У разуменні інтэлігенцыі

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Ігар ЗАЛАТУСКІ, гісторык літаратуры, пісьменнік, Прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі творчай інтэлігенцыі “Свет культуры”, старшыня Гогалеўскага Фонду
У свядомасці сучаснай расійскай інтэлігенцыі, якая мусіць ствараць культурны кантэкст жыцця, на вялікі жаль, няма разумення важнасці той літаратуры, што нясе духоўнасць для шырокай грамадскасці. Калі перафразаваць словы Ніцшэ, у іх сэрцах Бог памёр. Там пуста. Гэта датычыцца большасці людзей сучаснай айчыннай культуры. Безумоўна, ёсць асобныя таленты, якія процістаяць гэтаму. Але мы іх пакуль практычна не ведаем...

/i/content/pi/cult/516/11154/6-2.jpgТым не менш час ад часу можна назіраць за цікавымі літаратурнымі спробамі маладых аўтараў. Але ці магчыма сёння напісаць аналаг “Вайны і міру”? Думаю, што так. Які цяпер дзівосны час! Ён багаты на разнастайныя падзеі, у тым ліку негатыўныя: катастрофы, войны, варожасць, зневажанне ўсяго святога… Дастаеўскі проста ніякавее, умоўна кажучы, перад такой тэматыкай. Так што вялікі талент неўзабаве павінен з’явіцца.

На творчай сустрэчы, якая адбылася ў Мінску, мне задавалі пытанне: чаму творчасць большасці класікаў беларускай літаратуры практычна не ведаюць у свеце? Я вас разумею. Нашага Фёдара Цютчава таксама не ведаюць. А ён, між іншым, пражыў у Заходняй Еўропе тры дзясяткі гадоў. З лекцыямі я наведаў многія краіны свету і заўважыў тэндэнцыю: цікавасць заходняй цывілізацыі да вывучэння славянскіх літаратур зрушылася ў бок негатыву. Напрыклад, іх цікавіць Сярэбранае стагоддзе, творчасць Марыны Цвятаевай, але не Мікалая Забалоцкага, хоць ён таксама вялікі творца. Еўрапейцаў цікавяць пераважна тыя, хто знаходзіўся ў апазіцыі да савецкай улады.

Перакананы, што творчасць вялікіх беларускіх пісьменнікаў — Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, — нягледзячы на, збольшага, ваенную тэматыку, павінна зацікавіць замежнага чытача. Неабходна рознымі шляхамі яе папулярызаваць: праз якасныя пераклады, дакументальныя ды мастацкія фільмы. І я вельмі рад, што ў свой час з названымі творцамі быў добра знаёмы. Адпачываючы ў Доме творчасці беларускіх пісьменнікаў пад Мінскам, я пасябраваў з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём. У сярэдзіне 1970-х у Доме творчасці пісьменнікаў у Ялце пазнаёміўся з Васілём Быкавым, які ў маёй памяці застаўся чалавекам бліскучага і трагічнага лёсу. Шмат гадоў доўжылася наша перапіска. А пазалетась я наведваў Беларусь пад час здымак дакументальнай стужкі “Васіль Быкаў. Знак вайны” для расійскага тэлеканала “Культура”, пабываў у кватэры Васіля Уладзіміравіча. На жаль, пад час апошняга візіту не атрымалася наведаць ягоны Музей-дачу пад Мінскам…

З Беларуссю мяне звязвае і памяць пра Канстанціна Сіманава. Праца над эпізодам аўтарскай праграмы “Бывай, ХХ стагоддзе!”, прысвечаная гэтаму пісьменніку, стала яшчэ адной нагодай прыехаць у Беларусь. Колькі гадоў таму я ўпершыню пабываў на Буйніцкім полі, што пад Магілёвам, дзе быў развеяны прах Сіманава. А ў будучым, калі атрымаецца, хацелася б наведаць мясціны, звязаныя з жыццём Якуба Коласа, Янкі Купалы…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"