Прыгоды “гукача”

№ 13 (1191) 28.03.2015 - 03.04.2015 г

Тэхнічныя сакрэты з трох вядомых гастролей “Песняроў”
Знайсці звесткі пра першага гукарэжысёра “Песняроў” Мікалая Пучынскага складана: апрача факта яго працы, згадваецца Пучынскі ў эпізодзе з наладкай электраправодкі ў час амерыканскіх гастролей і пры запісе альбома 1978 года. “Вылічыўшы” Мікалая Дзмітрыевіча ў ліку супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі (ён там інжынер па гукатэхніцы), запісалі гісторыі пра замежныя гастролі “Песняроў”. Многія з іх гучаць упершыню.

/i/content/pi/cult/526/11397/14-1.jpg

Германія

— Аднойчы а 17-й у філармонію паступіў званок: заўтра “Песняры” маюць прыбыць у савецкае Пасольства ў Берліне — загад Машэрава, які сам выехаў з дэлегацыяй у ГДР. Паспець атрымаць усе дазволы на выезд, падрыхтаваць апаратуру, сабраць рэчы і патрапіць на вячэрні цягнік нерэальна. Але… Выклікаў сам Машэраў, таму справа вырашалася імгненна! І гэта пры тым, што дакументы ўдзельнікаў і супрацоўнікаў ансамбля былі ў сейфе Міністэрства культуры БССР, а адказнага за захаванне ключа супрацоўніка не маглі знайсці. Карацей, нам тэрмінова выпісалі новыя пашпарты: балазе ў аддзеле кадраў філармоніі знайшліся фота. Ды і праблем з памежнікамі пры такіх спехам зробленых дакументах не ўзнікла.

Непадалёк ад Пасольства і гатэля, дзе нас пасялілі, знаходзілася папулярная крама адзення “Югенд модэн”. Туды скіраваў мяне Уладзімір Мулявін, калі пабачыў, што з усіх “Песняроў” у дыпмісіі я буду выглядаць хіпаром. І вось у “Югенд модэн” я даволі танна набываю сабе гарнітур, абутак. Ды, як аказалася, заданне кіраўніка ансамбля я нават перавыканаў: пасля канцэрта ў Пасольстве Пётр Міронавіч падышоў да “Песняроў”, каб выказаць падзяку за выступленне, і першаму паціснуў руку… мне, прыняўшы, відаць, праз навюткі касцюм за адміністратара. Мулявін тады зірнуў на мяне крыху спадылба, але, вядома, не пакрыўдзіўся.

Пад час іншых гастролей мы апынуліся ў адной брыгадзе з расійскім ансамблем. І скрыпач “Песняроў” Чэсік Паплаўскі заўважыў, што калегі выходзяць з недалёкай ад гатэлю крамкі з падазрона поўнымі пакункамі, неадпаведнымі суме камандзіровачных. Аказалася, зачасцілі калегі ў магазін немца, які, вярнуўшыся дадому пасля палону ў СССР, надта падабаў савецкіх грамадзян, адорваючы іх прадуктовымі знакамі прыязнасці. Шкада, што даведаліся мы пра “шару” перад ад’ездам і “акцыяй” скарысталіся толькі аднойчы…

Па прыездзе з берлінскага Фестывалю моладзі і студэнтаў у 1973-м пабачыў сваё вялікае фота ў мінскім гастраноме “Сталічны”. А наогул, нас там багата здымалі на ТБ, прычым разлічваліся гатоўкай у канверце. І сума нават на ўсіх — прыстойная, а бывала, што яе выплачвалі і некалькі разоў на дзень за кожныя асобныя здымкі! Грошы тыя мы не здавалі ў Пасольства (усё роўна ж не распісваліся за іх), а дзялілі пароўну, каб не ўзнікала ні ў каго зайздрасці. А пад канец паездкі нават адмаўляліся ад канвертаў: і так хапала. Прычым настолькі, што Чэслаў Паплаўскі нават латарэю мясцовую набываў! А набыць нічога істотнага сабе не маглі: адразу ўзнікла б пытанне, на якія грошы?

Францыя

— Калі калектыў разам з перакладчыкам выляцеў у Каны (пачатак 1976-га), я застаўся ў парыжскім аэрапорце чакаць наступны рэйс. Са мной толькі араб — кіроўца фургона, напоўненага нашай тэхнікай. Ніякіх прыкмет цікавасці да сябе з боку служачых аэрапорта не заўважыў. І патэлефанаваць у Пасольства складана: мае веды ў французскай — нулявыя, а рускай мовай не валодала супрацоўніца аэрапорта. Да ўсяго, мне прапанавалі заплаціць за карыстанне тэлефонам. Але, крыху павысіўшы голас і паўтарыўшы пытанне, знайшоў шлях да паразумення.

Нарэшце прыехаў саветнік па культуры, які вырашыў усе пытанні і з разгрузкай тэхнікі, і са мной. Ды назаўтра з ілюмінатара самалёта я пабачыў, што загрузілі ў яго апаратуры прыкладна ўдвая менш, чым мы прывезлі. І сапраўды, у аэрапорце непадалёк ад Канаў на канвееры пабачыў не ўсе скрынкі. Што ж, зноўку сяджу, чакаю. І вось праз даволі доўгі час убягае збянтэжаная жанчына і шукае вачыма кагосьці. Гэта аказалася перакладчыца, што, пабачыўшы мяне, уздыхнула з палёгкай, а таксама знайшла “канцы” нашага груза: яго абяцалі пасля дастаўкі ў аэрапорт скіраваць непасрэдна ў Каны! Адно што асобны нумар у Канах я згубіў: яго аддалі спявачцы Валянціне Панамаровай…

ЗША

— Найбольш вядомы выпадак (падзеі восені 1976-га), калі я трапіў у рэпартаж амерыканскага журналіста. Там я праходжу як “хлопец у скураной куртцы мотагоншчыка”. А згадалі мяне праз тое, што амерыканскі стандарт напружання не падыходзіў пад савецкія 220 Вт, пад якія была “заточана” апаратура “Песняроў”. Мы звярнуліся да адміністратараў залы і атрымалі бюракратычны адказ: маўляў, электрыка няма, яго трэба выклікаць, а гэта цяпер немагчыма... Але ж праз колькі гадзін канцэрт, таму я прапанаваў наладзіць усё ўласнымі сіламі. Ды амерыканец пачаў распісваць цяжар адказнасці, што зваліцца на яго плечы, калі ён дазволіць мне дакрануцца да шчытка. Тады я прапанаваў яму паказаць мне шчыток і сысці. Так і выйшла. Усё, на шчасце, скончылася добра, канцэрт адбыўся, але такая ж гісторыя паўтаралася ў кожным горадзе, дзе мы выступалі. А артыкул распісваў тую справу як геройства!

Калі ў амерыканцаў з “Нью Крысці Менестрэлс”, з якімі мы гастралявалі, у іншым гарадку зламаўся ўзмацняльнік (ды яшчэ і бліжэй да вечара ў выхадны), я паабяцаў “менестрэлям” дапамогу проста на пляцоўцы. У выніку, яны спрачаюцца на віскі, ці атрымаецца ў мяне адрамантаваць прыбор. Атрымалася! Той з іх, які прайграў, падарыў мне каўбойскі пас ды той самы віскі.

Другія гастролі — налета — хутка згарнуліся з-за таго, што амерыканцам прапанавалі тыповы савецкі ўрадавы канцэрт. Напрыклад, на мініяцюры пра п’янтоса-сантэхніка не было ў зале ніводнага смяшка: такое стаўленне да працы для тамтэйшых — трагедыя. Да ўсяго, амерыканцы склалі дамову такім чынам, што ўсе выдаткі па канцэртах, якія не адбыліся, клаліся на савецкі бок. А яшчэ і апаратуру нашу арыштавалі: аказалася, з тэатрам яшчэ не паспелі разлічыцца. Таму ў Саюз вылецелі ўсе артысты, а засталіся кіраўнік групы, прадстаўнік ансамбля “Рускі сувенір”, а таксама я, адказны за “песняроўскі” апарат. Калі справа з тэхнікай (і з усім рэквізітам гастрольнай брыгады) нарэшце вырашылася, у нью-ёркскім аэрапорце імя Кэнэдзі перакладчыца нешта патлумачыла кіроўцу, пасадзіла мяне ў машыну да яго, а сама села ў іншы легкавік. Калі грузавік з тэхнікай спыніўся ля аднаго з тэрміналаў аэрапорта, хлопцы-грузчыкі падышлі разгружаць кузаў. Я да іх з дапамогай, а яны нешта мне тлумачаць. Але ж я іх не разумею, таму працягваю разгрузку фуры. Тады грузчыкі сядаюць гуляць у карты.

Разгрузіўшы ўсё сам, чакаю, калі мной хтосьці зацікавіцца. Але навокал нікога, апроч тых самых рабочых. Спрабую даведацца ў іх, як знайсці нумар прадстаўніцтва “Аэрафлота”. Пасля доўгіх перамоў мы паразумеліся, і мне набралі патрэбны нумар. Пераказваю сваю гісторыю, а потым клічу аднаго з амерыканцаў, каб патлумачыў, дзе я. Ён, пагутарыўшы, кладзе слухаўку. Зноў чаканне, якое празмерна зацягваецца. Тады прашу яшчэ раз набраць нумар. Аказваецца, майго тэлефанавання ўжо чакалі: дыспетчар перадала інфармацыю, але ж так і не змагла патлумачыць кіраўніку групы, дзе я. А жанчына тая ўжо панікуе: ні мяне, ні апаратуры! І якая ў яе была палёгка, калі яна пачула мой голас і ўсё высветлілася.

А што да паводзін грузчыкаў, дык мне патлумачылі, што я, аказваецца, спрабаваў адабраць іх працу. Таму сваёй дапамогі я нават і не прапаноўваў пры пагрузцы.

 

***

— А першыя гастролі “Песняроў” за мяжу я прапусціў. Тыя, у 1971-м, калі ансамбль у Сопаце сустрэўся з Чэславам Нэмэнам. Адбылося так, што мяне не выпусціла з краіны Мінкультуры праз непазначаныя абставіны біяграфіі, якія, праўда, інстанцыя, куды звяртаўся па кансультацыю, сказала не пазначаць. Але пачынаючы з выезду ансамбля ў Чэхаславакію ў 1972-м, быў нязменна з творчым складам да свайго сыходу з калектыву ў 1978-м...

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах