Маэстра і яго сад у квецені

№ 20 (1198) 16.05.2015 - 22.05.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка ІІ
У гэтым нумары мы працягваем знаёміць чытачоў са старонкамі дзённіка выдатнага беларускага кампазітара Ігара Паліводы. Як “К” распавяла на пачатку артыкула ў пазамінулым нумары, намі выбрана форма ўмоўнага дыялогу паміж кампазітарам і ягонай удавой Вольгай Палівода праз 19 гадоў, што прайшлі з часу сыходу ад нас Ігара Ігаравіча. Менавіта Вольгай Пятроўнай, сярод іншага, захаваны архіў рукапіснай і машынапіснай спадчыны Паліводы — музычнай ды літаратурнай, што адкрываецца для даследчыкаў феномену знакамітага творцы.

/i/content/pi/cult/533/11558/15-1.jpg

(Працяг. Пачатак у № 18.)

Сярод найбліжэйшых планаў, якімі заклапочана Вольга Палівода, — стварэнне і ўсталяванне мемарыяльнай шыльды кампазітару на доме, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымаў Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі. У адказе, атрыманым з названай установы, у прыватнасці, зазначаецца, што памяць Ігара Паліводы павінна быць ушанавана належным чынам, а сам кампазітар названы выбітным беларускім музыкантам. Мемарыяльная ж шыльда, падкрэслена таксама ў лісце, “не толькі паслужыць увекавечванню памяці нашага слыннага земляка, але, стаўшы яшчэ адной турыстычнай візітнай карткай краіны, будзе папулярызаваць культуру Беларусі і саму Беларусь у свеце”.

— З гэтай нагоды, — зазначае Вольга Палівода, — летась я скіравала зварот у Мінгарвыканкам, адказ на які паведамляў, што бюджэтам Мінска сродкаў на стварэнне такой памяткі не прадугледжана, што, аднак, не забараняе выкарыстоўваць іншыя крыніцы прыцягнення фінансавання пад названую мэту, “улічваючы значныя заслугі Паліводы І.І. перад Айчынай”. Тады быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033). Справу, пераканана, можна будзе зрабіць так, як пяецца ў адной з песень аўтарства Ігара: “…Што не зможаш адолець адзін, — / Талака дапаможа табе!”. І я шчыра вітаю тое, што да ініцыятывы ўжо далучылася моладзь, якая зможа дапамагчы ў пошуках патэнцыйных фундатараў, а таксама ў распаўсюдзе звестак пра збор сродкаў у Сеціве.

А 21 мая ў сталічным Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры краіны распачынаецца выстаўка, што прадставіць архіў кампазітара.

Са спробы акрэсліць спадчыну Ігара Паліводы і прыгадаць вытокі яго шляху да кампазітарскіх вяршынь і складаецца гэта частка ўмоўнага дыялогу. Ён уключае не толькі развагі Вольгі Палівода, але і фрагменты дзённікавых запісаў Ігара Паліводы, адабраных і падрыхтаваных для публікацыі Вольгай Пятроўнай.

Хто ты, кампазітар?

В.П.: — Сёння мы сталі сведкамі таго, што кожны сталяр ці шавец можа называць сябе кампазітарам альбо паэтам (ці, як цяпер прынята казаць, аўтарам музыкі і аўтарам слоў). Ігар жа адчуваў патрэбу займець другую кансерваторскую адукацыю (вучыўся ён з пэўнымі перапынкамі амаль два дзесяцігоддзі), каб пачуваць сябе дасведчаным у найдрабнейшых, падавалася б, тонкасцях прафесіі, ведаць дэталі цікавых яму жанраў. Ці ёсць такое стаўленне на сучаснай сцэне? Бяруць сумневы…

Усяго ж Ігарам Паліводам напісана 96 песень ва ўсіх праграмах і па-за імі. Плюс акадэмічныя творы: Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, варыяцыі, саната, чатыры аранжыроўкі для дзвюх раяляў фантазій на тэму “Бітлз”. А яшчэ — карцінкі, шаржы, карыкатуры, шмат вершаў і прозы. Увесь гэты матэрыял, што захоўваецца ў сямейным архіве, вядома ж, трэба друкаваць, але пачнём з экспанавання ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Такім будзе мой падарунак Ігару да 65-годдзя з дня яго нараджэння.

І.П:

“1983 год.

Пан. 25.4.1983 г.

г. Гродна

Часам кідаю піць горкую.

Многае ў такіх выпадках крута змяняецца, і тады адкрываецца мая канцылярыя. Штат у ёй мінімальны і рабочы дзень не ўнармаваны. Спараджае яна многае і многае — ад вольных вершыкаў і расказаў для “мадзьярскіх” выданняў, артыкульчыкаў для газеты “Ведамасць” (з’яўляюся рэдактарам ад трох гадоў і вышэй) да аранжыровак, апрацовак і нават песенек. На шчасце, да вершаплётства я пакуль не дайшоў: надта паважаю добрыя вершы.

Увогуле, кантора піша.

Прага да ўсялякага паперамарання, атрыманая ў спадчыну, на тое выглядае, ад спачылай бабулі Кацярыны Мікалаеўны і сёння здаровага дзеда Пятра Іоўлевіча, якому нешта каля ста, з’явілася ўва мне з ранняга дзяцінства. Падавалася б, такога кшталту патрэбы няцяжка задаволіць: бяры і перапісвай (перадрукоўвай) Л.Талстога, М.Чарнышэўскага ці проста Вялікую Савецкую! Дык не. Усё трэба выдумляць з галавы.

У школьныя гады прагу маю з лішкам задавальнялі “галапузекі”. Цяпер ім патрабуецца замена.

Пасля некалькіх паспяховых мелодый у песнях па Р.Бёрнсу і дзвюх-трох добрых знаходак у аранжыроўках і апрацоўках для “Песняроў” адчуваю ў сабе патрэбу да музычнага сачыняльніцтва* (тут і далей сімвалам “*” пазначаны зноскі аўтара ўнізе машынапісных старонак дзённіка: мы падаём іх у дужках пасля таго месца ў тэксце, да якога зноска адносіцца — С.Т.). (* Такую патрэбу, праўда, адчуваў і раней, яшчэ са школы. Пра тое сведчаць дзве таўсценныя папкі са спісанымі нотнымі лісткамі і шмат такога іншага.) Больш за ўсё цягне да песень. Пакуль мне няважна, ці гучаць мае практыкаванні з эстрады ці па радыё, бо пакуль гэта ўсяго прыгожанькія мелодыі, не больш за тое.

І вось задумаў я нядобрае: зноў пагрузіцца ў ВНУшныя нечыстоты. Няхай мяне, як кажуць, навучаць. Дзіка, канешне, але паспрабаваць варта — паглядзець, які з мяне будзе кампазітар.

Час чамусьці ідзе з пастаянным паскарэннем. Але хаця пішу нямала, нічога па-сапраўднаму годнага ўвагі яшчэ не стварыў. Адчуваю: магло быць куды лепш.

Пакуль не п’ю горкую. Адчуваю сябе някепска […]. Мазгі хаця і дурныя, але чыстыя. Нярвішкі пакуль прыдумваю пігулкамі і травамі*. (* Прашу не блытаць з “траўкай”, той, якую кураць!) Са спачуваннем і разуменнем гляджу на тых, каму бывае блага раніцамі.

Вось тут і пачынаюцца намеры да творчых высілкаў. Сачыняць песенькі цікава, але бяда ў тым, што хочацца іх пачуць, і бывае цяжка вытрымліваць меру. Не хочацца распужаць бліжніх сваімі шматлікімі опусамі.

Сярод песеннікаў-прафесіяналаў ідзе барацьба не на жывот, а на смерць. Многія з гэтай мясарубкі выбіраюцца толькі ў выглядзе фарша.

Не хачу быць Паўлсам. Але і ператварыцца ў фарш у маладыя гады не хацелася б.

Сер. 27.4.1983 г.

г. Мінск

Днём прыехалі дамоў, сустрэтыя новымі фінансавымі сюрпрызамі. Яны зараз недарэчы. (А калі фінансавыя праблемы былі дарэчнымі?)

Прывёз з сабой чарнавыя запісы трох сваіх апошніх опусаў у песенным жанры і адной аранжыроўкі нейкага У.Маёрава. Найбольш паспяхова атрымалася аранжыроўка.

Трэба набіваць руку. Цяжка пачынаць у трыццаць тры гадочкі. Але нехта ў гэтым узросце памёр і ўваскрос. Мне ж, не прэтэндуючы на неразумныя аналогіі, трэба будзе яшчэ высветліць, на якім я свеце ў свае трыццаць тры.

Зараз у Гродне штодзённа глядзеў па тэлевізары Польшчу. Увогуле, нічога такога. Але ў суботу яны далі нешта накшталт мясцовага тэле-хіт-парада — 15 найпапулярных баевікоў тыдня. Калі не браць у разлік цудоўную работу тэлевізійшчыкаў, уражанне засталося самае гідкае — нібыта прысутнічаў на эксгумацыі. Каменныя, мармурова нагрыміраваныя твары, нежывыя, бессэнсоўныя вочы нейкіх чалавека-робатаў, нашпігаваных наркотыкамі, — адхіленыя, непарушныя, як у манекенаў; блазенскія строі, пачварныя прычоскі з узбітымі, бы вяршкі, макушкамі і брытымі віскамі…

Відаць, трыццаць тры — гэта ўжо зашмат для такой музыкі.

Граюць, аднак, добра. Тэхнічны ўзровень фанаграм высокі — нам такі не хутка прысніцца. Але музыка і тэксты… Мне стала ніякавата, нібы пабываў на зборышчы Ку-Клус-Клана.

Будзем спадзявацца, што адказныя таварышы міністэрства культуры, а таксама масцітыя нашы кампазітары і шырокая грамадскасць не дапусцяць распаўсюджвання чагосьці падобнага ў нашай краіне Развітога Сацыялізму”.

“Сер. 1.6.1983 г.

Мінск

[…]

Пытанне аб працягу маёй адукацыі ўсё яшчэ адкрыта. Наш кіраўнік, верагодна, моцна хоча, каб я стаў кампазітарам. Ён кажа, што я павінен”браць за горла” Лучанка. Я паспрабаваў быў, ды чагосьці саслізгваюць рукі. Зразумеў, што не магу прылічыць сябе да спецыялістаў-гарлахватаў, і ўжо тым больш паспрабуй вазьмі за горла члена ЦК КПБ, дэпутата Вярхоўнага Савета, рэктара кансерваторыі і Старшыню праўлення Саюза кампазітараў у адной асобе!

Відаць, не атрымаецца з мяне добры кампазітар.

Не я адзін хачу вучыцца. Чацвёра маіх сатаварышаў па падмостках пацягнуліся да ведаў і барацьбы за вышэйшыя дыпломы. Сёння яны здавалі экзамен па спецыяльнасці (ніяк не зразумею, якая такая гэтая спецыяльнасць) у інстытут культуры і ўсе атрымалі ацэнкі “добра”. Аднаму з іх зараз 45 гадоў, і ўчынак яго можна расцэньваць як подзвіг: ён атрымае дыплом якраз да свайго 50-гадовага юбілею.

Хутка зноў буду матарызаваны: набліжаецца да канца буйны — пасля другой аварыі — рамонт белага аўто. Машына добра праветрывае мазгі, цудоўна адцягвае ад навязлівых думак пра ўсялякую творчасць і дакладна вырашае матэрыяльныя праблемы. Яна патрэбна мне, як паветра. Сеўшы за руль, лягчэй браць за горла патрэбных людзей: не возьмеш за горла, дык прынамсі прыдавіш.

А пакуль цэлымі днямі да працы малюю клавіры і партытуры. Вучуся быць сучасным кампазітарам: стараюся з усяго атрымаць капейку — нават з уласнай старой жарсці да паперамарання. Заўтра выраблю яшчэ дзве партытуры, пасля — ходжанымі сцежкамі — да Молера і да т. п.

“Ваўка ногі кормяць”, — вучыць народ.”

Публікацыя і падрыхтоўка дзённікавых запісаў Вольгі ПАЛІВОДА

(Працяг чытайце ў наступных нумарах "К".)

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах