На мове адной сям’і

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Вось што мы страцілі, так і не адшукаўшы замены, — гэта заахвочванне далучацца да культуры ў самым шырокім сэнсе сем’ямі. Каб усе разам, каб больш пераканаўча атрымлівалася для дзяцей, каб не “да ліхтара” было і дарослым. Пра гэта падумалася пад час нядаўна наведанага канцэрта аднаго небезвядомага айчыннага гурта.

/i/content/pi/cult/528/11426/2-6.jpgДы пра той канцэрт — крыху пазней. Адразу ж зазначу, каб пазбегнуць упіканняў з боку найбольш актыўнай часткі работнікаў культуры: спробы па адраджэнні сямейных традыцый сапраўды робяцца. Часам — на сталым узроўні. Нешта прапануюць тэатры, існуюць канцэртныя праграмы музычнай класікі для сямейнага наведвальніка, а колькі размоў вядзецца пра патрэбу ў сямейным чытанні і сямейным кіно. Урэшце, захады робяцца немаленькія. Ды наўрад ці атрымаецца тое ж сямейнае кіно папраўдзе сямейным, калі яно па факце альбо дзіцячае з элементамі “даросласці”, альбо, наадварот, дарослае, але з цікавымі і для малодшага пакалення сцэнамі.

Урэшце, як мне падаецца, ініцыятывы стварэння сямейнага прадукту на розных узроўнях нашай культуры маюць нярэдка кірунак адукацыйны і ў меншай ступені інклюзіўны. Я да таго, што дзеці разам з бацькамі часцяком выконваюць ролі гледачоў ці слухачоў — атрымальнікаў інфармацыі.

Для мяне зусім нечаканым месцам праяў сямейнага баўлення часу стаў адзін сталічны клуб, а больш дакладна — канцэрт гурта “Крама” ў ім. Тут гучаў, як кажуць, стары добры рок-н-рол і блюз. І за час выступлення я і налічыў дзясяткі паўтара сем’яў з дзецьмі рознага веку. Вось дзяўчынка гадоў дзесяці разам з мамай і татам, а вось крыху малодшая, якую ейны тата хоча адзняць на свой смартфон да пачатку выступлення побач з гітарамі музыкантаў. Бачыў я і падлеткаў разам з бацькамі і бадай паўнагадовага сына з ягоным салідным бацькам. І абодва яны спявалі тыя ж песні. Вось пабачыў бы таго бацьку на вуліцы, нават і падумаць не змог бы, што ён можа па-беларуску вольна размаўляць. А ён нават спявае ды ведае тэксты старых і новых песень гурта! (Для цікаўных: у клубе гэтым на канцэртах курэнне забаронена, не бачыў і таго, каб тыя ж дарослыя сямейныя наведвальнікі спажывалі піва ці больш моцныя напоі.)

Дадзены факт сумеснага баўлення часу адной асобна ўзятай сям’ёй мне цікавы перадумовамі, а таксама больш працяглымі ў часе вынікамі ад тых дзвюх з невялікім гадзін. Бо не было ж да гэтага канцэрта прома-акцый кшталту “Падары білеты “продкам”, як некалі зрабілі арганізатары канцэрта аднаго з амерыканскіх гуртоў — ветэранаў рок-сцэны ў Мінску. Атрымліваецца, узровень якасці гурта (айчыннага!) пераканаў пайсці на тое выступленне.

Хто каго выцягнуў на канцэрт? Бацька — аматар са стажам ці сын, зрабіўшы падарунак тату? Але гэта не так істотна, калі яны апынуліся там разам. Таму пра “наступствы”. Малодшым дзеткам падзея запомніцца сямейным паходам на дарослы рок-канцэрт (а некалі ж яны абавязкова пераслухаюць тую “Краму”, што вось так нечакана закранула іх малечамі), старэйшым — ужо свядомым адчуваннем еднасці з бацькамі. Гэта значыць, яны размаўляюць, калі не на адной, дык на цалкам зразумелай мове, знаходзяць паразуменне, сапраўды мацуюць стасункі.

Дык вось, падобнай еднасці правераным часам намінальна сямейным культурным імпрэзам бракуе. Вось мы ўсе разам, а быццам і паасобку, нібыта выконваем нейкі абавязак перад грамадствам ды яго асобнай ячэйкай. Але бракуе часам, як паветра, адчування з’яднанасці ў рамках самой сям’і.

Дарэчы, паглядзеўшы на іншых, я таксама захацеў пайсці разам з сынам на такога кшталту канцэрт. Для пачатку — на адкрытую пляцоўку, а пасля і ў залу. Каб ён паслухаў музыку, блізкую мне, няхай і трошкі дарослую для яго. Каб і мы з ім размаўлялі на адной мове.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах