Грант на рамонт і інтэрактыў

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Як школе мастацтваў знайсці сродкі на абнаўленне?
Праект адным праектам не абмяжоўваецца — гэта “прапісная” ісціна, вядомая сёння многім работнікам культуры Беларусі. Асабліва тым, якія, як кажуць, на праектнай дзейнасці ўжо “сабаку з’елі”. Таму цяпер у іхніх раёнах ад задумкі да рэалізацыі чарговай ідэі праходзіць не так ужо і шмат часу. Згадаю хаця б Рагачоўскі ў Гомельскай вобласці або Кобрынскі ў Брэсцкай, пра якія “К” піша рэгулярна… Натуральна, для таго, каб падобная дзейнасць прыносіла плён, варта спачатку наладзіць кантакты з партнёрамі ці спонсарамі, замежнымі ды айчыннымі арганізацыямі, якія маюць магчымасць прадастаўляць гранты ў культурнай сферы. Гэтак і зрабілі выкладчыкі Дзіцячай мастацкай школы горада Глыбокае, што ў Віцебскай вобласці.

/i/content/pi/cult/524/11333/12-1.jpg

Спачатку было…

— Наш праект, рэалізацыя якога пачалася ў жніўні 2013-га, а завяршылася ў лютым 2015 года, меў назву “Паляпшэнне адукацыйных умоў для пераемнасці мастацкай спадчыны Латвіі і Беларусі ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва”, — распавядае дырэктар Глыбоцкай ДМШ імя Язэпа Драздовіча Жанна Балабуева. — У рамках праекта нашы настаўнікі і іх калегі з Лудзенскай мастацкай школы Латвіі збіралі матэрыялы пра Язэпа Драздовіча ды Антона Кукайса, апрацоўвалі звесткі, а праз віртуальныя ўрокі абменьваліся інфармацыяй.

Пра Язэпа Драздовіча, мабыць, распавядаць не варта. А вось пра Антона Кукайса вядома ў Беларусі не так шмат. А ён і паэт, і празаік, і мастак, і кераміст, і рэжысёр, і акцёр… Адным з найбольш важных ягоных дасягненняў з’яўляецца стварэнне Лудзенскай мастацкай школы, у якой ён цягам 10 гадоў быў дырэктарам… Сёння ў сценах гэтай установы можна засвоіць навыкі малявання, керамікі, працы з тканінай…

Але вярнуся да асноўнай тэмы. Так, агульны бюджэт сумеснага праекта склаў больш чым 220 тысяч еўра, прычым каля 200 тысяч еўра было прадастаўлена Праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь”, што рэалізуецца ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.

— У выніку нашай дзейнасці свет пабачыла кніжка-размалёўка, прысвечаная творчасці Язэпа Драздовіча і Антона Кукайса, — працягвае Жанна Балабуева. — Акрамя таго, на сродкі, атрыманыя па праекце, намі быў зроблены рамонт у Глыбоцкай ДМШ ды закуплены інтэрактыўныя навучальныя дошкі. Прывялі да ладу сваю школу на грошы ініцыятывы і нашы латышскія калегі ды, натуральна, займелі сваё інтэрактыўнае абсталяванне. Калі ж казаць пра канкрэтныя лічбы, дык беларускаму боку па праекце было выдаткавана каля 127 тысяч еўра.

А пад час заключных мерапрыемстваў, што адбыліся зусім нядаўна, дзесяць нашых дзетак і тры выкладчыкі наведалі на чатыры дні Латвію, пабывалі ў мастацкай школе-партнёры, а таксама ў некаторых іншых мастацкіх установах Латгаліі… У сваю чаргу, латышы наведалі Беларусь, завіталі ў Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, дзе змяшчаецца шмат твораў Драздовіча, а таксама з’ездзілі на экскурсію ў Мінск…

Сувязі мець добра

А распачалося супрацоўніцтва яшчэ ў 2009-м, пасля таго, як паміж Лудзенскім краёвым самакіраваннем і Глыбоцкім райвыканкамам была заключана дамова аб супрацоўніцтве ў розных сферах, у тым ліку, і ў культурнай. Яшчэ тады, шэсць гадоў таму, разам з латышамі мы зладзілі сумесны праект па вывучэнні беларускага і латышскага фальклору. Дзеці малявалі казку па беларускіх фальклорных матывах, а пасля нашы калегі з Латвіі знялі па гэтых малюнках невялікі фільм.

— Вось таму другі наш сумесны праект было рабіць нашмат лягчэй, — дадае мая суразмоўца. — Распрацавалі мы яго амаль адразу пасля завяршэння першай акцыі. І ўсе гэтыя часы чакалі фінансаванне, спадзеючыся, што знойдзецца спонсар, якому пададуцца цікавымі нашы задумкі. Так і адбылося… Трэба сказаць, што многія арганізацыйныя пытанні нам дапамагалі вырашаць нашы латышскія калегі. Гэта і падрыхтоўка неабходных дакументаў, і пераклад заяўкі на англійскую мову, і падача ўсёй актуальнай інфармацыі па праекце спонсарам.

— Цалкам магчыма, што ў нас будуць рэалізаваны і іншыя сумесныя задумы. Таксама мяркуем падключыць да наступнага праекта яшчэ і калег з Літвы, — рэзюмуе дырэктар ДМШ.

Між тым, ужо сёння можна сказаць, што глыбачане ад калег з Латвіі атрымалі цікавыя распрацоўкі, паглядзелі на тое, як жывецца настаўнікам і навучэнцам мастацкіх школ за мяжой. Як і латышы пад час прыезду ў Беларусь.

 

Хэдлайн рэгіёна

Што могуць спонсарскія грошы?

Праекты, падобныя тым, якія зладзілі ў Глыбоцкай ДМШ, “па плячы” многім іншым навучальным установам дадатковай адукацыі творчага кірунку ў Беларусі. Але, на жаль, звесткі пра праектную дзейнасць у рэгіянальнай сферы культуры журналістам даводзіцца расшукваць…

Натуральна, гэта адбываецца не з-за таго, што праекты нас не цікавяць… На жаль, іх у раёнах ладзіць чамусьці не адважваюцца. Магчыма, баючыся новых клопатаў ці англійскай мовы…

Пра тое, як пераадолець падобную “сціпласць”, “К” пісала неаднойчы. Гэта і задзейнічанне выкладчыкаў англійскай мовы, і няспыннае "груканне" ў дзверы грантадаўцаў, і выхад на сваіх суайчыннікаў за мяжой, і супрацоўніцтва праз дамовы аб партнёрстве, як гэта зрабілі ў Глыбокім… Але галоўнае — ініцыятыва і зацікаўленасць у выніках праекта культработнікаў…

І яшчэ. Многія праекты былі б, што называецца, “на слыху”, калі пра іх своечасова і падрабязна паведамлялі ў медыя. Напрыклад, пра агучаны глыбоцкі праект мы дазналіся, дзякуючы рассылцы, якую зрабілі па многіх СМІ Беларусі. Чаму б падобную практыку не скарыстаць нашым раёнам? Глядзіш, і інфармацыя — чытай: піяр — праектаў была б наладжана на высокім узроўні… А дзе піяр ды рэклама — там, цалкам магчыма, і новыя спонсары да новых праектаў. І гэта той вынік, які дасягальны нават без дадатковых укладанняў.

 

Кажа эксперт

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, сябра Беларускага саюза мастакоў:

— Тое, што зрабілі ў Глыбокім, — проста супер! Я сам ладжу ўжо трэці год запар пад Валожынам дзіцячы пленэр і магу сказаць, што падобныя акцыі для дзяцей і падлеткаў вельмі важныя. Ёсць такі выраз: “навучыць мастацтву праз мастацтва”. Мне падаецца, у Глыбокім гэтак і адбылося. Тым больш, наколькі я ведаю, мясцовая мастацкая школа сапраўды дае дзецям і падлеткам вельмі грунтоўныя веды, уменні і навыкі… Так што іх удзел у трансгранічным праекце — не выпадковасць…

Дадамо, што многае сёння залежыць ад ініцыятывы людзей. Трэба, што называецца, “чапляцца” і ўдзельнічаць у акцыях. Тым больш, калі недалёка ёсць такія суседзі, што могуць дапамагчы… Таму я цалкам за тое, каб гэткіх праектаў на Беларусі было паболей…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"