Замест поясу — галаграма?

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Эва АРЛІНЬСКА- МЯНОЎСКА, захавальнік польскага Нацыянальнага музея ў Варшаве
Беларусь — радзіма слуцкіх паясоў. Але краіна наша не можа пахваліцца іх багатай калекцыяй. Таму кожная дэманстрацыя ў Беларусі паясоў з замежных збораў становіцца для нас надзвычайнай падзеяй культурнага жыцця. Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі дэманструюцца шэсць паясоў з Нацыянальнага музея ў Варшаве. Наш карэспандэнт пагутарыў з захавальнікам калекцыі тканін галоўнага музея Польшчы.

/i/content/pi/cult/524/11322/6-2.jpg— Гэтая выстаўка для мяне вельмі нязвыклая, — кажа спадарыня Эва. — Я рада магчымасці прыехаць сюды і пабачыць вашы калекцыі. У Беларусі гэтыя паясы маюць нейкае асаблівае значэнне. Ужо па прыездзе даведалася, што дзеці ў школе вучаць верш Багдановіча, і што тут бадай для кожнага гэтыя паясы маюць значэнне відавочна большае, чым у Польшчы. У нас гэтая старонка гісторыі ўжо трохі забываецца, і, уласна, моладзі няма адкуль чэрпаць пра яе веды. Таму вельмі прыемна было прыехаць ў Беларусь і паказаць калекцыі нашага Нацыянальнага музея.

Мушу адзначыць удалае экспанаванне нашых рарытэтаў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, бо побач са Слуцкімі паясамі знаходзяцца партрэты асобаў, якія гэтыя паясы насілі. Адно другому вельмі пасуе.

Задума ўзнавіць у сучасных умовах такую з’яву як слуцкі пояс падаецца мне вельмі цікавай. Відавочна, уваскрашэнне даўніх рамёстваў мае глыбокі сэнс. У той жа час, варта звярнуць увагу і на тую аўтэнтычную ткацкую спадчыну, якую яшчэ і пагэтуль можна сустрэць, скажам, у старых беларускіх касцёлах. Ведаю, што ў вас рабілася дакументацыя тых помнікаў матэрыяльнай культуры, што ацалелі пасля войн і розных гістарычных катаклізмаў. Таму варта, каб не толькі паясы, але і іншыя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны былі папулярызаваныя сярод моладзі і сучаснага грамадства ўвогуле.

Экспанаванне паясоў дастаткова цяжкае, бо яны зробленыя ў значнай ступені з металічнай ніткі. Яна ж няўстойлівая да святла. Адпаведна, неабходна мець добрыя ўмовы экспанавання, а ягоны час не павінен быць надта доўгім, каб матэрыялы не разбурыліся. Вось у нашым музеі цяпер няма сталай экспазіцыі паясоў. Простай мовай кажучы, такія аб’екты павінны час ад часу адпачываць. Яны і ўмовы захавання мусяць мець асаблівыя. Зрэшты, у сталай экспазіцыі іх можна замяніць галаграмамі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"