Гусь — яна мая, а брэнд — раённы

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна
Пагаворым пра святы, што нарадзіліся на касцюковіцкай зямлі. Пытанне актуальнае хаця б з той нагоды, што 2 красавіка Савет Міністраў краіны прыняў Пастанову “Аб арганізацыі і правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў”.

/i/content/pi/cult/529/11469/4-1.jpgСамая галоўная наша прыдумка — Абласное свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, што ладзіцца ля вёскі Бялынкавічы на бесядскім беразе. Шмат гадоў таму гэтая акцыя называлася “Белы бусел над Бесяддзю”, і ўдзел у ёй браў пісьменнік Алесь Пісьмянкоў. Калі яго не стала, мерапрыемства займела ягонае імя.

А ў вёсцы Белая Дуброва работнікі культуры адрадзілі старадаўняе абрадавае “Гусінае свята”. Адрадзілі адносна нядаўна, але мерапрыемства ўвобміг стала для раёна брэндавым. А як жа інакш? Нідзе больш такіх святаў проста няма. Справа ў тым, што вёска месціцца ля Бесядзі, мае багатыя лугавіны — сапраўдны гусіны рай. Таму гэтая птушка тут — заўжды ў пашане была… Хачу чарговы раз падзякаваць работнікам культуры, якія сабралі сведчанні пра колішняе свята, запісалі ад бабуль ды дзядуль абрадавыя песні і адрадзілі колішні, стракаты на песні і карагоды ды апетытны на стравы, кірмаш. А ладзілі яго ў апошні дзень студзеня, на Апанаса, які лічыцца ахоўнікам гусі.

Натуральна, мы будзем замацоўваць “гусіны брэнд”, пастараемся, каб пра яго ведалі і ў замежжы. І невядома, ці надоўга свята застанецца раённым. Прынамсі, пра “гусіны” аграгарадок “Белая Дуброва” па ўсёй Беларусі ўжо ведаюць. Думаю, што дадзеныя бюджэтныя мерапрыемствы ўпрыгожаць у перспектыве агульны Пералік фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, які складаецца цяпер у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў № 263…

Названыя святы — не камерцыйныя. Але згадаць хачу і тыя мерапрыемствы, што прыносяць аддзелу стабільныя пазабюджэтныя грошы. Лідзіруе тут Маладзёжны культурны цэнтр “Юнацтва”, што працуе ў пераабсталяваным кінатэатры. Ягоныя супрацоўнікі прапаноўваюць жыхарам Касцюковіччыны вельмі шырокі спектр паслуг. Да прыкладу, яны адказныя за арганізацыю дзіцячай пляцоўкі на любым буйным мерапрыемстве. Пад час мінулай Масленкі, скажам, зарабілі на атракцыёнах два з паловай мільёны рублёў.

Дыскатэкі перасталі быць масавымі. Не буду называць прычыны: яны вядомыя ў кожным раёне. Пастаянна шукаем альтэрнатыву. Адзін з прыкладаў: нядаўні конкурс “Чараўніца-2015”, які прайшоў у РЦК. Білет на яго каштаваў 30 тысяч рублёў. Спаборнічалі юныя жыхаркі раёна, так што гледачы сабраліся з усёй Касцюковіччыны.

Клубных фарміраванняў у “Юнацтва” шмат. Сярод гурткоў ёсць нават клубная суполка “Малады спецыяліст”, дзе нашы работнікі культуры набываюць практычныя навыкі творчай дзейнасці. Ёсць таксама Клуб маладой сям’і, не менш папулярны гурток шэйпінгу… Па сутнасці, Маладзёжны культурны цэнтр са стаўкай на рэалізацыю камерцыйных праектаў дае аддзелу магчымасць скіроўваць пэўную долю творчых высілкаў на арганізацыю і правядзенне сацыяльна значных акцый, пра пэўныя з якіх мы вялі гаворку вышэй. А ёсць жа яшчэ і будзённыя нашы клопаты. Да прыкладу, праца дзесяці філарманічных пляцовак. Магілёўская філармонія, дарэчы, вельмі актыўна супрацоўнічае з нашым сялом. Уладзімір Бурканаў, адказны за гэтае супрацоўніцтва, пастаянна тэлефануе: нагадвае, прапаноўвае. У рэпертуары — і класіка, і эстрада, і фальклор. Словам, вясковыя філарманічныя залы пустымі не бываюць…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"