Вачыма Ларывона-мухі

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Амаль сур’ёзна пра смешнае
У народзе кажуць: “Слова лечыць — слова калечыць”. Бальшавікі ведалі сілу Слова, а таму ўжо на трэці дзень пасля рэвалюцыі Ленін падпісаў дэкрэт аб закрыцці газет са страху “извращения фактов” і “ложной информации”. Але як усачыць за пераказамі анекдотаў? Яны нараджаліся яшчэ пры жыцці правадыра, а ўжо пасля смерці — ішлі касяком…

/i/content/pi/cult/529/11463/14-6.jpg(Працяг. Пачатак у № 13.)

А на справе ішла спекуляцыя вобразам правадыра. Дзясяткі старых горача даказвалі, што менавіта яны неслі з Леніным тое легендарнае бервяно на суботніку! Сітуацыя стала анекдатычнай: тое бервяно павінна было мець даўжыню не менш як сорак метраў!..

А гэта ўжо пра Сталіна: іншая эпоха. У ананімным фальклоры: адчай, зласлівасць. Дакументы з архіва “Фонд 4п, справа № 12101”: “Справка об отдельных грубейших фактах нарушения революционной законности БССР за 2-е полугодие 1936 года”.

Сярод фактаў крадзяжу дзяржмаёмасці — вершык ананіма, Ларывона-мухі, ужо савецкіх часоў:

Разаб’ецца гаршок,

Рассыпецца каша,

Разбяжыцца калгас, —

Зямля будзе наша.

Але… не “разбяжаўся” калгас. Рэакцыя невядомага Ларывона-мухі з той жа справы:

Устань, Ільіч, і падзівіся,

Як калгасы разжыліся:

Пуня — ракам,

хата — бокам,

І кабыла з адным вокам.

Успыхваюць галодныя бунты, якія бязлітасна падаўляліся, часам, як на Тамбоўшчыне, — газам. І тым не менш, анекдот пра падзеі гэтых часоў:

Ленін, паміраючы: 

— Вой, баюся, таварыш Сталін, што народ за вамі не пойдзе…

— Тады ён пойдзе, таварыш Ленін, за вамі…

Зрэшты, нічога не страшыла “языкоў” нават у жорсткія савецкія часы. Пры “правадыры ўсіх народаў” вушы, што падслухоўвалі, былі паўсюль.

Сталін: — Як здароўе “буравесніка рэвалюцыі” таварыша Горкага?

Чэкіст: — Хворы. Прыкаваны да ложка.

Сталін:— Груба працуеце. Раскаваць.

У тым жа фондзе № 4п чытаем у даносе вершык, надрукаваны на машынцы:

Годзе вам, браццы,

змагацца,

Мала вас з намі жывець.

Час ужо з намі расстацца,

Сталін усіх вас заб’ець.

Таксама ананім? Неўміручы Ларывон-муха? Не, даведзены да адчаю селянін не пабаяўся паставіць уласны подпіс: “Крычаўскі раён, вёска Ананічы. Палучыць Калбееву Ягору Аўхімавічу”.

Ці варта гадаць, як склаўся лёс аўтара вершыка…

— Таварыш Сталін, кажуць, вы збіраеце анекдоты пра сябе? І ці шмат ужо сабралі?

Сталін: — Два з паловай лагеры.

Вясной 1937-га, у разгар рэпрэсій, рэдакцыя газеты “Звязда” атрымала рукапіс: 17 строфаў. Адваротнага адрасу не было, але на канверце, без сумневу, стаяла пячатка паштовага аддзялення адпраўшчыка.

Я мужык-трудавік,

А цяпер у мяне

Адабралі зямлю,

У калгас аддалі,

А я з голаду мру.

Восем дзетак маіх

Пухнуць з голаду ў прах,

Жонка хвора ляжыць,

Мазалі на руках…

А хто ж гэты новы Ларывон-муха, ужо яўны антысаветчык? Рэдакцыя высвятляць не стала, а на сваім бланку пераадрасавала пасланне: “В ЦК КП(б)Б Секретарю тов. Волковичу”. Там прачыталі.

А папросіш бульбін,

Ці працягнеш руку,

Кажуць, час ужо здыхаць

Жабраку-мужыку.

Вазьмі востру касу

І сякеру сваю —

З песняй грымць

на ўрагоў,

Адплаці за зямлю!

Пасля апошняй, 17-й страфы стаяў подпіс: “Ягор Бяздольны”. І, быццам дражнячы следчых, — тлумачэнне: “Вучань 7 класа, сын калгасніка, напісана 25 лютага 1937 года”. Сакавітая народная мова, ясныя рыфмы, вытрыманы рытм верша — ды няўжо гэта сачыненне сямікласніка?.. Вынікі таго следства — пэўна, у іншай папцы, у іншым архіве…

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр