Чарга па месца ў гісторыі

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

“Самазабойца” на слонімскай сцэне
У Слонімскім драматычным тэатры адбылася здача новага спектакля па п’есе рускага драматурга Мікалая Эрдмана “Самазабойца” ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Васіля Сяўца. Прэм’ерны паказ на сцэне тэатра запланаваны на заўтра.

/i/content/pi/cult/529/11455/8-2.jpg

Сцэна са спектакля "Самазабойца". 

П’еса, як і спектакль “Самазабойца”, — гэта твор аб свабодзе, гэта бунт “маленькага” чалавека супраць вялікага механізма націску, супраць знішчэння жыватворных магчымасцей асобы. Эрдман некалі быў адзіным сатырыкам у савецкай драматургіі, які высмеяў сістэму ўлады, а не асобныя чалавечыя недахопы.

Камічная і трагічная, п’еса Эрдмана — пра чалавека, які не знаходзіў сабе месца ў жыцці да таго часу, пакуль не вырашыў з жыццём развітацца. Гэтым чалавекам з’яўляецца Сямён Сямёнавіч Падсякальнікаў, каго цудоўна ўвасобіў вядучы майстар сцэны тэатра Уладзімір Навумік. Сямён Сямёнавіч — звычайны чалавек, беспрацоўны і даволі апалітычны. Але Падсякальнікаў усяго за некалькі гадзін можа ператварыцца ў “героя свайго часу”. Для гэтага яму трэба толькі… застрэліцца! Але найперш ён павінен напісаць прадсмяротную запіску, у якой і паведаміць тое, што папросяць, як прычыну самазабойства. Ахвотных “увайсці ў гісторыю” з дапамогай гэтай запіскі даволі шмат, яны ўжо літаральна сталі ў чаргу, але ёсць адна акалічнасць: Сямён вельмі хоча жыць! Адначасова яму становіцца зразумела, што ён не проста хоча жыць, але і зусім не хоча паміраць за ідэю, тым больш — за чужую.

Ёсць у спектаклі і цікавая роля Арыстарха Дамінікавіча Град-Скубіка, якога бліскуча сыграў артыст тэатра Сяргей Яўменаў. Ён просіць Сямёна Сямёнавіча застрэліцца ад імя інтэлігенцыі, што пастаянна маўчыць, бо яе прымушаюць, а мёртвага маўчаць не прымусіш. Выстрал Падсякальнікава разбудзіць краіну, ягоны партрэт надрукуюць усе газеты і зладзяць яму грандыёзнае пахаванне!

Шчырымі і запамінальнымі атрымаліся ролі жонкі Сямёна Сямёнавіча — Марыі Лук’янаўны і яго цешчы — Серафімы Ільінічны ў выкананні артыстак тэатра Наталлі Шугай і Надзеі Ільчанка. Тэмпераментнай і смелай атрымалася Маргарыта Іванаўна Перасветава, каго бліскуча ўвасобіла Вікторыя Міхальчык. Суседа Падсякальнікава — Аляксандра Пятровіча Калабушкіна цікава сыграў артыст Сяргей Фурса. А вобраз мясніка Нікіфара Арсенцьевіча Пугачова запамінальна стварыў Віталь Спасюк. Вельмі арыгінальнымі, вясёлымі і яркімі атрымаліся ролі Клеапатры Максімаўны і Раісы Піліпаўны, а таксама Мадысткі ў выкананні маладых таленавітых актрыс Наталлі Бярэзінай, Юліі Чурыла і Галіны Ерамейчык. Дый Ягорушка Рамана Вайтулевіча — смелы і рашучы. Наогул, у спектаклі “Самазабойца” занята ўся акцёрская трупа — ад вядучых майстроў сцэны да маладых артыстаў. Іскрамётны гумар эрдманаўскай п’есы, памножаны на ігру кожнага акцёра, прымушае выбухаць смехам залу.

Пастаноўка выглядае даволі трагічнай. І ў той жа час — смешнай. Паглядзеўшы спектакль, мы доўга будзем думаць пра месца грамадзяніна ў грамадстве, а таксама аб узаемаадносінах сістэмы ды асобы і пра тое, ад каго з гэтых двух бакоў у большай ступені залежыць магчымасць чалавека быць Чалавекам, прычым шчаслівым…

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык літаратурна-драматычнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра