З чаго пачынаецца спадчына?

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Максім РАСОХА, кіраўнік квартэта драўляных духавых “Riviera”, артыст Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, выкладчык па класе камернага ансамбля
Папулярызацыя нашай культурнай спадчыны павінна стаць адным з асноўных кірункаў дзейнасці кожнага музыканта. Той ці іншы беларускі твор ёсць у рэпертуары кожнага выхаванца — былога ці цяперашняга — музычных навучальных устаноў краіны. Але ж ці ўсе музыканты імкнуцца выконваць іх потым, пасля завяршэння вучобы?

/i/content/pi/cult/524/11320/5-3.jpgЧасам даводзіцца чуць нараканні на беларускія творы мінуўшчыны, аматарскія па сваім узроўні, а таму малацікавыя для сучасных музыкантаў. Сапраўды, паланезы ды мазуркі таго ж Міхала Клеафаса Агінскага, 250-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета, ствараліся для хатняга музіцыравання ды балявання, а зусім не для вялікіх філарманічных залаў, прыдатных для рамантычнага імпэту ва ўсім ягоным бляску. Але займаючыся “музычнай археалогіяй”, як я называю пошук адпаведнага нотнага матэрыялу, зусім не абавязкова выстаўляць усё знойдзенае на музейную паліцу — у арыгінальным, не прыстасаваным да сучаснага слухача выглядзе.

Выканальніцкіх версій павінна быць як мага болей, прычым самых розных. Побач з амаль аўтэнтычнымі прачытаннямі могуць быць і разнастайныя апрацоўкі. Галоўнае ў гэтай справе — не сапсаваць арыгінал, а наадварот раскрыць у ім патэнцыйныя магчымасці. Да прыкладу, калі буйная сімфанічная партытура, багатая на разнастайныя каларыстычныя эфекты, перакладаецца для сціплага камернага ансамбля, яна можа многае страціць. Калі ж сціплы фартэпіянны опус відавочна прыкладнога значэння (тая ж танцавальная музыка ХІХ ст.) перакладаецца для прафесійнага ансамбля, дык ён абавязаны ўзбагаціцца — тым жа суквеццем тэмбравых фарбаў.

Наш ансамбль “Riviera” існуе ўжо 9 гадоў, і для кожнай сваёй праграмы (а гэта ў большасці менавіта беларуская музыка розных стыляў і эпох) пералажэнні даводзіцца рабіць самастойна. Попыт на беларускія творы ёсць, а сярод камерных ансамбляў — тым больш. Ансамблевае выкананне, на маю думку, пачынае перажываць сёння сваё адраджэнне. Калісьці, у часы таго ж Міхала Клеафаса і суцэльнае стагоддзе раней да яго, такая форма музіцыравання была чымсьці накшталт нязмушанай “гутаркі за сталом”: сябры ды сваякі збіраліся не толькі, каб убачыць адно аднаго, але і каб “весці размову” на музычнай мове. Пазней традыцыі былі страчаны, а сёння адраджаюцца, пачынаючы з пачатковага ўзроўню музычнага навучання. Каб хаця крыху наталіць прагу да такога рэпертуару, летась я выдаў зборнік “Лірычная мелодыя” — пералажэнні твораў беларускіх кампазітараў для дзіцячага трыа (флейта, скрыпка і фартэпіяна). А з выкладчыкаў сталічнай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў імя Яўгена Глебава склаў ансамбль “Мінск-Класік”, які таксама не забываецца на нашу спадчыну. Ведаю, што падобныя настаўніцкія калектывы самага рознага складу ёсць ці не ва ўсіх школах. Але ці ўсе яны выконваюць папраўдзе цікавыя, часам забытыя ці ўвогуле не надта вядомыя беларускія творы? Большасць, на жаль, абыходзіцца ўсяго некалькімі папулярнымі мелодыямі, бо астатняе патрабуе яшчэ і “пошукавых” высілкаў.

Да 250-годдзя Агінскага ладзіцца шэраг самых розных мерапрыемстваў. Цыкл канцэртных праграм, падрыхтаваных ансамблем салістаў “Класік-Авангард”, пачаўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Цікавай была і вечарына 11 сакавіка ў зале “Верхні горад”, што побач з Мінскай ратушай. Кіраўніцтва гэтай канцэртнай установы клапоціцца, каб іх сцэна стала прытулкам не толькі для традыцыйных, але і часам нечаканых творчых праектаў. Згаданая праграма, да прыкладу, стала не звыклым канцэртам, а тэатралізаваным, касцюміраваным і адначасова асветніцкім праектам. “Летапіс роду Агінскіх” ствараўся літаральна на вачах публікі, з удзелам летапісца-апавядальніка і музыкантаў квартэта “Riviera”. Прысутныя змаглі разам з намі прасачыць эвалюцыю музычных стыляў, іх развіццё ў розныя эпохі на прыкладзе прадстаўнікоў аднаго з найбуйнейшых магнацкіх родаў. Такі “сямейны” падыход, спадзяёмся, будзе цікавым не толькі ўласна прыхільнікам музыкі. Можа, кагосьці ён увогуле натхніць на стварэнне летапісу ўласнай сям’і. Дарэчы, ці не з гэтага пачынаецца беражлівае стаўленне да нацыянальнай спадчыны?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"