Карней Аляксееў. "Малітва", "Прарок".
І вось прыйшоў час, калі Карней Іосіфавіч вырашыў у выставачных залах Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава зладзіць вялікую рэтраспектыву сваіх твораў — ад самых ранніх работ да створаных у апошнія месяцы. І тут нічога дзіўнага: мастак родам з вёскі Вуглы Бабруйскага раёна, а ў Магілёве жыве і працуе ўжо чвэрць стагоддзя. Акрамя таго, хацелася б паказаць сваім землякам усё лепшае, што ён змог зрабіць у мастацтве за мінулыя дзесяцігоддзі, і падвесці вынікі сваіх пошукаў і знаходак.
У экспазіцыі прадстаўлены розныя жанры: ад партрэта-тыпа і станковага рэльефа да фігуратыўных кампазіцый і анімалістычнай скульптуры. Увагу прыцягваюць псіхалагічныя вобразы бацькі і сына, якія раскрываюць індівыдуальнасць мадэлей, настрой, унутраны стан чалавека. “Жаночы партрэт” — адна з дасканалых работ скульптара па дзіўнай гармоніі ідэі ды яе ўвасаблення. Задуменная своеасаблівая музычнасць знаходзіцца ў самім пластычным рашэнні твора, у яго лірычным настроі, у асаблівай плаўнасці форм. Партрэт прасякнуты асабістым стаўленнем аўтара да мадэлі і адначасова ён — як бы абагульнены вобраз жаноцкасці.
А вось творы, якія аб’яднаны тэмай духоўнасці: “Прарок”, “Музыка нябёсаў”. Цікавасць да такога партрэта-абагульнення характэрная для перыяду станаўлення новага мастацтва, і ў нашым выпадку яно было заканамерным. Гарэльефы Максіма Багдановіча і Цёткі (Алаізы Пашкевіч) — гэта выявы галавы з невялікай колькасцю атрыбуцыі. Яны засяродзілі ўвагу на пластыцы твару, які даволі ўзбуйнены і займае амаль усю прастору. На вывучэнні жыцця, натуры грунтуюцца вобразы невялікіх па памерах кампазіцый “Пад мірным небам” і “Птушніца Таццяна”. Любоў і чуласць да прыроды бачныя праз адлюстраванне дзікіх звяроў ды хатняй жывёлы ў творах “Важак”, “На сцяжыне поспеху”, “Зараз палятаю”, “Сон”, “Выратаванне”. Яны хвалююць уяўнай стыхіяй, веліччу, а ў пэўныя імгненні гэтыя рэчы надзелены рысамі ачалавечанай прыроды. Вобразы крыху насычаны фантазіяй, і ў той жа час аўтар не парушае праўды, а толькі далікатна ўзмацняе дакладныя рысы, якімі валодае сама натура.
Дух і змест выстаўкі прадстаўляюць нам асобу Карнея Аляксеева, глыбіню ягонай душы. Мастак дыхае разам са сваёй скульптурай і рухаецца ў цэнтрабежным развіцці, ператвараючы работы ў аб’екты сузірання ды разважанняў. З ростам майстэрства ў ягонай творчасці выяўляюцца асаблівасці аўтарскай індывідуальнасці. Арыентаванасць на сувязь з жыццём, наватарства і выкарыстанне традыцый, досвед дапамагалі майстру рознабакова адлюстроўваць рэчаіснасць, вобразна фіксаваць час, а галоўнае — дэманстраваць стаўленне да таго, што ён любіць.
Добрая традыцыя нашага музея — ствараць “пераклічку” выстаўкі з паўсядзённым жыццём пастаяннай экспазіцыі. Выстаўка не абрываецца “зараз”, а як бы адгукаецца ў іншых залах музея. У пастаяннай экспазіцыі “Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны ХХ стагоддзя”, якая зноў адкрыта для наведвальнікаў пасля рэстаўрацыі ды рэканструкцыі, прадстаўлены творы і Карнея Аляксеева, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны: “Хлеб”, “Сустрэча”, партрэт камандзіра 121-га партызанскага палка, які змагаўся на Магілёўшчыне, Героя Савецкага Саюза маёра Асмана Касаева. Дарэчы, гэтая новая зала экспазіцыі прысвечана 70-годдзю Перамогі.
Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава