Варыяцыя канцэпту

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Ягор СУРСКІ, музейны супрацоўнік, куратар, культуролаг
Гаворачы пра сферу культуры Беларусі мы нярэдка маем на ўвазе хіба што інфраструктуру, якая “засталася нам у спадчыну” ад савецкіх часоў і функцыянуе, у асноўным, па правілах таго ж перыяду. Фінансаванне культуры па-ранейшаму ідзе не па прыярытэтным прынцыпе, хаця праблемы грамадства і страты з-за недахопу культуры не ўлічваюцца.

/i/content/pi/cult/529/11471/5-2.jpgМяркую, культура — перадусім, не інфраструктурная сетка, а ўніверсальны змест жыцця. Калі названая сфера не напоўнена такім зместам, мы прымнажаем абыякавасць. Апошняе праяўляецца не толькі ў ненаведванні музеяў... Чалавек імкнецца да культуры як да камфорту, гэта трэба ўлічваць у музейнай палітыцы. Калі я пачаў ачольваць выставачную залу Музея гісторыі беларускага кіно, перада мной стаяла задача: зрабіць так, каб людзі пачалі наведваць музей. Я прапанаваў план выставак і яго зацвердзіла кіраўніцтва ўстановы.

Крызіс жа музея як традыцыйнай установы культуры наогул вядомы на працягу апошніх пяцідзесяці — сямідзесяці гадоў у развітых краінах. Для яго пераадолення з’явілася новая музеялогія, якая мела на мэце зрабіць музей больш інтэрактыўным, адкрытым, дэмакратычным. Мне падаецца, што сённяшні наведвальнік жадае ў сучасным музеі ўбачыць самога сябе, інакш ён туды не пойдзе. Адпаведна, трэба знаходзіць такую тэму, каб чалавек пазнаў сябе ў кантэксце выстаўкі, рэканструкцыі, уявіў сябе ў пэўнай прасторы ды часе.

У сённяшнюю эпоху хуткай змены тэхналогій ствараецца дадатковая падстава для настальгіі. Людзі здольныя на гэтае пачуццё часцей, чым той жа чалавек ХІХ стагоддзя — менш падуладны тэндэнцыям змены матэрыяльнага свету вакол. На гэтым пачуцці, мяркую, можна сыграць музейнаму работніку.

Вось, скажам, на першы погляд такая маргінальная з’ява, як самагонаварэнне, але ў нядаўняй гісторыі яна масавая, распаўсюджаная, да ўсяго — мае даўнюю і цікавую гісторыю на нашых землях, пачынаючы з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Да падрыхтоўкі гістарычнага апісання выстаўкі “Лятучая, гаручая, празрыстая: гісторыя промыслу і барацьбы з ім на Беларусі” спрычыніўся доктар гістарычных навук, прафесар Валянцін Голубеў. Выявіліся цікавыя факты, архіўныя дакументы. Пра ролю алкаголю ў сусветнай і беларускай культуры падрыхтавала матэрыял аўтарытэтны даследчык, доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая. Я да таго, што такая тэма можа зачапіць амаль кожнага. Але фактам з’яўляецца і тое, што можа бясследна знікнуць як міф сам промысел, па сутнасці — частка нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Адзін савецкі антыалкагольны плакат 1973 года, аўтарства якога належыць мастаку Барысу Забораву, змяшчае даволі аптымістычны тэзіс: “П’яніца чалавекападобны знік у ХХ стагоддзі”. З п’янствам змагаліся рознымі метадамі. Мне падаецца, што зло можна перамагчы толькі дабром, таму сатыра, гумар з’яўляюцца эфектыўнымі сродкамі. Такую тэндэнцыю высмейвання п’янства выяўляе большасць агітацыйных плакатаў на выстаўцы.

У эпоху сучасных тэхналогій, калі інфармацыя распаўсюджваецца вокамгненна, на першае месца выходзіць ідэя, канцэпт. Інфармацыйная ж прастора паглынае гэтыя ідэі ды канцэпты імгненна, але яны павінны быць наватарскімі, арыгінальнымі ды актуальнымі.

Кожны чалавек павінен мець “культурны абавязак” і быць зацікаўленым у стварэнні той зоны камфорту вакол сябе, што і з’яўляецца культурай. На жаль, далёка не кожны гэта ўсведамляе. Таму механізм функцыянавання сучаснага грамадства накіраваны на ліквідацыю шкодных наступстваў, але не самой прычыны. А насычэнне культуры зместам з дапамогай канкрэтнай культурнай палітыкі дапамагае выявіць прычыну ды прадухіліць многія шкодныя наступствы ў грамадстве наогул.