Чаму ДК усё ж патрэбныя

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Баранавічы / Ад музея да бібліятэкі: пра актуальнае ў культуры праз фармат шпацыру
З Баранавічамі ў мяне звязаны асабістыя ўспаміны. Калісьці даўно ў іх жыла самая прыгожая ў свеце дзяўчына, у якую я быў без адказу закаханы. Улюбёны я і ў музыку гурта “Крама”. Яго лідар Ігар Варашкевіч і стаў першым удзельнікам новага праекту газеты. У яго рамках журналіст выдання запрашае вядомага чалавека, які адбыўся як асоба ў сталіцы ці іншым горадзе, выехаць у яго родныя мясціны. Навошта? Каб наведаць установы культуры, а разам з супрацоўнікамі тых “кропак” пазнаёміцца з меркаваннем старонняга назіральніка. У артыкулах вы не сустрэнеце спробы ўсеабдымнага аналізу. Гэта, хутчэй, падарожжы ў дзень учарашні праз партал сённяшняга дня.

/i/content/pi/cult/525/11343/10-1.jpg

Ігар Варашкевіч у Баранавіцкай ЦГБ імя Валянціна Таўлая.

Я б у заолагі пайшоў...

Ігар Варашкевіч нарадзіўся ў 1960-м. Пражыў у Баранавічах (з перапынкам на вучобу ў мінскай ВНУ) амаль 30 гадоў. Па яго прызнанні, юнаком ён быў некалькі замкнёным: гурткі не наведваў, не асабліва цягнула і да публічных месцаў, хіба ў выпадках школьных паходаў. “Арганізаваны выхад у музей успрымаўся як “абавязалаўка”, хаця не ўсе знемагалі ад нуды: камусьці з маіх аднакласнікаў было цікава, — заўважае Ігар. — Аднак, наколькі я ведаю, ніхто з іх у якасці прафесіі не абраў шлях краязнаўцы ці гісторыка”. Але менавіта ў экскурсію па мясцовым Краязнаўчым музеі (між іншым, яго колішні дырэктар Валерый Палікарпаў і бацькі Ігара падтрымлівалі сяброўскія стасункі) мы з Варашкевічам і выправіліся.

А з музеем у артыста звязана цэлая “драма”. У яго мелася кніга з шыкоўнымі ілюстрацыямі дыназаўраў. (Людзі нашага з Ігарам веку памятаюць, што ў СССР траплялі надрукаваныя за мяжой невялікімі накладамі дзівосныя тэматычныя альбомы з яркімі малюнкамі і на выдатнай паперы.) Яе ў Варашкевіча хтосьці з прыяцеляў “зайграў”. Але ў выніку альбом нібыта апынуўся ў… фондзе музея. Зрэшты, сённяшнія супрацоўнікі ўстановы пра такую кнігу як пра экспанат нічога не чулі, і паданняў пра яе з гэтай нагоды не захавалася... Карацей, не выпадкова даўжэй за ўсё мы затрымаліся ў зале з жывёльным светам. “Са школьных прадметаў мне больш за іншыя падабалася заалогія, дома ставала кніг па гэтай тэме, — патлумачыў мэту прыпынку Ігар. — Я вось калекцыянаваў матылькоў, гербарый таксама збіраў. Праўда, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці “Інтэр’ер і абсталяванне”… Гэта сведчыць хіба пра тое, што мяне нельга разглядаць як жывапісца (хоць, вядома, маляваў нешта па матывах прыроды роднага краю): я графік, для сябе і для сяброў часам малюю коміксы".

Тыя з гасцей Баранавічаў, хто затрымліваецца ў горадзе надоўга, музей не абмінаюць. Але асноўны кантынгент наведвальнікаў — усё тыя ж школьнікі. Як нам распавялі наглядчыкі залаў, нярэдка трапляюцца сярод іх юнакі і дзяўчаты дапытлівыя, неабыякавыя да мінулага і сучаснасці радзімы, і тут яны атрымліваюць дадатковую інфармацыю аб ёй — візуальную. Ігар Варашкевіч пагаджаецца з тым, што ў часткі маладога пакалення існуе цяга да атрымання больш глыбокіх ведаў пра сваю краіну, і такая моладзь жыве з ёй у адным рытме падзей. Як прыклад Ігар прыгадаў нядаўняе свята роднай мовы ў Мінску, дзе і ён паўдзельнічаў. “Прыемна здзівіла колькасць людзей, прычым, не выпадковых, з запаленымі вачыма! На мой погляд, сёння Беларуссю, працэсамі, што адбываюцца ў розных сферах краіны, цікавяцца значна больш грамадзян, чым нават у першыя гады незалежнасці. Такой увагі я не памятаю ў землякоў і да Савецкай Беларусі ў 1970 — 1980-я”.

— Не хачу сказаць, што маладых людзей, якія цікавяцца краязнаўствам, прыходзіць у музей вельмі шмат, але яны ёсць, — далучаецца да размовы галоўны захавальнік фондаў установы Рыта Чартко. — Ведаю, што хтосьці збірае паштоўкі з відамі Баранавічаў, нехта займаецца Першай сусветнай вайной і яе следам у гісторыі нашага горада. Ну а вочы малеч, калі яны вывучаюць пудзілы жывёл, трэба бачыць! Здавалася б, яны усялякіх звяроў наглядзеліся ў мультфільмах, па тэлевізары, але ўсё роўна ў гэтай зале дзятва вельмі актывізуецца.

Пагладзіць упадабаныя пудзілы звяркоў не атрымаецца (яны размешчаны за шклом), але без інтэрактыву ва ўстанове не абыходзяцца. У час музейна-педагагічных заняткаў дзеці могуць патрымаць у руках, напрыклад, крамянёвыя прылады працы старажытнага чалавека.

Пра свае ж уражанні наш спадарожнік-музыкант кажа: музей, безумоўна, наведваць трэба. “Адна справа нешта даведацца пра родны край з літаратуры, з Інтэрнэту, што таксама выдатна. Але тут зусім іншае — літаральна судакрануцца з мінулым. Асабліва, калі чалавек па сваёй натуры дамасед. Гэта як дыск і жывы канцэрт: слухач поўнае ўражанне пра выканаўцу атрымлівае менавіта на яго выступленні”.

/i/content/pi/cult/525/11343/10-2.jpg

"Медыя-аўтобус".

Перш за ўсё — кіно!

У кінатэатры “Кастрычнік” памяшканне вялікай залы здадзена начному клубу, а ў фае ідзе гандаль мёдам, кветкамі і чымсьці яшчэ. А таму гутарыць пра дзень цяперашні мы, у суправаджэнні метадыста Наталлі Буйноўскай, перайшлі ў залу малую.

— У перспектыве спадзяёмся на глабальны рамонт, — дзеліцца яна, — але ўжо цяпер абнавілі дзверы, фасад, замянілі крэслы, на падлогу паклалі дывановае пакрыццё, усталявалі лічбавае абсталяванне. Хочам вярнуць на фасадзе вывеску “Кінатэатр “Кастрычнік”, а пакуль абыходзімся бягучым радком.

Я канстатую, што выглядае малая зала вельмі прыстойна. Але Наталля Буйноўская заўважае:

— Нам цяжка “спаборнічаць” па камфорце і паслугах з прыватным кінатэатрам “Зорка”, які размешчаны ў Доме афіцэраў. Тое пакаленне моладзі, што ходзiць цяпер у кіно, вырасла там, у нас жа публіка іншая, няхай працэнт школьнікаў сярод яе і высокі. І, нягледзячы на тое, што з наведвальнасцю маюцца праблемы, я асабіста стараюся з аптымізмам глядзець на нашу будучыню: кінаманаў хопіць на ўсіх.

А Ігар Варашкевіч памятае часы, калі канкурэнтаў у “Кастрычніка” не існавала. “Я сам быў кінаман! Напэўна, многае з таго самага лепшага, што згадваю з дзяцінства і юнацтва, звязана з кіно і, у прыватнасці, з “Кастрычнікам”. Годзе ў 1972-м з бацькамі глядзеў на апошнім сеансе навукова-папулярны дакументальны фільм “Успаміны пра будучыню”. І быў проста агаломшаны! Або “Золата Маккены”. Наогул, кінатэатр — гэта нешта асаблівае ў мой час. З чэргамі на касавыя карціны кшталту “Няўлоўных мсціўцаў”, “Фантамаса” ці “Пана Валадыеўскага”. Меркавалі заўжды, шырокаэкранны будзе фільм або шырокафарматны? Ну а калі перад асноўнай стужкай паказвалі кіначасопіс “Фитиль” альбо мультфільмы, то паход у кіно лічыўся надзвычай удалым. Праўда, настрой злёгку псаваўся ад кінахронікі пра які-небудзь з’езд КПСС”.

Дзялюся з Ігарам сваім “духам” кінатэатра: буфет з ліманадам і бутэрбродамі, адчуванне судатыкнення з чымсьці важным, калі аншлагу не было, стараліся сесці так, каб побач крэслы пуставалі, нарэшце, пацалункі на заднім шэрагу з дзяўчынай...

— Ну не! — ускліквае музыкант. — Я канкрэтна прыходзіў глядзець кіно!..

Мама Ігара, якую ён сістэматычна наведвае, жыве ўсё ў тым жа доме, дзе калісьці жыў і ён, — насупраць “Кастрычніка”. А напрыканцы 1970-х, седзячы на балконе, Варашкевіч назіраў, як зносілі стары будынак кінатэатра: у перапрафіляванага танка з металічным трохкутным “франтонам” ніяк не атрымлівалася разбурыць гмах. “Сляза прабіла”, — прызнаецца музыкант. Але і было чаканне, што ж прыйдзе на змену? А пасля ўзвядзення новага будынка пра стары кінатэатр хутка забыліся...

А вы кажаце “савок”…

Пра Гарадскі дом культуры абмяжуемся каментарамі нашага спадарожніка. На жаль, так атрымалася, што ніхто з работнікаў установы пра цяперашняе яго быццё нам не распавёў...

— Успаміны звязаны ў асноўным з канцэртамі, на якія я хадзіў. Напрыклад, польскага гурта “Братэрства Куркове”. Дарэчы, адзінае маё выступленне ў Баранавічах адбылося ў гэтым самым ДК ў 1980-я ў складзе гурта “Бонда”: “Крама” ў Баранавічах ні разу не “засведчылася”. (Затое 28 сакавіка знакамітая каманда дасць чарговы вялікі канцэрт у Мінску. — А.К.) Мясцовыя музыканты, якія гралі танцы ў Доме культуры, былі дастаткова высокага ўзроўню, на апаратуру скардзіцца таксама не выпадала — усё гучала добра. І я прыходзіў некалькі разоў на тыдзень — слухаў, падглядваў, можна сказаць. Пасля браў прыватныя ўрокі ігры на класічнай гітары, а праз гады два ўжо і самастойна займаўся тым інструментам. Але губную гармоніку асвоіў хутчэй... Напэўна, ГДК карыстаўся папулярнасцю ў гараджан, бо ў Савецкім Саюзе — пры ўсёй разнастайнасці аб’ектаў культуры — не так шмат існавала ўстаноў, дзе можна было б цікава правесці вольны час. Я кажу менавіта пра культурна-забаўляльныя кропкі. Ну а што да клубаў па інтарэсах, то тут дзеці заўжды развівалі таленты або адкрывалі іх у сабе...

Размаўляючы, шпацыруем з артыстам па холе, падымаемся паверхам вышэй — амаль пуста. Як і ў іншых аналагічных установах, жыццё тут абуджаецца пасля абеду, калі ў школах заканчаюцца ўрокі.

— Гляджу на Дом культуры — і як быццам нічога ў ім кардынальна не змянілася — ні звонку, ні ўнутры, — дзеліцца думкамі Ігар. — А рамонт патрабуецца, вядома. Але вось пытанне: ці патрэбныя сёння такія ўстановы?.. Паглядзіш, як дзеткі чарговы раз каго-небудзь збілі, зняўшы гэты працэс на мабільны і выклаўшы запіс у Інтэрнэт, пачынаеш добрым словам прыгадваць “савок”, калі падлеткі вольны час праводзілі ў дамах культуры, дамах піянераў, спартыўных секцыях. Іншая справа, што тыя падыходы, спосабы выхавання і навучання, самі мерапрыемствы ў сваёй масе не надта адрозніваліся і ад сённяшніх узораў. Хаця часу мінула багата. Урэшце, пэўную базу той, хто займаецца, дапусцім, народнымі танцамі, спевамі, безумоўна, атрымлівае. Таму выснова мая зразумелая: ДК неабходныя.

Міф пра бібліятэкі і сакрэт артыста

У дзяцінстве будучая легенда беларускага року і блюзу марыла не толькі аб прафесіі заолага, але і… бібліятэкара. Таму фінальным акордам у нашых шпацырах па Баранавічах культурных мы абралі Цэнтральную гарадскую бібліятэку імя Валянціна Таўлая. Яе дырэктар — Вольга Аляксеенка, што называецца, здавала справы. Сваё рашэнне звольніцца яна патлумачыла тым, што ў яе жыцці наступіў такі момант, калі трэба ўсё як след абдумаць ды вырашыць, чым займацца далей.

Сам жа Ігар не лічыў сябе начытаным дзіцем. Зрэшты, жанравыя прыхільнасці ў яго былі. Школьная праграма — гэта адно, але вабілі больш прыгоды і фантастыка. Прытым, што бібліятэку ён наведваў рэдка: абыходзіўся хатнім кнігазборам. Але, крыху саромеючыся, Варашкевіч прызнаецца: у кніжніцу часам прыходзіў, каб... павыразаць з часопісаў карцінкі з машынкамі...

Тым часам я пачынаю ўголас разважаць, маўляў, бібліятэка, як і кіно, для савецкіх грамадзян з’яўлялася “парталам” у іншы свет. Сёння ж можна лёгка купіць любую кнігу ці прачытаць, спампаваць патрэбнае ў Інтэрнэце. А, значыць...

— Гэта міф, што ў бібліятэкі не ходзяць! — перапыняе мяне Вольга Аляксеенка. — Яны ўсё гэтак жа патрэбныя. Так, цяпер чытача прыцягнуць у бібліятэку больш складана, таму ў чытальнай зале не столькі людзей, як нават пяць гадоў таму. Але, паверце мне, сярод нашых наведвальнікаў па-ранейшаму шмат пенсіянераў, дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Бываюць дні, калі колькасць наведвальнікаў дасягае трохсот чалавек! Вядома, ёсць альтэрнатыва — Інтэрнэт, але і ён не ўсемагутны. У мяне двое дзяцей-школьнікаў, і аднойчы аднаму з іх спатрэбілася прачытаць кнігу ў рамках пазакласнага чытання. У Сеціве мы яе знайсці не змаглі, а ў нашай бібліятэцы ў папяровым выглядзе яна мелася.

Дырэктар ЦГБ наведала некалькі замежных бібліятэк, і яны поўныя народу. Прычым чытаюць там не толькі электронную літаратуру, але і звычайную. І яе, папяровую, працягваюць выпускаць. “Няўжо вы думаеце, што пры ўсім замежным прагматызме, там не пазачынялі б бібліятэкі, каб не было ў іх менавіта духоўнай мэтазгоднасці?! — зазначае спадарыня Аляксеенка. — Але ж не зачыняюць! Я наогул не веру, што надыдзе час, калі бібліятэкі ў нас знікнуць. Мяркую, дзве галіны ў беларускай культуры ў абавязковым парадку заслугоўваюць бюджэтнага фінансавання — музейная і бібліятэчная. Ёсць яшчэ і маральна-юрыдычны аспект, калі бібліятэка не парушае аўтарскае права, а карыстальнікі Інтэрнэту, як правіла, — так. Гэта тэма для гаворкі, напэўна, на дзяржаўным узроўні...”

ЦГБ піярыць свае паслугі (а тут і фітнэс для маладых мам, і курсы вязання, і курсы замежных моў — пра інавацыйныя пошукі ўстановы “К” пісала ў № 41 за 2014 год). Сярод эксклюзіўных праектаў — “Дзіцячая пляцоўка”, “Медыя-аўтобус”. Апошні — варыяцыя на тэму бібліятэкі на колах, арганізаваная Пасольствам ФРГ і Інстытутам Гётэ. Двойчы ў месяц аўтобус курсіруе па вуліцах горада і робіць два прыпынкі, падчас якіх ахвотныя могуць узяць папяровую літаратуру, аўдыя- і відэаматэрыялы, якія распавядаюць пра Германію. Вядома, хацелася б, каб з цягам часу па вуліцах райцэнтраў вандраваў такі ж аўтобус, што распавядаў бы — цікава і нешаблонна — пра Беларусь…

Лепшае ў культуры

Ваяж падышоў да канца. Вынікі яго падводзіць Ігар Варашкевіч:

— У час экспрэс-тура былі нейкія моманты, якія ўва мне выклікалі пачуццё засмучэння, але і пазітыву хапала. Асабліва ад зносін з людзьмі, якія працуюць у не самай грашовай сферы. Я далёка не прыхільнік збітых лозунгаў, што “дзеля ідэі мы гатовыя горы звярнуць”, але многае варта рабіць ужо нават дзеля радзімы, яе гісторыі, культуры, мовы. І вось гэтыя людзі, з якімі мы сёння сустрэліся, і аддаюць свае сілы, веды, жыццё іншым. І нічога не просяць наўзамен, таму што, так атрымліваецца, няма чаго прасіць. На іх і трымаецца лепшае, што ёсць у культуры нашай краіны.

Што да канкрэтыкі... Музей, вядома, далёка не самы сучасны па візуальным рашэнні экспазіцыі, але, з іншага боку, я не спецыяліст, таму мне цяжка нешта прадметна прапанаваць, як менавіта мае выглядаць цяпер падобная ўстанова. У кінатэатры збянтэжыў кірмаш у фае, але я разумею, што час цяпер такi, калі ўстановам культуры даводзіцца знаходзіць спосабы для свайго існавання. А бібліятэка пакінула выдатнае ўражанне!

Магчыма, чытачы заўважылі, што часта мае "напарнікі" па ранейшых праектах адзначалі менавіта работнікаў культуры, якiя ганарылiся сваёй працай і, разам з тым, не прыхоўвалi праблем. Часцяком — відавочных. І самі спадарожнікі аказваліся людзьмі розных прафесій ды поглядаў, выступалі ў ролях і “хвалiцеляў”, і крытыкаў. Так атрымалася і ў вандроўцы з Ігарам Вашкевічам. Менавіта такая разнастайнасць ацэнак дазваляла скласці з некалькіх суб’ектыўных дастаткова цэласную карціну меркаванняў адносна стану сучаснай рэгіянальнай культуры. Мне падаецца патрэбным з гэтай нагоды прывесці напрыканцы артыкула вытрымку з Паслання Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ад 22 красавіка 2014 года: “Нам патрэбна жывая краіна з разнастайнасцю ідэй і меркаванняў, з актыўнай пазіцыяй ўсіх яе грамадзян”.

Фота аўтара

 

Рэпліка паводле ўскоснай тэмы

Адна з тэм, узнятых пад час экспрэс-тура па ўстановах культуры з Ігарам Варашкевічам (уласна, тэма тая не тычылася толькі Баранавічаў), закранула ролю ДК у сучасным жыцці, у выхаванні моладзі: "Паглядзіш, як дзеткі чарговы раз каго-небудзь збілі, зняўшы гэты працэс на мабільны і выклаўшы запіс у Інтэрнэт, пачынаеш добрым словам прыгадваць “савок”, калі падлеткі вольны час праводзілі ў дамах культуры, дамах піянераў, спартыўных секцыях", — зазначыў мой візаві.

Калі нумар рыхтаваўся да друку, іншы аспект дадзенай тэмы ўзняў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы тэле- і радыёвядучы Канстанцін Каверын. Вось яго рэпліка.

"Я, сябры, вось што скажу вам. Мы ў вялікай-вялікай… праблеме! Растлумачу.

Апроч іншага, я маю задавальненне працаваць на тэлеканале “Беларусь-2” у праграме, дзе мы паказваем розныя смешныя ролікі з Інтэрнэту. А напрыканцы праграмы я прашу людзей дасылаць смешнае відэа з уласных архіваў на пэўны адрас.

Дык вось, мне часта дасылаюць ролікі дзеці, падлеткі. Карацей, “кантынгенту” — 14 — 20 гадоў. У 70% выпадкаў смешнымі ім здаюцца моманты, калі адзін б’е нагамі іншага, калі дзяўчынка спіць на падлозе ва ўласных ванітах, калі 15-гадовы пацан “глушыць” гарэлку, што называецца з рыльца, калі хлопец б’е аднакласніцу… Карацей, дзецям здаецца смешным гэты жудасны сэлфмэйд-натуралізм.

Чаго ўжо там, я таксама любіў з сябрамі якое-небудзь глупства зняць на мабільнік і ржаць над гэтым потым. Але выключна ў сваёй кампаніі, дзе два — тры чалавекі. А то і адзін. Мне ніколі не прыйшло б у галаву адправіць падобнае каму-небудзь і тым больш паспадзявацца, што гэта можна паказаць па тэлебачанні.

Мне вельмі сумна. І я не ведаю, што з усім гэтым рабіць".

Дык якая роля ў такой сітуацыі можа быць ва ўстановы культуры? Прапануем абмеркаваць тэму на старонках газеты! Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на

facebook.com/kimpressby, vk.com/kimpressbytwitter.com/kimpressby, instagram.com/kimpressby

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"