную плошчу Любані ў карнавальным карагодзе і сумесна з творчым калектывам “Майстэрня ўражанняў” з Мінска зладзіць мастацка-відовішчную дзею. Як заўсёды, будзе працаваць лабараторыя рэжысёраў, запланаваны творчыя сустрэчы і яркае маляўнічае відовішча.
Васіль КАТКАВЕЦ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама