Дзве алегорыі

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Унікальныя ўзоры заходнееўрапейскай парцалянавай пластыкі XVIII стагоддзя прадстаўлены на выстаўцы ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Яны цікавыя тым, што даюць уяўленне аб знешнім выглядзе вырабаў першапачатковага этапа развіцця еўрапейскай парцалянавай вытворчасці, якая ў ХІХ стагоддзі набывае ўжо новыя рысы: становіцца масавай, больш таннай і даступнай.

/i/content/pi/cult/512/11041/14-2.jpg

Як вядома, “кітайскі сакрэт” парцалянавай масы быў адкрыты еўрапейцамі толькі ў 1709 годзе У 1710-м жа распачала сваю дзейнасць знакамітая мануфактура ў Мейсене (Саксонія). З таго часу вырабы з еўрапейскай парцаляны становяцца моднымі і прэстыжнымі, яны шырока распаўсюджваюцца сярод прадстаўнікоў манаршых двароў і знаці розных краін, у тым ліку — на беларускіх землях. XVIII стагоддзе — залаты век мастацтва еўрапейскай парцаляны. Яго росквіт быў абумоўлены тым, што творы з гэтага матэрыялу сталі неад’емнай часткай побыту вышэйшай арыстакратыі. Без іх немагчыма было ўявіць палацавы інтэр’ер. Парцаляна стала феноменам прыдворнай культуры, чым тлумачыцца яе бясспрэчна высокі мастацкі ўзровень.

Еўрапейская вытворчасць таго часу нясе яскравыя адбіткі мастацкіх стыляў барока і ракако, для якіх быў характэрны алегарызм мастацкага мыслення. Скульптары мануфактур асабліва часта звярталіся да алегарычных сюжэтаў, што карысталіся нязменным поспехам. Колькасць мадэлей, створаных на тэму алегорый, уражвае. Найбольш папулярнымі былі ўвасабленні пяці пачуццяў, чатырох бакоў свету і чатырох стыхій.

Надзвычай распаўсюджанымі тэмамі ў парцалянавай пластыцы былі “Поры года” і “Свабодныя мастацтвы”. Амур-жывапісец, прадстаўлены з бюстам у левай руцэ і пэндзлем у правай, увасабляе алегорыю скульптуры як мастацтва. Фігурка амура з казлянём з серыі “Поры года” сімвалізуе восень. Яе пара — “Дзяўчынка з ягнём” — атаясамліваецца з вясной. Яны прадстаўлены ў пецярбургскім Эрмітажы. Абедзве фігуркі стылістычна і кампазіцыйна падобныя, узыходзяць да ранняга перыяду берлінскай вытворчасці 1760-х.

Аблічча парцалянавай пластыкі таго часу шмат у чым вызначалася Фрыдрыхам Эліясам Мейерам — адным з таленавітых нямецкіх скульптараў, які ў 1748 — 1761 г. працаваў у Мейсенскай мануфактуры, а з 1763 года — у Берлінскай Каралеўскай (у 1945-м гэтае вядомае прадпрыемства было перанесена ў Зэльб, што ля чэшскай мяжы). У перыяд Мейера (1760 — 1770-я) берлінская пластыка дасягнула свайго росквіту. Яна вылучалася манернасцю і тэатральнасцю жэстаў, разняволенай мудрагелістасцю, ненатуральнасцю і пэўнай няўстойлівасцю позы, выгнутасцю і крывізной ліній, асіметрычнасцю, лёгкасцю ў руху і ўяўнай крохкасцю вырабу, аздабленнем ракайлямі. Работы Мейера лёгкапазнавальныя: іх адрознівае асаблівая вытанчанасць, уласцівая ракако. У фігурках адлюстравалася адчуванне мімалётнасці і няўлоўнасці моманту — тое, што было мэтай мастацтва ракако. У іх трактоўцы шмат ад дзяцінства (перабольшанае выяўленне дынамікі, пухленькія шчочкі, усмешка, акуратная прычоска), якое, уласна, і было прадметам адлюстравання заходнееўрапейскага мастацтва XVIII стагоддзя.

Ігар ГАНЧАРУК, навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі