Вялікі трэнд

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Вадзім МАЖЭЙКА, культуролаг, магістр кіравання, эксперт па культуры грамадскага аб'яднання "Ліберальны клуб"
Адметна, што палітыка дзяржаўных інстытутаў у сферы культуры апошнім часам развіваецца паралельна, а ў некаторых праявах наогул супадае з грамадскімі памкненнямі і шматлікімі беларускаарыентаванымі ініцыятывамі, якія набылі вялікую папулярнасць за мінулы год. Чаму склалася такая тэндэнцыя і якое яе значэнне?

/i/content/pi/cult/524/11313/2-5.jpgБезумоўна, розныя беларускаарыентаваныя ініцыятывы (як дзяржаўныя, так і грамадскія ці — са сферы бізнесу) былі і раней. Тут можна ўзгадаць і актыўнасць былога міністра культуры Паўла Латушкі, і дзейнасць грамадска-культурных пляцовак, і рэкламу шэрагу знакамітых брэндаў па-беларуску… Але ж за апошні год ўсё гэта атрымала новы імпульс ды значна большую цікаўнасць у звычайных, не надта ангажаваных у айчыную культуру грамадзян.

Самыя паказальныя праявы трэнда лёгка знайсці і ў дзяржаўнай дзейнасці, і ў грамадскай, і ў бізнесе.

Літаральная праява, якую можна заўважыць вачыма, — гэта, безумоўна, шалёная мода на адзенне з беларускім каларытам. Ад прамысловых кашуль “Эліз” з беларускім арнаментам — да вышыванак аўтэнтычнай вытворчасці. Сёння лёгка набыць світар, худзі ці талстоўку, аздобленыя нацыянальнай сімволікай. Але лідарам па народнай папулярнасці сталі вышымайкі з прынтам беларускага арнамента, даволі танныя ды сучасныя (не кожны сёння можа сабе дазволіць дарагую вышыванку ручной працы са льну). За кароткі тэрмін інтэрнэт-крама, якой належыць ідэя, рэалізавала шматтысячныя тыражы вышымаек і цяпер іх можна пабачыць паўсюль — як на музыкантах-падлетках, так і на алімпійскай чэмпіёнцы Аляксандры Герасімені.

Найбольш заўважныя дзяржаўныя ініцыятывы — у галіне адукацыі. Так, Прэзідэнт запатрабаваў павялічыць гадзіны на выкладанне беларускай мовы ў школах праз тое, што яе вывучаюць менш за іншыя. А міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў казаў, што “больш за палову прадметаў будуць выкладацца на беларускай мове… Гэта цвёрдае перакананне Мінадукацыі”. Пры гэтым падкрэслівалася, што гэтыя працэсы ў Беларусі будуць не хуткімі і не гвалтоўнымі, а паступовымі, у тым ліку — з апорай на ініцыятыву саміх навучэнцаў.

А самым гучным крокам бізнеса стала заява сеткі аўтазаправачных станцый: з 1 студзеня 2015 года ўвесь бізнес будзе толькі на беларускай мове. Генеральны дырэктар кампаніі Ірына Валадзько падкрэслівае: “Гэта было зроблена не для таго, каб атрымаць нейкі дадатковы даход, а каб людзі чулі родную мову, каб пашырыць іх моўнае асяроддзе. Гэта не бізнес, гэта — сацыя-культурны праект”. Але ж беларусізацыя сеткі АЗС прывяла і да павялічэння колькасці кіентаў — найлепшы паказчык таго, што людзям гэта падабаецца, яны нават запраўляць аўто лічаць за лепшае на беларускамоўнай АЗС.

Усё гэта дазваляе казаць пра вялікі трэнд. Цудоўна, што цяпер ён азначаны ярка. Зрэшты, наспявае час абагульніць і дзяржаўную дзейнасць па мяккім прасоўванні беларускага ў адзіную агульную стратэгію для яе каардынацыі і большай паспяховасці. А яшчэ лепш аб’ядноўваць магчымасці дзяржавы ды досвед грамадскіх ініцыятыў: калі мэты агульныя, дык чаму ж не працаваць разам?