Песня дня сённяшняга

№ 14 (1192) 04.04.2015 - 10.04.2015 г

Ірына ВІДАВА, спявачка
У хуткім часе прадстаўлю новую беларускамоўную песню. Яна створана на словы паэта Алеся Ліпая, а музыку для яе напісаў Алег Молчан. Яшчэ раней я выконвала песню “Дзве таполі” на словы Янкі Купалы з музыкай таго ж кампазітара.

/i/content/pi/cult/527/11407/5-11.jpgДык вось, менавіта тады я адчула, што на беларускай мове песні могуць гучаць вельмі прыгожа і годна. Сёння мы задаволены новай работай і нават ганарымся ёю. Справа ў тым, што калі Алег Молчан, да прыкладу, вельмі даўно працуе ў нацыянальным кантэксце, з айчыннай песняй, дык я толькі пачынаю гэты шлях. Але мне гэта падаецца вельмі важным, і вось чаму.

Зараз можна казаць пра тое, што ў беларускім грамадстве паступова пачынае ўзрастаць цікавасць да беларускай жа песні, асабліва ў апошнія гады. І я хачу паўдзельнічаць у такім, так бы мовіць, трэндзе. З той мэтай, каб нашу нацыянальную самасвядомасць вывесці на больш высокі ўзровень менавіта з дапамогай беларускай песні.

Тым больш, сёння ў нацыянальнай песні ў шырокім сэнсе хапае шматлікіх надзённых праблем. Мабыць, называць іх тут усе не мае сэнсу. Спынюся толькі на той, якая хвалюе і вельмі важная для мяне.

На мой погляд, беларуская песня сёння зазвычай робіцца не вельмі якасна. Часцей за ўсё лічыцца, што дастаткова адной беларускай мовы, каб песня “прагучала”, стала запатрабаванай, што песня “на мове” — гэта ўжо само па сабе вельмі здорава і класна. Але кожны ж разумее: таго відавочна недастаткова. Бо, акрамя беларускай мовы, трэба з песні стварыць добры, якасны прадукт, запатрабаваны ў грамадстве, а для гэтага варта пакласці беларускія словы на добрую, якасную музыку. Толькі тады такую песню будуць слухаць, ёю будуць захапляцца, яе будуць перапяваць і казаць, што гэта крута і вельмі добра.

Таму, напрыклад, мы, працуючы над новай песняй, звярталі ўвагу і на мову, і на сэнс, і на музыку, і на сучасную аранжыроўку, і на сучаснае ж выкананне. Як на мой погляд, дык у нас атрымалася цалкам актуальная работа, якая дыхае, жыве ў цяперашнім дні беларускага грамадства. Вельмі важна, што гэта песня сённяшняга дня, што ў ёй не спяваецца пра этнаграфію, балоты, старадаўнія з’явы ды працэсы. І гэтым шляхам трэба, на маю думку, ісці і іншым творцам. Каб у іх новых беларускамоўных песнях адчувалася, што яны створаны ў сучаснай краіне, што спяваецца ў іх пра сённяшнюю Беларусь, яе праблемы, радасці, перамогі. І тым больш гэта актуальна зараз, калі перад намі востра стаіць пытанне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, самасвядомасці. Таму ствараць падобныя песні варта з улікам іх запатрабаванасці, адпаведнасці сённяшняму дню, сённяшнім рэаліям. Спадзяюся, у нас так і атрымалася. І ў перспектыве плануем працягнуць працу над стварэннем новых беларускамоўных работ…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"