Пра што мне піша неба

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Іван КІРЧУК, лідар этна-трыа "Троіца", выкладчык Інстытута культуры Беларусі і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка
Працягваем знаёміць чытачоў з фрагментамі кнігі фалькларыста, лідара этна-трыа “Троіца” Івана Кірчука “Гарыць свечка ля алтара”, выдадзенай летась. Першыя публікацыі з серыі — у №№ 3, 5, 7, 9 за 2015 год...

/i/content/pi/cult/524/11337/14-1.jpg

Іван Кірчук. "Дрэва міру".

Хто тут, на зямлі, кіраваў мільён гадоў таму? Што гэта за матэрыя была? Паважаю і кланяюся таму, што ёсць. Але як цяпер жыць, калі я пачуў Хрыста? Як выкрэсліць з галавы ўсё, што ўвабраў? Я што — павінен зрабіць нейкі выбар? Госпадзі, можна я вазьму пакрыху лепшага? […] Свет адзіны. Шматлікі і адзіны. І я хачу пранікаць усюды! Зачэрпваць веды і выкарыстаць іх на дабро. Ці ўсё-ткі павінен вызначыцца, паколькі хрышчаны? Бацькі вадзілі мяне ўсё жыццё ў касцёл. Я начытаўся пра язычнікаў, свабодна ўваходжу ў іншыя храмы, лёгка чытаю і праваслаўныя малітвы, і загаворы. […] Я заблытаўся. Можа, таму мне не так шанцуе па жыцці? Можа, таму столькі правалаў, падзенняў ды пакаранняў? […]

9 чэрвеня.

6.45. Я ў вагоне. Адзін у купэ — шчасце! Найпрыгажэйшы ўсход сонца і добрае надвор’е. Вязу дадому слёзы дажджу над курганамі Вільнюса. Гледзячы ў акно, я раскручваў свае ўспаміны да гарызонту. У грук колаў траплялі словы: “Было, было, было…” За “літоўскі” этап майго жыцця не сорамна. Я духоўна вырас у аўры Вільнюса, у гаючых вібрацыях Літвы! З цяжкасцю я прывозіў сюды свае — беларускія вібрацыі. Не ўсе вытрымалі. З дваццаці студэнтаў толькі шэсць гатовыя да Купалля. Сваімі песнямі і рытуаламі я трывожыў амаль язычніцкае нутро Літвы. Нягледзячы на мноства храмаў і касцёлаў, Літва пульсуе старажытнымі токамі язычніцтва. Я маліўся, чытаў замовы, прыносіў дары на язычніцкай гары, пачуў голас Хрыста. І як быццам атрымаў дазвол правесці свята. Ці паказаць спектакль? Так я і не вызначыўся… Разумею ўсю адказнасць правядзення такога свята на літоўскай зямлі. Але гэта мой доўгачаканы абрад. Я буду думаць, буду рыхтавацца, выбудоўваць усё да дробязей. Не хачу пакрыўдзіць ні гэту зямлю, ні гэту аўру. Хачу годна прадставіць беларускі фальклор.

11 чэрвеня.

Цяжка весці споведзь пасля Вільнюса… Я ўвесь час цяпер успамінаю пра тое, што спытаў Ісус: “А язычнікі?” Як цяпер паступаць? Ва ўсім…

Добра: праваслаўныя іконы я адвязу на Курган і пасля, калі яны мне не спатрэбяцца, аддам у царкву вёскі Радзівонішкі. Магу не чытаць праваслаўныя малітвы. Хаця прыгожая малітва арханёлу Міхаілу, і абраз яго цяпер у мяне над галавой у вялікай прыгожай рамцы. Тады магу на Купалле ў Вільнюсе адмовіцца ад усіх “язычніцкіх” зваротаў. […] Але што рабіць далей? Бо ў галаве за гэтыя гады такі замес! Тут і абрады, і святы, і праца з энергіямі, і замовы, і магія! […]

Я стаю на скрыжаванні. Самае цяжкае — навесці парадак у сваёй галаве… Думкі, думкі, думкі…

12 чэрвеня.

Дождж затрымаў маіх студэнтаў-завочнікаў, і мы акунуліся ў “відэа”. Тут зноў мільганулі язычніцкія святы, тэатр “ДахаБраха”, джазавыя музыканты. Мы глядзелі, слухалі, абмяркоўвалі. Групы вельмі моцныя. Распяваюць мелодыі хутка, прыгожа. Я бяру барабан і мы натуральна, да “мурашоў”, уваходзім у транс пад песню “Ой, бяроза белая…” Мілыя твары, дарослыя цёткі, якія сумуюць па мужах ды каханых. “Дабіваю” іх яркімі, тэмпераментнымі музыкантамі-барабаншчыкамі з 
Малайзіі з усмешкамі і гумарам.

Сёння еду на Курган. Мама будзе ўжо там — добра. Таму сёння з “Троіцай” прайграем праграму на Люблін, я прыму пару залікаў і бегма з горада!..

Працяг чытайце ў наступных нумарах “К”.