Цырк як прафесія

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Пасля рэпетыцыі новай праграмы ў Беларускім дзяржаўным цырку з журналістамі пагутарыў дуэт клоўнаў — народныя артысты Расіі Лада і Аляксандр САРНАЦКІЯ.

/i/content/pi/cult/520/11300/6-2.jpg

Цырк плюс вада

Л.С.: — Захоплены вашым цыркам! Шэдэўральны будынак! Паверце, нам ёсць з чым параўноўваць. Мы аб’ехалі шмат краін ды гарадоў. У Мінску ўсё вельмі прафесійна — пачынаючы ад памяшкання і заканчваючы службамі.

І наша праграма ў ім, мяркую, — таксама незвычайная (Беларусь —чацвёртая краіна, куды мы прыбылі). Калі сцісла казаць пра абсталяванне, то водазмяшчэнне яго складае 120 тон. Тэмпература вады роўная тэмпературы памяшкання: +25 градусаў. Для бяспекі ды камфорту ўстаноўлены фільтры і нагрэў. Урэшце, вы і самі бачылі, што мы прывезлі не цырк на вадзе, а цырк з элементамі вады, дзе апошняя — упрыгожанне (да ўсяго, працуем з жывёламі). Маем 600 фантанаў, адзін з якіх можа даць струмень вышынёй у 26 метраў! Часам нам нават не хапае вышыні купала, каб прадэманстраваць усю гэтую магутнасць. Лазернае святло, дождж, водны 3D-экран — тэхнічна наша каманда імкнулася злучыць у гэтым шоу ўсе апошнія ноу-хау, якія на сёння існуюць…

Найперш — артысты

А.С.: — Але ўсё ж такі ў цэнтры ўвагі — нашы артысты (іх 11 у камандзе з 20 чалавек, прытым што падобныя шоу маюць да 50 артыстаў “у штаце”), нашы дыяменты! Тыя ж “паветранікі”, канатаходцы: яны ж у вадзе — па вушы, і патрэбна адвага, каб на ўсё гэта “падпісацца”. Самай малодшай удзельніцы шоу, Альдане Абдулаевай, — дзевяць. Цягам ужо двух гадоў яна займаецца ў жанры хулахуп. Нумар яе выконваецца на прыстойнай для дзіцяці вышыні, на платформе, якая бесперапынна рухаецца. Мы, клоўны, таксама адаптаваліся пад праграму. Фінальная рэпрыза, дзе я “купаюся”, прыдумана спецыяльна пад гэты манеж.

Нядаўна працавалі ў Баку, і так атрымалася, што за два тыдні давялося рабіць новы спектакль. Вось такая была ўмова, каб адпрацаваць два сезоны ў адным цырку. Напэўна, гэта сапраўднае сяброўства, бо за кароткі тэрмін мы ўсё паспелі.

Дарэчы, у нашых планах — пастаноўка сюжэтнага спектакля. Але пакуль усё знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Мо гады праз два-тры зможам вярнуцца ў Беларусь з новым творам. Нам хацелася б, каб гэта было цэласнае прадстаўленне, а не проста набор якасных нумароў…

Крыху аб прафесіі

Л.С.: — Якім чынам так добра “сканую” людзей у зале? Бо я працую клаўнесай амаль 25 гадоў. За гэты час у мяне выпрацаваўся нядрэнны “нюх”. Перш чым падысці да кагосьці, гляджу яму ў вочы. У мяне ёсць свае хітрыкі. Я адзначаю, у якой позе сядзіць чалавек: закрытай ці адкрытай. Магу ісці да аднаго — і нечакана падняць іншага. Але па маладосці была непераадольная цяга менавіта да п’янаватых ці спецыфічных асоб. Мела і неспадзяванку: аднойчы ў Японіі наогул не заўважыла і падышла да сляпога ў акулярах. Сорамна было... Я яму — мячык, маўляў, давайце, кідайце! Японец мала таго, што невідушчы, дык яшчэ і нічога не зразумеў. Але потым справіўся. А мяне яшчэ і пахвалілі, бо я ўключыла чалавека ў соцыум…

У цэлым, нам удаецца атрымаць прыязнае стаўленне гледача да сябе. Асабліва дзяцей, а гэта — удвая прыемна, таму што яны не ўмеюць прыкідвацца, нібыта ім нешта падабаецца. Малечы лепш адчуваюць чалавечую энергетыку, і калі ім будзе нешта не па душы ў прадстаўленні, то яны ўстануць і сыдуць. Таму для клоўна дзеці — гэта лакмусавая паперка…

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст