Погляд ці… гульня ў будучыню

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

У Гродне — выстаўка маладых мастакоў
Выстаўка “Аrt-панарама”, што працуе ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, прысвечана Году моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Шматлікія маладыя ўдзельнікі з Мінска, Гродна, Віцебска прадставілі творы ў розных відах мастацтва, тэхніках выканання, матэрыялах, стылістыцы, дзе адлюстроўваюцца іх уражанні ад асэнсавання навакольнага свету.

/i/content/pi/cult/527/11414/8-1.jpg

Найбольш значны раздзел жывапісу выяўляе эстэтычнае шматмоўе, калі побач з традыцыйным рэалізмам Васіля Пешкуна, Руслана Сяргеева суседнічаюць іх жа больш імпрэсіўныя ці гістарычна-абагульненыя кампазіцыі. Вобразная лаканічнасць палотнаў Яўгена Рамашова падтрымліваецца геаметрызацыяй форм у творах Максіма Бародзіча, выразнасцю каларыстыкі ў кампазіцыях Алега Касцючэнкі і Аляксея Спорскага, а “гульня ў будучыню” Ягора Шакаладава суадносіцца з таемнасцю венецыянскіх масак Аляксандра Васілевіча.

Ледзь іранічныя, але пранікнёныя, з лёгкай настальгіяй жанравыя работы Ганны Сілівончык, нацюрморты з цацачнымі фігуркамі Сняжаны Віцецкай, кампазіцыі з глыбокім экспрэсіўным падтэкстам Вольгі Мельнік-Малахавай, напоўненыя энергіяй іспанскіх рэалій Вольгі Нячай, электронна-мазаічнай вобразнасцю Аляўціны Башкатавай дэманструюць “жаночую” жывапісную лінію з выразнай індывідуальнасцю выяўленчай мовы.

Інтэлектуальная вытанчанасць графічных твораў грунтуецца на паглыбленай у знакавасць, складанай вобразнасці Ягора Шакаладава, Паліны Піраговай, Вольгі Кукалевіч, крэатыўнай распрацоўцы архітэктурных матываў Наталлі Клімовіч, празрыста-умоўнай візуалізацыі свету насякомых Анастасіі Шупранавай. Дэкаратыўная кідкасць літаграфій Андрэя Ярашэвіча скіравана да народных балгарскіх матываў, а лёгкасць акварэлі Алега Брайнінгера ўзнаўляе гарадскія рэаліі.

Выкарыстоўваючы неардынарную архітэктоніку, сімволіку зместу, імкнуцца ўвасобіць ва ўмоўнай скульптурнай форме значныя для чалавека абагулена-светапоглядныя паняцці, што суадносяцца са станам душы, стасункамі ў грамадстве, Вольга Орсік, Алена Ліпінская, Арцём Мядзведзеў, Аляксандр Сакалоў. Моцнай пачуццёвай энергетыкай прасякнуты жаночыя і мужчынскія пластычныя вобразы Івана Арцімовіча. Загадкавым канструкцыйным рашэннем у выглядзе фантастычнай істоты адрозніваецца магутны арт-аб’ект з лазы і дрэва Васіля Цімашова і Аліны Піраговай, што метафарычна актуалізуе прыродныя сувязі.

Цэнтральным акцэнтам экспазіцыі сталі вырабы з лямцу, воўны, якія складваюцца ў цікавыя кампазіцыі, што звяртаюцца да беларускіх нацыянальных каштоўнасцей. Вераніка Фаміна ўзнаўляе форму цудадзейнага традыцыйнага каменнага крыжа-абярэга, Анастасія Арайс — цяжкія камяні-жорны, што размешчаны на стылізаваным “зямным покрыве” — кавалку авечай поўсці з лямцаванымі раскіданымі “валунамі”, Людміла Дамнянкова і Наталля Аждзер “паліваюць” цудадзейныя расліны з лямцу. Світак з біблейскім тэкстам Веранікі Багачовай заклікае да духоўнасці быцця. З тых жа матэрыялаў выкананы жанравыя кампазіцыі-спектаклі Кацярыны Неўгень, дзе ў адзінай прасторы добрыя і прывабныя персанажы ствараюць і сучасную казку, і сучасную рэчаіснасць.

Элегантныя мастацкія лялькі Таццяны Лемза не столькі пераносяць гледача ў далёкі настальгічны свет дзяцінства, колькі выклікаюць у душы ўзвышаныя асацыяцыі, звязаныя з магіяй высокай паэзіі і музыкі.

Асобна вылучаюцца арыгінальныя камплекты адзення Аляксандры Гірас, Алены Вітко, калі рукі майстра здольны звычайны лямец ператварыць у элегантныя капелюшы і сумкі, зрабіць імітацыю шаўковай ці лёгкай ажурнай тканіны на сукенках і шаліках, што спрыяе эстэтычнаму пераўвасабленню сучаснай жанчыны.

Лінеарна-каларыстычная згарманізаванасць аўтарскіх вітражоў у форме круга Андрэя Буйко і Вольгі Кукалевіч надаюць святочнасць і ўрачыстасць высокім праёмам вокнаў музейнай залы.

Прадстаўленыя аўтары, хоць і маладыя, шмат чаго дасягнулі ў творчасці, з’яўляючыся ўдзельнікамі многіх рэспубліканскіх і замежных выставак, членамі Беларускага саюза мастакоў ці стыпендыятамі фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Іх творы, часта неадназначныя па сваім прафесійным узроўні, вылучаюцца смеласцю выяўленчых рашэнняў, унутраным запалам, жаданнем сказаць сваё слова ў мастацтве. У гэтым іх можна толькі падтрымаць.

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца

Гродна