Бярозавік для чытача

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Выдаткі на рамонт бібліобуса — занадта вялікія
Бібліятэкі Асіповіччыны здзіўляюць з парога. У раённай, да прыкладу, за колькі крокаў ад абанемента трапляеш у плынь тэлеінфармацыі: пад столлю вісіць “плазма”, якая дэманструе мясцовыя навіны. Зручна, незвычайна. Але якімі цікавымі ні былі б прыдумкі ды сучасная тэхніка, удвая цікавей знаёміцца з новымі людзьмі ды зноў сустракацца са старымі знаёмымі. Чаму? Ды таму, што сваю справу яны лічаць самай галоўнай у свеце.

/i/content/pi/cult/529/11474/12-1.jpg

Нарады без накачак

Даўно хацеў напісаць пра Віктара Бузаноўскага — бібліятэкара з Радзянкі. Мы знаёмы ці не дзесяць гадоў. Проста раней не ставала мне фактуры, каб зразумець, што Бузаноўскі — унікальны чалавек. А фактуру гэтую давялося шукаць ці не па ўсёй Беларусі. Вось калі пераканаўся, што на пасадзе бібліятэкара лічацца іншым разам людзі выпадковыя, якія і з працы без дай прычыны могуць сысці, і чытаць не жадаюць, тады і зазбіраўся ў Асіповіцкі раён. Вельмі карцела зноў пагаварыць з Віктарам Антонавічам, але ўжо з цвёрдым усведамленнем, што гутарыць буду з прафесіяналам.

З чаго пачынаецца прафесіяналізм? З прагі самаўдасканалення. Бузаноўскі скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, па адукацыі — гісторык. Гуманітарыю (няхай і без спецыяльных ведаў, бо з чытачамі працуе больш за дваццаць гадоў) — самае месца сярод кніжных паліц. Усё так… Але спадар Віктар едзе ў Інстытут культуры Беларусі, каб набыць яшчэ і вышэйшую бібліятэчную адукацыю. Што тут яшчэ дадаць?

Ён распавядае мне, што нарады ў райцэнтры прахо-
дзяць не для накачкі. Маўляў, існуе больш карысных ды цікавых мэт для сустрэч з калегамі. Тлумачыць, што не чакае вучняў-чытачоў, а сам ідзе да іх у школу. Прычына тут простая: большасць падлеткаў — з іншых вёсак, і таму іх жыццёвы рытм залежыць ад графіка працы школьнага “бусіка”, так што часу на наведванне бібліятэкі часта не стае.

Бібліятэка ў Радзянцы ўражвае не з парога, а з ганка. Менавіта тут ўсталяваны рэкламны шчыт з пералікам паслуг. Іх шмат, апошняя — “Пагаварыць з бібліятэкарам”. Для малых ёсць адукацыйная гульнятэка, якую бібліятэкар зрабіў разам з чытачамі. А ў пазнаваўчае “казіно” гуляюць і дарослыя. У бібліятэцы — шматлюдна. І не толькі з-за шматлікіх гурткоў ды аб’яднанняў. Проста, Віктара Антонавіча ў вёсцы паважаюць. І за тое, што ведае пра ўсё, і за тое, што нікога ніколі не пакрыўдзіў зачыненымі ў час працы дзвярыма.

30 мільёнаў на рамонт

Галоўная праблема ў раёне, як ні дзіўна, звязана не з кадрамі. “К” яшчэ гадоў дзесяць таму пісала пра сістэмную кадравую палітыку ў бібліятэчнай справе Асіповіччыны. Яе вынікі на сёння — відавочныя. Нават на вёсцы працуюць людзі з вышэйшай адукацыяй. Пра сярэднюю спецыяльную і казаць не варта. Прага самаадукацыі ўсяляк заахвочваецца. Палітыкай гэтай займалася ў свой час Валянціна Логвін, цяпер яе працягвае сённяшні дырэктар ЦБС Анжэла Хлус. Планы аказання паслуг па ўсіх 32 бібліятэках пастаянна выконваюцца, але не ў шкоду чытанню. Да прыкладу, галоўны бонус для актыўнага чытача ў Радзянцы — доступ да карыстання камерцыйным фондам. І не толькі ў Радзянцы… Тут, словам, — ніякіх вузкіх месцаў.

А вось з аўтабібліятэкай — іншая справа. Гэтую машыну Асіповіччына атрымала адной з першых у краіне, яшчэ ў 2005-м. Аўтапарк з таго часу не абнаўляўся. А раён — не малы. І ў кожнай вёсцы, дзе няма ні крамы, ні пошты, ні бібліятэкі, пабываць неабходна хаця б раз у месяц. Не толькі кніг бабулі чакаюць — бібліятэкары дастаўляюць нават паштоўкі. Так што на бібліобус спадзеў у народу — вельмі вялікі. Рамантуюць яго без стомы цягам ці не ўсяго года. Іншым разам на тое, каб аўтатэхагляд прайшоў без праблем, ідзе да 30 мільёнаў рублёў. Сума ўнушальная. Яе на іншае што выкарыстаць бы…

Праблема гэтая, наколькі ведаю, наспела і ў іншых раёнах ды абласцях. Транспарту не стае для выезду канцэртных калектываў і па раёне, і за яго межы. І “газеллю” тут не абысціся — патрэбны аўтобусы кшталту ПАЗіка. Ведаю, што там-сям і ў начальнікаў аддзелаў няма службовага транспарту, для асабістых раз’ездаў аўтобусы выкарыстоўваюць, а гэта — агульнай справе не на карысць. Дзе выйсце? Многія спадзяюцца на новую Дзяржаўную праграму па падтрымцы культуры да 2020 года. Праграма гэтая цяпер абмяркоўваецца па рэгіёнах. Не ўпусціць бы шанц…

Ліпеньскі эксклюзіў

Вёска Ліпень знаходзіцца за Вяззем. І як тут не згадаць па дарозе пра Вяззеўскую бібліятэку, якую наведаў дзесьці з год таму. Паўтаруся: спадабалася тады тое, што пры ўстанове існуе клуб маладой сям’і — справа па нашым часе надзвычай актуальная… Але цяпер — пра Ліпень. Адкуль назва такая прыгожая? Адказ на пытанне — адразу за парогам мясцовай бібліятэкі. У сенцах — стол, на ім — глечык і кубкі: можна бярозавікам пачаставацца (я ў такую бібліятэку бегаў бы ды бегаў!). Па сценах — ручнікі, а на спецыяльным стэндзе — тапанімічнае тлумачэнне. Не магу не пераказаць галоўнае.

Раней вёска на беразе Свіслачы звалася Халуі. Калісьці жылі тут вольналюбівыя людзі, таму яна мела найменне Сакаліны Хутар. Але пан хацеў тых людзей у прыніжэнні трымаць, таму і з’явіліся Халуі. А калі вёску ў ліпені ад белапалякаў вызвалілі, пачала яна называцца “Ліпень”. Вось такая прыпавесць...

Каб не гаспадыня ўстановы Ірына Шлыкава, не было б у гэтага раздзела цікавай перадгісторыі. Пойдзем далей. Сярод кніжных стэлажоў і на іх — свае цікавосткі. Ізноў ручнікі, вырабы елізаўскага шкла (быў тут калісьці такі завод), побытавыя рэчы з 70-х гадоў. Вось на цвіку — сетка-авоська, поўная грампласцінак. На падлозе — радыёла: час ад часу тут гучыць музыка… Чытач скажа: “Што ты памяшканні апісваеш? Ты бібліятэкарку добрым словам згадай!” Але ж менавіта выгляд роднай бібліятэкі, утульнай ды нестандартнай, і кажа пра гаспадыню лепш за самыя дакладныя характарыстыкі.

Адна з паліц упрыгожана цытатай: “Я стаў пісьменнікам, таму што чытаў”. Словы прыналежаць Дзмітрыю Беразінскаму, які жыве ў Свіслачы, а свае фантастычныя баевікі выдае ў Маскве. Трэба пачытаць. На наведвальнікаў такая “агітка” дзейнічае бяспройгрышна: свой, не абы-які літаратар, а шматлікіх канкурэнтаў перамог, бо чытаў у свой час удумліва… Ва ўстанове — 530 чытачоў, з іх 90 — дзеці. Многія пачалі, спадзяюся, усведамляць, што розум вельмі дорага каштуе. …

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"