“Кроніка…” У.К.

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

У Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе выстаўка “Кроніка Уладзіміра Крукоўскага”, дзе прадстаўлена 37 твораў сябра Беларускага саюза мастакоў, пачынальніка айчыннага гістарычнага плаката. Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Якубавіча прайшлі у Ружанах на Пружаншчыне. А выстаўка з’яўляецца своеасаблівай рэтраспектывай творчасці мастака-земляка, якая знаёміць з яго рознапланавай і шматграннай творчасцю.

/i/content/pi/cult/527/11413/8-9.jpg

Работы Уладзіміра Крукоўскага, прадстаўленыя на выстаўцы.

Прадстаўленыя работы яскрава сведчаць пра тое, што ў Крукоўскага няма прахадных тэм і твораў. Кожны з плакатаў, а іх аўтар зрабіў больш як дзве сотні — гэта ўдумлівы водгук на з’явы і падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве, вынік сур’ёзнай працы, філасофскага асэнсавання тэмы. Таму творы мастака маюць вялікае эмацыйнае ўздзеянне на гледача: за простымі, на першы погляд, мастацкімі сродкамі і выявамі — глыбіня, душа, эмоцыя, грамадзянская пазіцыя. На іх — мінулае і сучаснасць, гісторыя і захаванне нацыянальнай спадчыны, барацьба за мір і чысціню навакольнага асяроддзя, здароўе чалавека і яго бяспека, культура і спорт…

На выстаўцы ў “Пружанскім палацыку” можна ўбачыць плакаты, створаныя мастаком у 1970-я — 2000-я. Сярод іх — дэбютны плакат Уладзіміра Крукоўскага, які прынёс аўтару мастацкае і грамадскае прызнанне ў 1972 годзе ды неаднаразова дэманстраваўся ў розных краінах свету, быў надрукаваны ў каталогах, часопісах, газетах, кнігах. Называецца ён “Зверанят, нібы братоў малодшых…” Таксама экспануецца твор “Назаўсёды ў памяці народа” (1975), які меў поспех на славутым Варшаўскім біенале плаката.

Адной з вядучых тэм у творчасці Уладзіміра Крукоўскага з’яўляецца Беларусь — яе гісторыя і культура, мінулае і сучаснасць, знакавыя падзеі і асобы. Гэта грань дзейнасці мастака адлюстравана на выстаўцы найбольш поўна: “Павага да мінулага”, “Грунвальд. 1410”, “Білінгвізм”, “Не згасне”, “120 гадоў паўстанню 1863 — 1864 гадоў”, юбілеі Цёткі, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Язэпа Драздовіча — вось няпоўны пералік твораў, прадстаўленых у “...Палацыку”.

Мастак працягвае працаваць і сёння, заўсёды застаючыся верным сваім ідэалам і тэмам. У 2015 годзе Уладзімір Якубавіч адзначае юбілей — 40 гадоў сяброўства ў Саюзе мастакоў. Персанальная выстаўка ў Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” з’яўляецца своеасаблівым прысвячэннем гэтай даце, адлюстроўвае хроніку жыцця майстра і дзяржавы.

Наталія ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”