Работы Уладзіміра Крукоўскага, прадстаўленыя на выстаўцы.
Прадстаўленыя работы яскрава сведчаць пра тое, што ў Крукоўскага няма прахадных тэм і твораў. Кожны з плакатаў, а іх аўтар зрабіў больш як дзве сотні — гэта ўдумлівы водгук на з’явы і падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве, вынік сур’ёзнай працы, філасофскага асэнсавання тэмы. Таму творы мастака маюць вялікае эмацыйнае ўздзеянне на гледача: за простымі, на першы погляд, мастацкімі сродкамі і выявамі — глыбіня, душа, эмоцыя, грамадзянская пазіцыя. На іх — мінулае і сучаснасць, гісторыя і захаванне нацыянальнай спадчыны, барацьба за мір і чысціню навакольнага асяроддзя, здароўе чалавека і яго бяспека, культура і спорт…
На выстаўцы ў “Пружанскім палацыку” можна ўбачыць плакаты, створаныя мастаком у 1970-я — 2000-я. Сярод іх — дэбютны плакат Уладзіміра Крукоўскага, які прынёс аўтару мастацкае і грамадскае прызнанне ў 1972 годзе ды неаднаразова дэманстраваўся ў розных краінах свету, быў надрукаваны ў каталогах, часопісах, газетах, кнігах. Называецца ён “Зверанят, нібы братоў малодшых…” Таксама экспануецца твор “Назаўсёды ў памяці народа” (1975), які меў поспех на славутым Варшаўскім біенале плаката.
Адной з вядучых тэм у творчасці Уладзіміра Крукоўскага з’яўляецца Беларусь — яе гісторыя і культура, мінулае і сучаснасць, знакавыя падзеі і асобы. Гэта грань дзейнасці мастака адлюстравана на выстаўцы найбольш поўна: “Павага да мінулага”, “Грунвальд. 1410”, “Білінгвізм”, “Не згасне”, “120 гадоў паўстанню 1863 — 1864 гадоў”, юбілеі Цёткі, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Язэпа Драздовіча — вось няпоўны пералік твораў, прадстаўленых у “...Палацыку”.
Мастак працягвае працаваць і сёння, заўсёды застаючыся верным сваім ідэалам і тэмам. У 2015 годзе Уладзімір Якубавіч адзначае юбілей — 40 гадоў сяброўства ў Саюзе мастакоў. Персанальная выстаўка ў Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” з’яўляецца своеасаблівым прысвячэннем гэтай даце, адлюстроўвае хроніку жыцця майстра і дзяржавы.
Наталія ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”