Зліццё, паглынанне, перафарматаванне

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Якім жа “іншым установам” перадаць “фуру” паўнамоцтваў?
Напрыканцы лістапада ў сталічным Інстытуце культуры Беларусі прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў метадычных цэнтраў народнай творчасці (культурна-асветнай работы), на якім, сярод іншага, былі разгледжаны пытанні аптымізацыі сеткі і структуры ўстаноў гэтага профілю, асобных устаноў культуры ды адукацыі ў абласцях. З фрагментамі выступленняў кіраўнікоў і развагамі (лірычнымі і ўсё больш зусім не лірычнымі) ад журналіста “К” мы вас і знаёмім.

/i/content/pi/cult/512/11026/3-4.jpg

Хто, калі не абласныя?

Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, старшыня Рэспубліканскага савета, прамаўляў наступнае:

— У нашай вобласці на цяперашні дзень — два метадычныя цэнтры: уласна, наш, які курыруе 21 цэнтралізаваную клубную сістэму, і Мсціслаўскі навукова-метадычны. Яго аптымізуюць да 1 студзеня, і, такім чынам, з новага года ў нас не будзе ні адной раённай структуры падобнага кшталту. Астатнія сем былі аптымізаваны яшчэ летась: сёння яны дзейнічаюць як метадычныя аддзелы ў складзе цэнтралізаваных клубных сістэм. Практыка паказвае, што і так было добра, і гэтак: мы не карысталіся дадатковым бюджэтам ні тады, ні цяпер. Але я лічу, што закрываць абласныя метадцэнтры, як гэта планавалася першапачаткова і ад чаго потым адмовіліся, нельга. У адваротным выпадку, літаральна завалім усю выбудаваную гадамі сістэму клубнай работы. Хто возьме на сябе функцыі такіх цэнтраў, якія падштурхоўваюць культурнае жыццё на месцах, у тым ліку вакальнымі конкурсамі, тэатральнымі, харэаграфічнымі?.. Каму “фуру” гэтых паўнамоцтваў перадаць? Якім “іншым установам”? Палацу культуры вобласці, які пакліканы толькі арганізоўваць вольны час, клубныя фарміраванні? Апарату сферы? Ён не зможа гэта кантраляваць і развіваць, а стане рэагаваць толькі на маштабныя праекты накшталт “Дажынак”, пачне адказваць на канкрэтныя выклікі. Пра таленавітых дзяцей, якіх мы сёння выяўляем, можна будзе забыцца, як і пра развіццё вёскі ў гэтым сэнсе, пра мясцовы фальклор. Мы ж не тыя метадысты, што сядзяць у аддзелах адукацыі, займаючыся папяровай руцінай. Мы — практыкі…

У пацвярджэнне сваіх слоў Алег Фёдаравіч заўважыў, што, па яго назіраннях і на думку калег, у тых дзяржструктурах, дзе на чале аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі стаяць людзі, якія раней займаліся культурай, праблем узнікае менш.

Дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына ДЗЕМЯНЧУК дэталізавала сваё бачанне самога працэсу аптымізацыі ў сферы метадычнай і клубнай работы.

— Я не згодная з тым, што раённыя метадычныя цэнтры трэба абавязкова зліваць у адну юрыдычную асобу, — зазначыла яна. — У нашай вобласці мяркуецца пакінуць чатыры такія юрасобы, а Раённы палац культуры ў іншым выпадку стане юрыдычнай асобай, якая кіруе Цэнтралізаванай клубнай сістэмай. Пры магчымасці я захавала б яшчэ больш такіх цэнтраў. На мой погляд, у частцы ўсёй арганізацыйнай працы ў вёсцы да іх ніякіх прэтэнзій няма. А з пункта гледжання эканомікі, я пацвярджаю словы Алега Фёдаравіча: пры ранейшым стане спраў бюджэтных сродкаў мы не трацілі больш, чым пры цяперашнім. Што ж да пераваг такога аб’яднання, дык яны ў стварэнні адзінага фонду заработнай платы, калі з дапамогай дыферэнцыяванага падыходу можна стымуляваць аплату працы. Другое — ільготны падатак на прыбытак. Таксама падтрымаю Алега Хмялькова ў тым, што абласныя метадцэнтры як цэнтры арганізацыйныя, цэнтры адраджэння і захавання традыцыйнай культуры чапаць у аптымізацыйным плане мерапрыемстваў ні пры якіх умовах не варта. І дадам наступнае. Выкажам здагадку: вось не стане тых абласных структур, і хто будзе прысвойваць ды пацвярджаць званні “народны”, “заслужаны”, “узорны”? А гэта толькі аспект сістэмы аматарскай творчасці…

Варыянты функцыянавання

Варта заўважыць, што абавязалаўкай рэарганізацыя не з’яўляецца. Калі кіраўнік раёна давядзе старшыні аблвыканкама, што ўстанова яму неабходна, на яе ёсць бюджэтныя грошы, метадычны цэнтр могуць і пакінуць. Аднак, у большасці сваёй, лішніх фінансаў у раёнах няма...

Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалай ШАМШЭНЯ зазначае:

— Сэнс аптымізацыі заключаецца не проста ў эканоміі дзяржаўных сродкаў, але і ў тым, каб іх частка пайшла на павелічэнне заработнай платы работнікаў культуры — галіны, якая сёння фінансуецца, відавочна, па самым рэшткавым прынцыпе з усіх галін. Наша задача заключаецца ў тым, каб не прыхаваць кудысьці раённыя метадычныя цэнтры, не перайменаваць іх, а ў тым, каб у новых умовах захаваць тую дзейнасць, тую працу, якую гэтыя структуры праводзяць. Сістэма — наладжана, сетка — функцыянуе, але цяпер цэлая армія навучаных работнікаў культуры выпадае (каля 50 працэнтаў служачых раённых арганізацыйна-метадычных цэнтраў змянілі месца працы, перайшоўшы, напрыклад, у клубныя ўстановы). Усё тое, чым яны займаліся — фестывалі, агляды, клубная работа, конкурсы, — патрабуе большай увагі, бо легла даважкам на кагосьці іншага. Але ці валодаюць гэтыя “іншыя” адпаведнымі ведамі, каб весці і такую працу? Наша вобласць у мяне боязі ў гэтым сэнсе не выклікае: мы і самі павышаем кваліфікацыю, і спрыяем таму, каб маладыя спецыялісты яе павышалі, а яшчэ супрацоўнікі абласнога метадцэнтра вядуць навучанне кадраў у вёсцы. І ўсё ж сапраўдных прафесіяналаў мы стараемся захаваць…

На думку Мікалая Іванавіча, метадцэнтры сёння могуць існаваць у выглядзе наступных мадэлей: аб’яднанне клубных устаноў пры раённых абласных метадычных цэнтрах з правам юрыдычнай самастойнасці, метадычныя службы ў раённых установах культуры, РАМЦ пры аддзелах ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Да РДР патрэбен падыход

Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына ЛАБУКА зазначыла, што ў вобласці падзялілі аптымізацыю і рэарганізацыю.

— Паколькі не ставілася задача аптымізаваць канкрэтна метадыстаў, мы іх і не чапалі, — кажа прамоўца. — “Пачысцілі” раённае звяно, аптымізаваўшы тых, хто працаваў, да прыкладу, у сельскіх клубах на паўстаўкі. Асабліва там, дзе праз дэмаграфію і клубы гэтыя, напэўна, варта замяніць аўтаклубамi. Што ў нас застанецца на 1 студзеня пасля рэарганізацыі? Адзін Раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр у Оршы са статусам юрыдычнай асобы. Іншыя цэнтры сталі, у асноўным, цэнтрамі культуры, цэнтрамі народнай творчасці і традыцыйнай культуры — з метадычнымі аддзеламі ў іх.

Адзінае, за што баімся, дык гэта за дамы рамёстваў: каб аптымізацыя не паглынула іх. Яны ж лічацца ўстановамі культуры клубнага тыпу, і калі здараецца, што хтосьці дзесьці не выканаў план па культурна-масавай рабоце, дык у нас пытаюцца: а чым, маўляў, дамы рамёстваў у вас займаюцца? Даводзіцца тлумачыць, што гэта творчая лабараторыя, а не прадпрыемства па вырабе сувеніраў, гэта адзінкавая праца, а не рамесніцтва… Хацелася б, вядома, каб дамы рамёстваў вылучылі ў юрыдычную структуру, але — грошы...

Святлана КАРЖУК, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра:

— Брэстчыне было больш складана, у адрозненне, можа быць, ад іншых, таму што метадычныя цэнтры тут працавалі ў кожным раёне. Сістэму, якая будавалася чвэрць стагоддзя, ламаць вельмі складана. Мы планавалі тры шляхі: стварэнне метадычнага кабінета пры раённай комплекснай установе культуры, арганізацыя метадычнага кабінета пры Цэнтралізаванай клубнай сістэме, захаванне метадычных цэнтраў. Выслухаўшы вашы меркаванні, думаю, што трэці варыянт ужо будзе недарэчны. Разам з тым, у цэлым, нас пачулі ў аблвыканкаме, і было прынята рашэнне аб пяціпрацэнтнай аптымізацыі цягам двух гадоў. Вынікі такія: за 2013 — 2014-ы сума эканоміі па фондзе заработнай платы склала амаль 3 мільярды рублёў, з іх на матэрыяльнае стымуляванне работнікаў быў скіраваны 1 мільярд…

З пачутага ў справе эканоміі сродкаў мне спадабалася такое. Вышэй было напісана, што аптымізацыяй “ударылі” па паўставачнiках. Так, дзе-нідзе кіраўнікам устаноў культуры раяць аптымізаваць найперш тых, хто працуе ў іх на паўстаўкі, на чвэрць... Маўляў, уборку памяшкання можа праводзіць і сам дырэктар установы. І я гэтак ясна-ясна ўявіў сабе рэктара ўніверсітэта (для паралелі, вядома ж), які па заканчэнні заняткаў драiць падлогі ў аўдыторыях…

P.S. Усяго на канец 2014 года ў Беларусі дзейнічае 77 метадычных цэнтраў.

P.P.S. Згодна з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, колькасць клубных фарміраванняў у краіне павінна была быць павялічана…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"