Ці “пакаціць” піяр свайго сваімі?

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Вулічнай сацыяльнай рэкламе не стае асобаснага пасылу
У маім імправізаваным хатнім архіве, дзе згрувашчана недадуманае і недаробленае, ёсць папка з парай спісаных аркушаў. Яна называецца “Апосталы”. Умоўная назва перспектыўнага, як падавалася гадоў пяць таму, праекта сацыяльнай рэкламы, які мы прыдумалі разам з колішнім фатографам “К” Юрыем Івановым. Караценька распавяду пра сутнасць задуманага. Знаёмая, што працуе ў Маскве, згадала неяк: сталіца Расіі хоць і перанасычана вулічнай камерцыйнай рэкламай, але і на недахоп сацыяльнай не можа паскардзіцца. Бачыла яна, да прыкладу, шматлікія плакаты з выявамі вядучых тэатральных артыстаў з іхнімі ж патрыятычнымі выказваннямі. Скажам, Алег Табакоў прызнаваўся мінакам у шчырай любові да сцэнічнага мастацтва. Падумалася, а чаму мы, беларусы, не прапагандуем гэткім жа чынам сваё і сваіх?

Нельга сказаць, што справа з развіццём сацыяльнай вулічнай рэкламы ў нас не рухаецца. Чаго толькі вартыя банеры, што прапагандуюць родную мову. Цяпер, напэўна, самы абыякавы да нацыянальнага беларус дакладна ведае, што такое, скажам, ажыны ці агрэст. Але праблема ў іншым.

Калісьці я быў на курсах у Інстытуце культуры Беларусі, дзе псіхолагі казалі прысутным, што існуе пэўны сіндром непрыняцця свайго, у тым ліку і асоб, што так і не сталі паўнавартасна медыйнымі. У чым вытокі такой з’явы? Хто з нашых знакамітасцей стаў сапраўды вядомым не толькі ў вузкіх колах нешматлікіх дасведчаных? Можна шмат казаць пра недасканаласць айчыннага тэлебачання і сціпласць герояў з прычыны невысокай запатрабаванасці іх творчасці ў грамадстве. На мой погляд, пазнавальныя літаральна для ўсіх акцёры-купалаўцы старэйшага пакалення, а таксама — Міхаіл Фінберг і Аляксандр Саладуха, а яшчэ — пара-тройка эстрадных зорак ды апошнім часам — спартсменкі Дар’я Домрачава і Вікторыя Азаранка… Фінберг і Саладуха — мала таго, што прафесіяналы са шматгадовым стажам (не з’яўляюся прыхільнікам творчасці Саладухі, аднак, здымаю капялюш перад ягонай напорыстасцю), але і не сыходзяць са старонак друкаваных СМІ ды тэлеканалаў, і не толькі беларускіх. А астатнія, што лічацца элітай? Не толькі артысты ды музыканты, але і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы, настаўнікі, урачы? Пра большасць з іх сярэднестатыстычны беларус і не чуў.

Вось так і ўзнікла ідэя прапіярыць “апосталаў” сённяшняй культуры на банерах: на вуліцах вёсак, мястэчак і гарадоў. Задумка падавалася ідэалагічна выверанай: фотапартрэт плюс трапнае, блізкае сэрцу кожнага выказванне. Выява, скажам, Міхася Дрынеўскага суседнічала з выказваннем: “У нас што ні сусед, дык сваяк ці родзіч”. Паспрабавалі тады данесці прапанову ў вушы высокаму чыноўніку аднаго з аблвыканкамаў. Але штосьці не заладзілася, штосьці не “пакаціла” на сутыкненні пытанняў “А хто плаціць будзе?”, “А каго з персаналій выбіраць — землякоў ці не?” ды “Што рабіць з тымі, каго ўжо няма сярод нас?”...

Словам, шкада праекта. А піярыць трэба ўсіх, хто ўслаўляў Беларусь і хто з поспехам працягвае гэта рабіць. З той простай прычыны, што яны — гонар нацыі, сапраўдныя яе апосталы: Вітаўт, Каліноўскі, Драздовіч, Быкаў, Барадулін, Кіт, Вашчанка… Выяву Ефрасінні Полацкай я бачыў на вулічных банерах. Пад юбілей класікаў сустракаў на вуліцах постары Купалы з Коласам. Цяпер не трапляюцца… Хтосьці скажа, што іканаграфіі вялікага князя Вітаўта не існуе ў прыродзе. Ну і што? Калі няма, варта яе прыдумаць. А тут і прыдумваць нічога не трэба, толькі ўзяць — і намаляваць.

Праект — у архіве. Ці не зарана я яго пахаваў?

Яўген РАГІН

 

Пытанне з нагоды

Мы пацікавіліся ў пяцёркі медыйных персон краіны, наколькі гатовыя яны ўдзельнічаць у сацыяльных праектах, ці пра іх вызначэнне “за ідэю”, а таксама высветлілі, якія праблемы грамадства хвалююць артыстаў. Магчыма, выбарка не пасуе канцэпцыі гіпатэтычнага праекта “Апосталы”, пра які пісаў мой калега. Але, будзем шчырымі, менавіта па сферы папулярнай музыкі (наогул — папулярнай культуры) абывацель вызначае ўзровень творчай прасторы, адкрытай для яго. Вось таму, мяркую, тыя ж поп-музыканты цікавыя як аб’ект сацыяльнага выказвання.

Уладзімір ПУГАЧ, фронтмэн гурта “J:морс”:

— Наш гурт шмат і ахвотна працаваў у сацыяльнай рэкламе, менавіта білбордаўскай. Таксама як Пасол Добрай волі UNICEF бяру ўдзел у праектах сацыяльнай скіраванасці. Я б цяпер з вялікім жаданнем выказаўся, дапусцім, пра татальнае атупенне людзей ў сусветным маштабе. Калі, умоўна кажучы, зладзіць паляванне на маманта разам немагчыма, бо людзей проста не выцягнуць з камп’ютараў, не адарваць ад сацыяльных сетак.

Аляксандр САЛАДУХА, спявак:

— Да сацыяльных праектаў стаўлюся станоўча і, калі ёсць магчымасць, час, стараюся прымаць у іх удзел. Да ўсяго, чалавек больш давярае блізкім, публічнай персоне. Таму, прапануй мне хто-небудзь звярнуцца з білборда з ідэяй, якую я падзяляю, то, натуральна, пагадзіўся б. І сам мог бы падзяліцца сваімі думкамі. Гэта магло б быць нешта, адрасаванае да ўсіх: заклік да дабра, міру, міласэрнасці. Альбо штосьці канкрэтнае, напрыклад, праблемы ВІЧ-інфіцыраваных. Вядома, ніякага ганарару за падобную акцыю я б не папрасіў: хопіць і твару на рэкламных шчытах. Але для мяне такая персаніфікаваная рэклама не важная. Істотна, каб пачулі пасыл.

Ірына ДАРАФЕЕВА, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь:

— З тых акцый, што згадаліся, — праект “Зоркі за бяспеку”. А яшчэ пры дапамозе білбордаў я магла б сказаць пра такія рэчы, як патрыятызм і патрыятычнае выхаванне моладзі, працу на карысць Радзімы. І гэта быў бы зварот не толькі да прыхільнікаў, а да ўсіх грамадзян. Упэўнена: папулярныя асобы, якiя прамаўляюць з плакатаў пазітыў, — рэальны прыклад таго, што які б ні быў твой статус у грамадстве, ёсць рэчы, што аб’ядноўваюць людзей розных прафесій, поглядаў.

Віталь КАРПАНАЎ, лідар гурта “Дразды”:

— Любую рэкламу — камерцыйную, сацыяльную — я лічу удалай, калі яна дае задуманы вынік. Асабіста я агучыў бы з білбордаў... настрой! Замежнікі, прыязджаючы ў Беларусь, часцяком прыкмячаюць у нашых людзей змрачнаваты выраз твару. А тут, уявіце сабе, вялізны білборд з вясёлымі музыкантамі са словамі “Дорым настрой! Усміхайцеся часцей!” Мы б і пра сябе нагадалі, і падзяліліся б усмешкамі! Дарэчы, дзякуй за ідэю!

Віталь АРТЫСТ, лідар гурта “Без білета”:

— Нас перыядычна запрашаюць зняцца ў тым ліку і для сацыяльнай рэкламы на білбордах. Упрошваюць, распавядаюць казкі, што толькі ад нашага важкага слова залежыць папуляцыя кітоў у Ціхім акіяне. Нядаўна апісвалі сюжэт будучай акцыі, дзе людзей перасцерагаюць ад рабства пад час працы за мяжой. З усёй размовы я дакладна зразумеў адно: пры салідным бюджэце нам прапануюць удзельнічаць на грамадскіх пачатках. Мы не жлабы, не аднойчы гралі бясплатныя канцэрты для хворых дзяцей, але на аферы ў мяне выпрацаваны нюх. Калі я адчую, убачу, што сацыяльны праект вырашае канкрэтную праблему, неабыякавую і мне, заўжды пайду насустрач. Скажам, мяне цяпер хвалюе залежнасць людзей ад гаджэтаў. Я нядаўна быў у вёсцы і выявіў, што не ўзяў з сабой смартфон. І запанікаваў! Адраджэнне рэальных чалавечых зносін — вось што павінна стаяць на парадку дня. “Чытай кнігу, перастань “вісець” у чатах, выходзь на вуліцу, гавары з людзьмі!” — вось што магло б быць напісана на маім білбордзе.

Апытваў Алег КЛІМАЎ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"