(Працяг. Пачатак у № 13.)
А на справе ішла спекуляцыя вобразам правадыра. Дзясяткі старых горача даказвалі, што менавіта яны неслі з Леніным тое легендарнае бервяно на суботніку! Сітуацыя стала анекдатычнай: тое бервяно павінна было мець даўжыню не менш як сорак метраў!..
А гэта ўжо пра Сталіна: іншая эпоха. У ананімным фальклоры: адчай, зласлівасць. Дакументы з архіва “Фонд 4п, справа № 12101”: “Справка об отдельных грубейших фактах нарушения революционной законности БССР за 2-е полугодие 1936 года”.
Сярод фактаў крадзяжу дзяржмаёмасці — вершык ананіма, Ларывона-мухі, ужо савецкіх часоў:
Разаб’ецца гаршок,
Рассыпецца каша,
Разбяжыцца калгас, —
Зямля будзе наша.
Але… не “разбяжаўся” калгас. Рэакцыя невядомага Ларывона-мухі з той жа справы:
Устань, Ільіч, і падзівіся,
Як калгасы разжыліся:
Пуня — ракам,
хата — бокам,
І кабыла з адным вокам.
Успыхваюць галодныя бунты, якія бязлітасна падаўляліся, часам, як на Тамбоўшчыне, — газам. І тым не менш, анекдот пра падзеі гэтых часоў:
Ленін, паміраючы:
— Вой, баюся, таварыш Сталін, што народ за вамі не пойдзе…
— Тады ён пойдзе, таварыш Ленін, за вамі…
Зрэшты, нічога не страшыла “языкоў” нават у жорсткія савецкія часы. Пры “правадыры ўсіх народаў” вушы, што падслухоўвалі, былі паўсюль.
Сталін: — Як здароўе “буравесніка рэвалюцыі” таварыша Горкага?
Чэкіст: — Хворы. Прыкаваны да ложка.
Сталін:— Груба працуеце. Раскаваць.
У тым жа фондзе № 4п чытаем у даносе вершык, надрукаваны на машынцы:
Годзе вам, браццы,
змагацца,
Мала вас з намі жывець.
Час ужо з намі расстацца,
Сталін усіх вас заб’ець.
Таксама ананім? Неўміручы Ларывон-муха? Не, даведзены да адчаю селянін не пабаяўся паставіць уласны подпіс: “Крычаўскі раён, вёска Ананічы. Палучыць Калбееву Ягору Аўхімавічу”.
Ці варта гадаць, як склаўся лёс аўтара вершыка…
— Таварыш Сталін, кажуць, вы збіраеце анекдоты пра сябе? І ці шмат ужо сабралі?
Сталін: — Два з паловай лагеры.
Вясной 1937-га, у разгар рэпрэсій, рэдакцыя газеты “Звязда” атрымала рукапіс: 17 строфаў. Адваротнага адрасу не было, але на канверце, без сумневу, стаяла пячатка паштовага аддзялення адпраўшчыка.
Я мужык-трудавік,
А цяпер у мяне
Адабралі зямлю,
У калгас аддалі,
А я з голаду мру.
Восем дзетак маіх
Пухнуць з голаду ў прах,
Жонка хвора ляжыць,
Мазалі на руках…
А хто ж гэты новы Ларывон-муха, ужо яўны антысаветчык? Рэдакцыя высвятляць не стала, а на сваім бланку пераадрасавала пасланне: “В ЦК КП(б)Б Секретарю тов. Волковичу”. Там прачыталі.
А папросіш бульбін,
Ці працягнеш руку,
Кажуць, час ужо здыхаць
Жабраку-мужыку.
Вазьмі востру касу
І сякеру сваю —
З песняй грымць
на ўрагоў,
Адплаці за зямлю!
Пасля апошняй, 17-й страфы стаяў подпіс: “Ягор Бяздольны”. І, быццам дражнячы следчых, — тлумачэнне: “Вучань 7 класа, сын калгасніка, напісана 25 лютага 1937 года”. Сакавітая народная мова, ясныя рыфмы, вытрыманы рытм верша — ды няўжо гэта сачыненне сямікласніка?.. Вынікі таго следства — пэўна, у іншай папцы, у іншым архіве…
Працяг — у наступных нумарах "К".