Чаму не выбраў "птушаня"

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Беларускія песняры”
Якое маё стаўленне да вакальных конкурсаў, папулярных апошнім часам? Па шчырасці, дваістае.

/i/content/pi/cult/527/11409/5-13.jpgМяне, як, бадай, і кожнага гледача, захапляюць выканаўцы, якіх адкрывае і расійскае шоу “Голас”, і яго замежныя прататыпы: усе сацыяльныя сеткі запоўнены відэаролікамі манашак з крыштальнымі спевамі ды хлопцамі а-ля Сінатра! Захапляе ў такіх праектах і падача, і рэпертуар, і празорлівасць настаўнікаў.

Але як прафесіянал, які не адзін год працуе ў шоу-бізнесе, я спыню сваю ўвагу на некаторых дэталях. У першую чаргу на тым, ці рэальна метадам “сляпога” адбору сабраць прафесійную каманду вакалістаў, куды трапляюць і некалькі мегапрофі? Ці не “зазіраюць” выпадкам настаўнікі ў вынікі папярэдняга кастынгу, каб пад час запісу не “прамахнуцца” ў націсканні кнопкі? Які ўплыў у прадзюсараў тэлеканала? Ды і няўжо профі, што дзесяцігоддзямі працуе ў музыцы, спакусіцца на вокамгненную тэлеславу? Не верыцца… Разам з тым, дзея на экране, эмоцыі ўсіх удзельнікаў праекта нібыта пераконваюць у тым, што перад намі — “рэаліці”.

Дый каб сапраўды тут бачылася пэўная інсцэніроўка, я ўсё роўна зняў бы капялюш перад тэлевізійшчыкамі, бо на выхадзе — якасць. На жаль, такое ж меркаванне мне цяжка выказаць наконт большасці беларускіх тэлешоу па пошуку талентаў. Урэшце, мяне як даволі занятога артыста, які праз гастролі не можа прысутнічаць дзень пры дні ў Беларусі, скажам, цягам месяца, “спакусіць” некалькімі лішнімі тэлеэфірамі складана. Дык чаго мне будзе каштаваць такая занятасць?..

Выбраўшы сабе “птушаня”, я мусіў бы, па ўмовах аднаго з праектаў, правесці яго па прыступках кастынгаў ды канцэртаў. Пры гэтым настаўнік атрымлівае “галаўны боль” не толькі ў плане педагагічным ды творчым (апошняе якраз — натуральна і прымальна, бо маю досвед выкладчыцкай працы). На яго кладуцца выдаткі па распрацоўцы іміджа маладога артыста, арганізацыі прамоўшна ў рамках праекта. Дзяліся і сваімі фанаграмамі, напрацоўкамі, шукай рэпертуар, у тым ліку новы. Да ўсяго, як казалі калегі, што зведалі на сабе ўдзел у такіх шоу, не кожны канкурсант акажацца гатовым не тое каб да крытыкі, але нават да атрымання новых ведаў. Думаюць, што зоркамі, безумоўна, нараджаюцца… А мы (прынамсі, наша пакаленне) думалі, наіўныя, што гэта — вынік штодзённай працы…

І вось, гледзячы на чарговы беларускі вакальны конкурс, я часам нават думаю: мо і добра, што не пагадзіўся браць у ім удзел. Калі ўзважыць выдаткі (назаву гэтым словам усе захады, якія давялося б задзейнічаць) і вынікі, то шалі апусціліся б у бок першага. Да ўсяго, пасля конкурсу перад пачаткоўцам — нават пераможцам! — наўрад ці сталі б адкрывацца ўсе дзверы. Парадаксальна, але нават на тым самым канале, дзе адбылося спаборніцтва…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах