“Я — Іван Стасевіч: Старыя Дарогі — Берлін”

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

І — пайшлі франтавыя будні. Сын палка Ваня Стасевіч, які добра ўмеў абыходзіцца з аўтаматам і кулямётам, удзельнічаў у фарсіраванні Віслы і ў Берлінскай аперацыі, прымаў удзел у рамонце дарог, мастоў, перапраў ля Варшавы і Берліна, маляваў плакаты і транспаранты, рабіў надпісы на дарожных указальніках, па якіх арыентаваліся нашы пехацінцы, танкісты, артылерысты, што з баямі прарываліся на захад.

/i/content/pi/cult/524/11339/15-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 9.)

Апошнія ўказальнікі юнага салдата і мастака — “Дойдем до Берлина!” і “До Рейхстага — 250 метров!” Падкрэслю, што ў гады Вялікай Айчыннай прыкладна 3500 савецкіх дзяцей да 16 гадоў з’яўляліся “сынамі палка”, у тым ліку і мой герой Іван Стасевіч, які яшчэ ў 1944 годзе атрымаў медаль “Партызану Айчыннай вайны II ступені”.

У польскім горадзе Седлец яго прымалі ў камсамол. У нямецкім Ландсбергу ўручалі Ганаровую грамату ЦК ВЛКСМ за ўзорнае выкананне і ўмелую падрыхтоўку нагляднай агітацыі на франтавых дарогах, а таксама за чытанне верша Ісакоўскага “Русской женщине” ў напаўразбураным тэатры перад нядаўна вызваленымі вязнямі канцлагераў. Самы апошні плакат “Мы — из Берлина!” ён намаляваў ужо перад ад’ездам на радзіму. Берлін запомніўся яшчэ і тым, што ўвесь ён быў белага колеру: ад белых флагаў ды палотнішчаў, да бялюткіх і зраненых, але квітнеючых майскіх дрэў.

Накіравалі Івана Стасевіча ў Маскву, на вучобу ў вайсковую школу. Ужо на пероне берлінскага вакзала камандаванне палка падаравала яму пару скрынак акварэльных і алейных фарбаў, пэндзлі, паперу. Вайсковы цягнік ішоў трыста кіламетраў не спыняючыся. Але ўсё адно падбягалі да вагонаў полькі і кідалі вызваліцелям кветкі. А тут пад грукат колаў сябры-аднапалчане хорам упэўнівалі таварыша: маўляў, з такім талентам яму трэба не ў вайсковую школу ісці, а ў мастацкую. “Можа, сапраўды так?” — падумаў Іван. І ў Варшаве, у час прыпынку эшалона, рызыкнуў зайці ў вагон да сваіх камандзіраў, расказаць пра сваё жаданне. І нечаканна для яго яны пайшлі насустрач, падтрымалі хлопца! Выпісалі дэмабілізацыйныя дакументы да Старых Дарог і новую амуніцыю. Так здарылася, што, па ўспамінах Івана Нічыпаравіча, эшалон зрабіў незапланаваны крук і заехаў у Старыя Дарогі: спыніўся тут а 4-й раніцы на некалькі хвілін, каб Іван сышоў. На станцыі ні душы, і ён моўчкі доўга чакаў, пакуль не cціхнуў грукат колаў паравоза...

А 1 верасня 1945 года ён, пераростак-франтавік, стаў вучнем... 5-га класа Горкаўскай школы, але за паўтара года прайшоў курс сямігодкі. Пасля школы паступіў у толькі што адкрытае Мінскае мастацкае вучылішча, дзе займаўся разам з будучымі народнымі мастакамі — удзельнікамі вайны Леанідам Шчамялёвым, Віктарам Грамыкам, Міхаілам Савіцкім, а таксама равеснікамі — Георгіем Паплаўскім і Маем Данцыгам. У тыя гады гэта вучылішча, дзе настаўнічалі такія выдатныя педагогі, як Леў Лейтман, Аляксандр Мазалёў, Акім Шаўчэнка, Іван Ахрэмчык, Віталь Цвірка, Андрэй Бембель, Уладзімір Хрусталёў, было сапраўднай кузняй кадраў высокапрафесійных мастакоў. Яны праз пэўны час сталі “залатым ядром” сучаснай выяўленчай культуры Беларусі.

А потым быў Маскоўскі мастацкі інстытут імя Васіля Сурыкава. Менавіта тут, пад уплывам свайго настаўніка прафесара Дзмітрыя Мачальскага, ён моцна захапіўся тэмай сучаснасці. Пад час практыкі Іван пабываў на Поўначы, дзе разам з рыбакамі Мурманска спазнаў нялёгкія будні мірнай працы, прайшоў з эцюднікам па Забайкаллі, быў на будаўніцтве Іркуцкай ГЭС, пісаў лесарубаў Брацкай ГЭС і світанкі на Ангары. Але на апошнім этапе інстытуцкай вучобы адмовіўся ад “тэмы кіпучай сучаснасці”, каб вярнуцца ў партызанскае юнацтва...

1960-я гады — першая палова 1970-х — перыяд стварэння галоўных палотнаў Івана Стасевіча пра Вялікую Айчынную. Не ўсе яны, зразумела, аднолькавай якасці, але лепшыя і сёння з’яўляюцца значным укладам у выяўленчы ваенны летапіс Беларусі. Карціны “Бессмяротнасць”, “Клятва”, “Плачуць бярозы”, “Берлін. Май 1945 года”, “Суровае юнацтва”, “Сустрэча віцебскіх партызан з Чырвонай арміяй”, “Партызаны, партызаны… (Янка Купала)", “Азораныя полымем”, “Вызваленне Барысаўшчыны” — з гэтага шэрагу.

Карціна “Бессмяротнасць” — рэквіем загінулым героям. “Я асабіста ведаў, — прыгадваў Іван Нічыпаравіч, — як прарываліся да Рэйхстага сцяганосцы, як у Трэптаў-парку хавалі нашых салдат, што аддалі жыццё за вызваленне народаў Еўропы ад фашызму. Таму і вырашыў напісаць палатно аб тых незабыўных днях, распавесці пра мужнасць савецкага воіна, выявіць вытокі савецкага патрыятызму... Работа давалася цяжка — маляваў яе амаль два гады і закончыў у 1967-м…” Усё навокал ахутана дымам, пажарышчамі, але ярка палымнее пунсовы сцяг, прабіты асколкамі і кулямі. У дынамічна-імклівам парыве байцы нясуць яго да купала Рэйхстага. Адзін з іх ужо смяротна паранены, другі падхоплівае дрэўка з яго рук. Сцяг амаль на ўсю карціну. Буйнамаштабныя, амаль манументальныя фігуры салдат. Усім вобразным ладам твора мастак адлюстраваў драматызм абставін. Чырвоны сцяг — сімвал Перамогі. А яркія гарачыя фарбы на палатне нагадваюць кроў нашых воінаў, якой паліты франтавыя дарогі Еўропы.

Карціна “Клятва”, у якой аўтар імкнуўся стварыць сімвалічны вобраз Беларусі-партызанкі, таксама навеяна асабістымі ўспамінамі. У цэнтры палатна — пяціфігурная група народных мсціўцаў. У глыбокім смутку стаяць яны на папялішчы — на месцы вёскі. Найбольш удалым атрымаўся вобраз старога партызана — мудрага, разважлівага, адважнага абаронцы роднай зямлі. Мастак распавядаў, як яму давялося доўга шукаць гэты тыпаж, рабіць масу эцюдаў і малюнкаў, пакуль не знайшоў дакладны вобраз. З астатнімі персанажамі было лягчэй: дапамаглі старыя накіды, зробленыя дзіцячай рукой яшчэ ў партызанскім атрадзе. Галоўнае атрымалася: героі карціны аб’яднаны агульнымі перажываннямі і верай у перамогу. І перамога над ворагам блізкая, сцвярджае аўтар: да чырвонага сонца — сімвала свабоды — бясконцай плынню рухаюцца партызаны. Заснежанае поле, цёмная палоска лесу ўдалечыні, абвугленыя коміны і дрэвы — усё узмацняе вобразны лад палатна, надае яму напружанасць, эмацыйную выразнасць. Кожная дэталь пейзажу падкрэслівае дзеянне, дапамагае адлюстраваць унутраны стан людзей: на калодзежным жураўлі завісае пустое вядро, перакошаны ад агню дзіцячы ровар — вяскоўцы тут даўно не жывуць. Вось такі след жорсткай бесчалавечнай вайны…

Карціна “Берлін. Май 1945 года” — гэта ўжо пра Перамогу. Салдат пасля цяжкіх баёў зняў каску, каб пакурыць і перазважаць аб пройдзеных дарогах, перанесціся думкамі ў родны дом. Стаіць урачыстая цішыня. І ўрачыста лунае над байцамі сцяг Перамогі… Тая ж тэма — у карціне “Суровае юнацтва”: малады воін з баявымі медалямі на грудзях, вінтоўкай за плячыма, каскай у руках. Усё як бы проста, без “філасафічнай” падаплёкі і мудрагелістых алегорый. Але ён стаіць на даху Рэйхстага, азораны залацістым святлом, і ўглядаецца ў далячынь. А над ім у дыме і пажарышчах пераможаны Берлін. Усю ўвагу мастак сканцэнтроўвае на салдаце, паказваючы яго ва ўвесь рост, выдзяляючы з кампазіцыйных планаў мажорнай колеравай гамай. Чым не сімвал, чым не алегорыя, дзе гучыць гімн канчатковай перамогі Дабра над Злом!

Наогул, усе пошукі, маральная і мастацкая філасофія майстра сканцэнтраваны ў вялізным шэрагу яго карцін на ваенную тэму. У некаторых — нечаканыя зрухі і невідавочныя сувязі адключаюць дзеянне карцін ад павярхоўна знешняй, прыземленай паслядоўнасці празаічнага шэрагу і даюць ім паэтычны лад. У іншых — наўпростыя дакрананні з падзеямі нашых дзён і даўніх гадоў сплятаюцца з больш шырокай тэматыкай, з роздумамі пра гісторыю вайны на беларускай зямлі, пра душэўны свет народа, яго пачуццё хараства, рысы нацыянальнага характару.

Мне асабліва падабаецца, напрыклад, кампазіцыйны партрэт ветэрана вайны Валянціна Дончыка. Ён таксама сын палка. І вось праз нешматслоўныя дэталі — франтавыя фатаграфіі, кніжку “Юнацтва баявое”, праз унутраную сабранасць мадэлі, праз спалучэнне чырвоных і залацістых фарбаў — ярка раскрыты характар і біяграфія чалавека нялёгкага жыццёвага лёсу. А вось яшчэ адзін псіхалагічны партрэт — былога партызана, на той час камандзіра карабля “Аэрафлоту” Германа Лі, паказанага за штурвалам самалёта. Партрэт мае сваю цікавую перадгісторыю. Пры рэспубліканскай газеце “Зорька” калісьці існаваў так званы “Батальён беларускіх арлянят”, сярод якіх — былыя юныя ўдзельнікі вайны Іван Стасевіч і Герман Лі. Іх сяброўства і дазволіла мастаку напісаць праўдзівы вобраз чалавека багатай біяграфіі.

Я добра ведаў Івана Нічыпаравіча, бываў у яго майстэрні ў доме на вуліцы Сурганава, дзе мы шмат размаўлялі пра тое-сёе, хаця блізкімі сябрамі не былі. У адносінах да сучаснага мастацтва ў нас былі розныя погляды, часам процілеглыя, але я разумеў, што кожны мастак мае права абараняць свае прынцыпы, хай нават яны, з майго пункту гледжання, былі памылковымі. Магчыма, я памыляўся, магчыма — ён, але ў гэтым — сэнс няпростага мастакоўскага быцця: адстойваць свае погляды. Трэба прызнаць, што характар у Стасевіча быў не цукар: вельмі не любіў, калі яму штосьці навязвалі ці распаўсюджвалі байкі пра яго “асабістую прастору жыцця”. А калі бывала, што сіл не стае, уключаў “Элегію” Маснэ і мог яе слухаць гадзінамі. Альбо адасобліваўся ад душэўнай мітусні тым, што браў у майстэрні малаток, пілу і як сапраўдны сталяр прымаўся за работу з дрэвам, каб зрабіць нейкі падрамнік або раму для карціны, і тады моцны шум і звон выклікалі незадаволенасць калег-суседзяў. Але ён на гэта ўвагі не звяртаў, і справа часам заканчвалася сваркай. Здаралася і такое...

Незадоўга да смерці Івана Нічыпаравіча я зайшоў да яго ў майстэрню, дзе, памятаю, знаходзіўся Анатоль Бараноўскі, яго блізкі сябра. Настрой у Стасевіча быў дрэнны: ён скардзіўся на хваробу рук, казаў, што ўрачы ўводзяць яму спецыяльныя ўколы, але ад іх мала карысці, а рукі, рукі — “галоўны інструмент для мастака, такі ж, як скальпель для хірурга”. А тут, працягваў ён, трэба рыхтавацца да першай персанальнай выстаўкі, прысвечанай яго 70-гадоваму юбілею. А як рыхтавацца, калі вось рукі… Але верыў, нават вельмі сур’ёзна хворы, што ўсё ўладзіцца, што ўсё будзе “О’кэй”. Што адбудзецца юбілейная выстаўка, і што на радзіме, у Старых Дарогах, запрацуе яго імянная галерэя. Аднак мастак не дажыў да гэтай падзеі ўсяго некалькі месяцаў. Расказвалі, што перад смерцю папрасіў падняць яго на падушках: “Я хачу бачыць святло…”

Святло засталося на яго карцінах. Назаўсёды. І асабліва ў тых карцінах, якія так яскрава расказалі пра Вялікую Айчынную вайну і нашу светлую Перамогу. І за гэта вялікі дзякуй былому сыну палка, таленавітаму жывапісцу Івану Нічыпаравічу Стасевічу.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"