Пераказваць танцы — марная справа. Гэта трэба бачыць сваімі вачыма! Віртуознае майстэрства салістаў, фантастычная сінхроннасць кардэбалету, захапляльны анімацыйны фон, які, аднак, не адцягвае ўвагі ад таго, што адбываецца на сцэне, гармонія музыкі і руху. Усе гэтыя візуальныя і акустычныя чыннікі ідэальна кладуцца на немудрагелісты, зразумелы нават дзіцяці, сюжэт вечнай тэмы супрацьстаяння дабра і зла. Відовішча бярэ гледача ў палон з першага імгнення і не адпускае нават пасля таго, як закрылася сцэнічная заслона. Я пераказваю ўласнае ўражанне, але такіх, як я, была поўная зала. Потым я паглядзеў у Сеціве відэа выступленняў ансамбля на розных сцэнах свету і ўпэўніўся: рэакцыя публікі на “Lord of Dance” паўсюль аднолькавая. Суайчыннікі — не выключэнне.
Потым, калі сцішыліся эмоцыі, я паспрабаваў, як той пушкінскі Сальеры, антыпод Моцарта, “поверить алгеброй гармонию” і з рацыянальнага гледзішча высветліць, чым жа канкрэтна мяне ўразілі ірландскія танцоры. Можна сказаць, што Майкл Флэтлі паспяхова працуе ў рэчышчы сусветнай тэндэнцыі ператварэння народнай харэаграфіі ў эстрадную. Але гэта робяць усе і паўсюль, а вось такога ашамляльнага поспеху дасягнуў толькі Флэтлі. Прычым, адзначу, што ягоны тэатр танца не эксплуатуе эратычнасць, без якой эстрадны танец, бадай, і ўявіць немагчыма — прынамсі, не робіць гэта наўпрост. Распаўсюджанае меркаванне, нібыта Флэтлі спалучыў ірландскі народны танец з харэаграфіяй фламенка і лаціна, падаюцца мне неабгрунтаванымі. Усе ж такі на сцэне паўстае не Іспанія ці Аргенціна, але Зялёны Эрын — старажытная зямля кельтаў. Пра танга — сутнасна індывідуальны танец агрэсіўнай жарсці, — гавораць, што ён “можа разбурыць сям’ю”, а ірландскі танец мае ў аснове (Флэтлі гэта даводзіць) псіхалогію калектыву. Як, дарэчы, і нацыянальная харэаграфія беларусаў.
Ды і харэаграфія Флэтлі, калі ўгледзецца, даволі простая: стэп — “чачотка”, даведзеная да звону, — і рэжысура… вайсковага плац-канцэрта, калі салдаты ганаровай варты паслядоўна выконваюць адзін і той жа рух, ствараючы ілюзію хвалі. Але трэба ледзь не геніем быць, каб спалучыць зыходна простыя фрагменты такім чынам, каб атрымалася хвалюючая карціна. Майкл Флэтлі, апантаны танцам ірландзец, народжаны ў Злучаных Штатах, і ёсць такой асобай.
Калі шукаць аналогіі, дык Майкл Флэтлі зрабіў з ірландскім танцам, да яго ў свеце нікому акрамя саміх ірландцаў не надта і патрэбным, тое ж, што Уладзімір Мулявін з беларускай песняй: адкрыў лакальную культурную з’яву вялікаму свету. Кажуць, у нацыянальным характары беларусаў і ірландцаў шмат агульнага, а агульнасць тая склалася ў выніку падабенства гістарычных варункаў, у якія фарміраваліся абедзве нацыі. Так што і досвед Ірландыі, якая праз Майкла Флэтлі зрабіла сваю традыцыйную культуру прадметам экспарту такім жа знакамітым, як тамтэйшых моцныя напоі, нам таксама прыдасца. Калі, зразумела, будзе на тое воля. Божая і наша…