А калі — Год культуры...

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

На выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны агучана ідэя абвяшчэння 2016-га Годам культуры. Мы вырашылі ўнесці ў скарбонку прапаноў да гэтай ініцыятывы і свае развагі, якія друкуем цягам некалькіх нумароў. Запрашаем падзяліцца меркаваннямі і чытачоў!

З Года моладзі і пачаць!

/i/content/pi/cult/524/11310/4-28.jpgЗ таго моманту, як я стала працую ў “К”, кожны год для мяне — гэта год культуры. Без двукоссяў, па сутнасці. І са свайго журналісцкага ды і жыццёвага гледзішча я, бадай, магу зрабіць выснову: зацяганыя тэзы “кадры вырашаюць ўсё” і “моладзь — наша будучыня”, як бы іранічна да іх ні ставіліся, маюць пазачасавую актуальнасць. Прынамсі, у культурнай галіне.

Культуры, асабліва ў рэгіёнах, не хапае маладых кадраў. Прытым, што навучальныя ўстановы галіны працуюць з поўнай загрузкай і кожны год даюць краіне маладых спецыялістаў. Вось мне і хацелася б, каб бягучы Год моладзі павольна перайшоў бы ў Год культуры — і каб моладзь у культуру прыйшла. Не адпрацоўваць размеркаванне, але на сталую працу. Для гэтага недастаткова проста падняць заробак і узровень сацыяльнай абароненасці культработніка. Трэба, каб работа ў РДК, бібліятэцы, дзіцячай школе мастацтваў была прывабнай і ў псіхалагічным сэнсе, каб успрымалася не як праца, абы грошы зарабіць, а як сродак эстэтычнай самарэалізацыі.

Я шаную нацыянальную традыцыю і народную аўтэнтыку, але мне здаецца, што клопат пра іх захаванне мусіць суправаджацца засваеннем новай эстэтыкі, якую сваёй лічыць моладзь. Каб словаспалучэнне “беларуская культура” выклікала ў маладога чалавека асацыяцыю не з хорам, рэпэртуар якога складаецца з калядных ды савецкіх песень, не з майстэрняй саломкапляцення (прытым, што і першае, і другое мусяць быць), а з неабсяжнай прасторай, адкрытай для эстэтычных навацый і актуальных інфармацыйных тэхналогій. Кажучы інакш, каб на тым ўзроўні, дзе прымаюць рашэнні, “альтэрнатыўныя” плыні эстэтыкі — музычнай, сцэнічнай, выяўленчай — успрымаліся не як другасная з’ява, але як паўнавартасны чыннік культурнага працэсу.

Я не заўжды прымаю тое, што падабаецца маім дзецям, але шчыра гэтым цікаўлюся. Хаця б для таго, каб яны бачылі ўва мне вартага суразмоўцу.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

 

Без замкаў з пяску

/i/content/pi/cult/524/11310/4-22.jpgМяркую, варта быць рэалістамі. І адразу сказаць: калі Год культуры і будзе аб’яўлены, вялікіх матэрыяльных дывідэндаў ад гэтага супрацоўнікі сферы культуры, як і сама галіна, не атрымаюць.

Чаму — і так зразумела. Не тыя сёння часы, каб узводзіць гмахі дамоў ці палацаў культуры, будаваць “з нуля” новыя тэатры ды музеі, мроіць пра новыя мерапрыемствы. Бо няма для гэтага самага асноўнага — дзяржаўных фінансаў. А без іх казаць пра падобныя праекты ў сферы культуры — гэта як будаваць замкі з пяску. Менавіта дзяржава ў нас, як і ва ўсім свеце, з'яўляецца надзейным гарантам развіцця культуры. Як з гледзішча падтрымкі ўласна творчых ініцыятыў, так і іх матэрыяльнага забеспячэння.

Тым не менш, год 2016-ы я закцэнтаваў бы на мецэнацтва ў культуры. Якраз мецэнаты ды спонсары сёння могуць унесці свежую плынь у развіццё сферы, распачаўшы шэраг новых буйных праектаў, падтрымаўшы таленавітых творцаў ці выдаткаваўшы грошы для выезду айчынных калектываў за мяжу. Да слова, многія так і робяць сёння.

А каб колькасць спонсараў і мецэнатаў у сферы культуры павялічвалася, варта зрабіць неаднойчы прапанаванае. Па-першае, упарадкаваць нарматыўна-прававую базу, гарманізаваць заканадаўства ў сферы спонсарства і мецэнацтва з магчымымі прэферэнцыямі, якія будуць матываваць фундатараў. Па-другое, стварыць магчымасць жыхарам краіны пры іх добраахвотным жаданні накіроўваць частку сваіх падаткаў канкрэтным установам культуры (гэтак, да прыкладу, робяць у суседніх Польшчы ды Літве). І, па-трэцяе, варта працягваць традыцыю ўзнагароды “Мецэнат культуры Беларусі”, папулярызуючы гэтую дзейнасць у маштабах краіны праз медыя... Цалкам магчыма, што тады 2016 год сапраўды стане для беларускай культуры знакавым. Іначай мы так і будзем працягваць будаваць замкі з пяску.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"