Пра даважак, пакаленне і бабулю, якая надвае варажыла

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Ці заўважалі вы, якія спісы рэгалій (несумненна, заслужаных) суправаджаюць прадстаўленне некаторых нашых і замежных дзеячаў культуры: і званні, і вучоныя ступені, і ўзнагароды, і лаўрэацтвы. Але ёсць такія Персоны ў культурнай прасторы, з якімі падобны пералік проста несумяшчальны. Маральна, ментальна, асобасна непрымальны.

/i/content/pi/cult/512/11022/2-1.jpgАдной з такіх асоб у маёй свядомасці застаецца Уладзімір Мулявін. Зразумела, у ягоным паслужным спісе нямала ганаровых (папраўдзе ганаровых) званняў, дастаткова і проста пачэсных заслуг ды перамог. Але ці асацыюецца Мулявін з такім падыходам да прадстаўлення персоны? Нават у самыя складаныя гады сваёй біяграфіі на сцэну выходзіў “народны артыст Беларусі, народны артыст СССР”. Або: “Заснавальнік і нязменны кіраўнік легендарнага ансамбля “Песняры”. Ці яшчэ больш сцісла: “Легендарны Уладзімір Мулявін”. І вось у гэтых ёмістых словах змяшчалася ўсё, што трэба было сказаць, каб ахарактарызаваць вялікага творцу…

Падумаў пра ўсё гэта, азнаёміўшыся з праграмкай да спектакля “Пясняр” у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. У яе ўклалі асобны лісток, што з двух бакоў паведамляў пра многія (думаю, далёка не пра ўсе) званні ды перамогі Уладзіміра Мулявіна і “Песняроў”. Былі сярод іх важкія і па сёння, з пункта гледжання музычнай гістарыяграфіі, — як асобна ўзятых персоны і ансамбля, так і айчыннага мастацтва наогул: тыя ж званні, ключавыя конкурсы ды фестывалі, гастрольныя паездкі.

Меліся ж і зусім, думаецца, неабавязковыя, кшталту лаўрэацтва на фестывалі "пад шапкай" мексіканскай газеты. Па-першае, лаўрэацтва — не перамога. Па-другое, фестываль асобна ўзятай газеты — бадай, не самае знакавае мерапрыемства... Знайшоў і яшчэ колькі гэткіх жа, не першай абавязковасці, на мой погляд, згадак. Большасць з іх, відаць, мусіла ўразіць геаграфіяй паездак калектыву чытача праграмкі — будучага гледача пастаноўкі.

Я мо і не звярнуў бы ўвагі, каб у праграмцы знайшлося месца творчым заслугам Уладзіміра Мулявіна. Каб было напісана, што ён стварыў музыку да дзясяткаў папулярных песень (з пералікам апошніх), выканаў знакамітыя спеўныя творы, напісаў і ўвасобіў разам з ансамблем “Песняры” некалькі буйнамаштабных праграм ды музычных палотнаў. (Яшчэ адзін момант: у праграмцы пералічаны аўтары выкарыстаных у спектаклі твораў, але назваў саміх песень няма.)

І ведаеце, для чаго я параіў бы замяніць пералік заслуг (ці ўкласці яшчэ адзін лісток), які, несумненна, уражвае, на найменні твораў? Каб глядач (асабліва — маладзейшы за мой не такі ўжо і вялікі век) прыйшоў дадому, а мо і па дарозе з тэатра “прагугліў” у пошукавіку тыя песні, паслухаў іх, паглядзеў відэаролікі, загрузіў сёе-тое ў плэер. Не сотні, але дзясятак знойдзе па сваім гусце літаральна кожны.

Ведаю, чым мне парыруюць: адносінамі праваўладальніка музыкі з яе спажыўцом і ўсімі магчымымі пасрэднікамі, што вымяраюцца дазволамі і адлічэннямі. Так, неабходна клапаціцца пра аўтарскія правы на музыку, але пытанне сёння, на вялікі жаль, стаіць куды больш вострае. З год таму на вуліцах сталіцы ў моладзі пыталіся, хто такі Мулявін, вынікі выклалі ў Сеціва. Адказалі мо некалькі чалавек з усіх апытаных. А дзесяць гадоў таму суадносіны былі б акурат адваротныя. І сітуацыю неабходна змяняць кардынальна.

Дык дзе тыя дасведчаныя рэспандэнты? І спектакль павінен дапамагчы ў тым, каб хоць частка пакалення, што расце без тых, мулявінскіх, “Песняроў”, паслухала і пачула, “лайкнула” іхнія песні, вобразна кажучы. Толькі дайце песень, прынамсі, іх назваў. А мы будзем іх слухаць.

І яшчэ. Вось кажуць-наракаюць: моладзь вушы заткнула ў плэеры і ўсё ёй “па барабане”. Мо і так. А магчыма, у тых навушніках-затычках гучыць Агінскі, ці рок-апрацоўка Вівальдзі, ці Сінатра, ці Павароцці, ці “Лэд Зэпелін”, ці мулявінскія “Песняры”. Хіба хтосьці будзе супраць такой музыкі? Таму, як той казаў, бабуля надвае варажыла…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах