Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА і з сайта гурта “System Of A Down”.
— Карла, чаму вы вырашылі зняць аб генацыдзе армян менавіта дакументальную стужку?
— Прынцыпова вырашыла зрабіць паўнаметражны дакументальны фільм, каб зацікавіць тэмай у праламленні Арменіі і з’явай генацыду наогул як мага большую колькасць гледачоў. Ідэя прыйшла, калі прачытала кнігу журналісткі Саманты Пауэр, лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі. Разам з удзельнікамі амерыканскага хард-рок-гурту “System Of A Down” Саманта стала яшчэ адным героем нашай карціны. Дарэчы, цяпер Саманта з’яўляецца прадстаўніком ЗША ў ААН. А ў маіх найбліжэйшых планах зняць ігравую стужку, прысвечаную лёсу ахвяр генацыду армян. Спадзяюся, здолеем сабраць на яе грошы бліжэйшым часам.
— Выкарыстанне музыкі папулярнага рок-гурта ў фільме пра такую сур’ёзную тэму — вельмі незвычайна для кіно…
— Так, але па сваёй сутнасці, “Screamers” — музычная карціна, і ў гэтым яе адметнасць. Я выкарыстала песні папулярных ва ўсім свеце “System Of A Down”, бо ўдзельнікі гурта, як і я, — нашчадкі армян, што перажылі генацыд. У шэрагу сваіх кампазіцый калектыў таксама распавядае пра гэтую тэму. Я выкарыстала канцэртныя здымкі і інтэрв’ю ўдзельнікаў калектыву ў фільме, які стаў першым для гурта. У тым ліку менавіта таму работа мае поспех — карціна перакладзена на 12 моў свету. Вось і ў Мінску на паказе я ўбачыла маладых людзей — відавочна прыхільнікаў “System Of A Down”. Спадзяюся, цяпер ім акажацца неабыякавай і гісторыя армян, яны задумаюцца над праблемай, узнятай у стужцы.
— Звычайна дакументалісты, што працуюць у гістарычным рэчышчы, сутыкаюцца з праблемай матэрыялу для сваіх карцін...
— Вы маеце рацыю. Кіна-, фота сведчанняў засталося вельмі мала з 1915 — 1922 гадоў. Да таго ж, рэдка атрымлівалася зняць відавочцаў трагедыі, як гэта ўдалося, напрыклад, амерыканскаму рэжысёру Джошуа Апенгеймеру у яго карцінах аб генацыдзе ў Інданэзіі. Я захапляюся і ўдзячна Стывену Спілбергу, які стварыў у Лос-Анджэлесе фонд, дзе захоўваюцца запісаныя на відэа аповеды тых, хто перажыў Халакост. Думаю, такой працай трэба займацца ва ўсіх краінах, якія сутыкаліся са з’явай генацыду.
— Якія ўражанні ад рэакцыі на ваш фільм беларускай публікі?
— Мы размаўлялі са студэнтамі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Іх рэакцыя практычна не адрозніваецца ад рэакцыі студэнтаў у іншых краінах. У прынцыпе, у мяне склалася ўражанне ад беларусаў, як ад сучаснага, дынамічнага грамадства. Чамусьці здаецца, што ў самім Мінску больш адчуваецца дух гарадоў Балтыі, чым гарадоў іншых краін былога СССР. Я ведаю пра тое, што Беларусь і Мінск у прыватнасці пацярпелі ў Другой сусветнай вайне, але, да сораму свайго, не ведала, што апрача тых падзей Беларусь і яе насельніцтва так шмат пацярпелі ў гістарычных катаклізмах ХХ стагоддзя наогул. Цяпер у маіх планах — пазнаёміцца з фільмам Элема Клімава “Ідзі і глядзі” і пабываць на мемарыяле “Яма” ў Мінску.
— Як вы лічыце, кіно і мастацтва ў прынцыпе здольныя паўплываць на тое, каб падзеі, падобныя тым, якія адбыліся ў 1915 — 1922 гадах з армянамі, не паўтараліся?
— Мы паказвалі фільм у мностве краін, пераследуючы толькі адну мэту — як мага больш гучна сказаць “Ніколі больш!”. Як дамагчыся гэтага?.. Расповедам пра мінулае.