Удзельнікі "Карагоду сена".
Падтрымліваюць з года ў год гэтае каляндарна-земляробчае свята яго носьбіты — удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” Сельскага дома культуры са Старога Сяла Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Веткаўскага раёна.
Людзі збіраюцца апоўдні ў цэнтры аграгарадка, каля Дома культуры, з граблямі, віламі, косамі, каб ісці з песнямі шарэнгай, дзвюма групамі — “На Пасху” і “На Канаплёўку”. Бытуе сярод сялян такое меркаванне: чыя група будзе большая, у таго сена — лепшае. Пасля гэтага ўдзельнікі шэсця вяртаюцца да Дома культуры, ставяць вядро з зямлёй, у якім “вырошчваюць хрэн”, суправаджаючы гэтую дзею карагодамі і просьбай да кума “даць хрэну”:
— Кум, дай хрэну!
— Бярыце хрэн,
Ён ужо вырас бальшы.
— Раз ён вырас, то к хрэну павінна быць і мяса!
— Будзе і мяса, будзе і сала, будзе і хрэн!
І так з пакалення ў пакаленне: старасельцы ў карагодзе далучаюцца да сакральных дзеянняў, ажыццяўляюць сваю мару аб дабрабыце ды спадзяюцца на шчаслівую долю.
Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці