З нагоды Дня Канстытуцыі

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Сяргей ЧЫГРЫНАЎ, суддзя Канстытуцыйнага Суда
15 сакавіка 1994 года Парламент нашай краіны прыняў Канстытуцыю незалежнай Беларусі. Важнасць гэтай гістарычнай падзеі заключаецца ў тым, што ўпершыню на ўзроўні Асноўнага Закона, які з’яўляецца вышэйшым прававым актам дзяржавы, была замацавана воля беларускага народа на пабудову дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы.

/i/content/pi/cult/524/11318/5-1.jpgГрамадзяне Беларусі атрымалі дзейныя канстытуцыйныя гарантыі непахіснасці сваіх палітычных, сацыяльна-эканамічных 
і культурных правоў, якія па сваім змесце адпавядаюць сучасным міжнародна-прававым стандартам.

У сям’ю паўнапраўных членаў міжнароднай супольнасці Беларусь уступіла з пэўнымі здабыткамі ў галіне канстытуцыйнага развіцця. Яшчэ ў статутах Вялікага Княства Літоўскага, якія, безумоўна, можна разглядаць у якасці юрыдычных дакументаў канстытуцыйнага характару, змяшчаліся юрыдычныя нормы, што замацоўвалі неад’емныя правы чалавека і найважнейшыя прававыя прынцыпы: вяршэнства пісанага права, роўнасць усіх перад законам, законнасць дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб, правы кожнага чалавека на абарону жыцця і гонару, недатыкальнасць асобы, свабоднае валоданне маёмасцю, судовую абарону і некаторыя іншыя.

Нельга недаацэньваць і канстытуцыі Савецкай Беларусі 1919, 1927, 1937, 1978 гадоў. Яны ўстанавілі, хаця і ў абмежаваным выглядзе, беларускую нацыянальную дзяржаўнасць, вызначылі дзейсную сістэму дзяржаўных органаў, замацавалі на канстытуцыйным узроўні шырокае кола сацыяльных правоў асобы, юрыдычна захавалі этна-культурную самабытнасць беларусаў, увогуле падрыхтавалі прававы падмурак для самавызначэння беларускага народу ў незалежнай дзяржаве.

Сучасная Канстытуцыя працягвае дэмакратычныя традыцыі беларускага канстытуцыяналізму. Артыкул 2 Асноўнага Закона змяшчае базавую норму, якая з’яўляецца своеасаблівым дэвізам нашай краіны: “Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы”. Гэтае праграмнае палажэнне развіваецца ў раздзеле другім Канстытуцыі — “Асоба, грамадства, дзяржава”. Прыярытэты вызначаны менавіта так: спачатку — чалавек, потым — грамадства і дзяржава.

Вялікае значэнне ў Канстытуцыі надаецца правам і свабодам чалавека ў галіне культуры. У артыкуле 15 замацавана адказнасць дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Такім чынам, захаванне культурных здабыткаў народа Беларусі і далейшае развіццё культуры вызначаецца ў якасці аднаго з галоўных напрамкаў дзейнасці дзяржавы. Канстытуцыя надае ўвагу і культурным правам асобы. Згодна з артыкулам 51 кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветніцкіх устаноў. Свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання гарантуецца. Інтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам. Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў.

Канстытуцыйнае будаўніцтва — дынамічная з’ява. Яно павінна не толькі адпавядаць узроўню развіцця сацыяльных адносін, але і ў чымьсці іх апярэджваць, быць накіраваным на перспектыву. Таму дзеючы Асноўны Закон, працягваючы дэмакратычныя традыцыі беларускага канстытуцыяналізму, не толькі замацоўвае пэўнае кола канстытуцыйных гарантый правоў асобы, але і праз свае праграмныя палажэнні вызначае вектар развіцця грамадства на пабудову дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года мае значны патэнцыял развіцця і паглыблення палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных правоў асобы, дэмакратычных прынцыпаў пабудовы і дзейнасці дзяржаўных інстытутаў.