Валянціна Шоба. "Сонца 2".
Фрагмент цыкла "Каляндар", прадстаўлены на выстаўцы.
Гэтыя “партрэты” Сонца — бадай, самае цікавае з прадстаўленага ў экспазіцыі “Каляндар”, што працуе ў сталічнай галерэі “Мастацтва”. Згаданы выставачны праект ужо прайшоў апрабацыю ў родным горадзе Валянціны Шоба, дзе быў прыхільна сустрэты. “Каляндар” — гэта 365 графічных работ аднаго фармату. Паводле сэнсу гэта дні календара — аднолькавыя па працягласці, розныя па насычэнні. Параўнанне з дзённікавымі запісамі ў дадзеным выпадку было б некарэктным, але нізка насамрэч дае пэўнае ўяўленне пра творчы працэс, пра тое, чым мастак заняты цягам 365 дзён года.
Я параўнаў бы гэтую экспазіцыю з дзвярамі, прачыненымі ў майстэрню. Аўтар дэманструе ўзоры і спалучэнні розных графічных тэхнік — гэта як літары алфавіта, з якіх складаюцца словы і сказы. Валянціна Шоба належыць да тых мастакоў, для каго форма з’яўляецца самадастатковай каштоўнасцю, а зместам яе напаўняе не творца, а — глядач, зыходзячы з уласнага эстэтычнага досведу і праз свой асацыятыўны шэраг.
З гэтай прычыны работы Валянціны Шоба могуць зацікавіць найперш прыхільнікаў нефігуратыўнага мастацтва, схільных да абстрактнага мыслення. Хоць мастачка, як мне падаецца, прэтэндуе на месца ў кагорце авангардыстаў, найбольш запамінальныя з яе твораў выдаюць у ёй асобу, псіхалагічна арыентаваную на славянскую (індаеўрапейскую) архаіку. Досыць выразна прасочваюцца язычніцкія матывы, скарэктаваныя эстэтыкай мадэрна. Такі напрамак быў вельмі папулярны ў мастацтве Беларусі і краін Балтыі ў 1980-х гадах. Яго носьбітамі з’яўляліся найперш адмыслоўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, далей — графікі, у меншай ступені — жывапісцы.
Цікава, што на Гродзеншчыне дадзены напрамак актуальны і сёння. Можа, таму, што гэта рэгіён, дзе рамантычная спадчына Сярэднявечча не зведала такога агрэсіўнага ўздзеяння, як у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Сам ландшафт гэтага краю, прыродны і гістарычны, спрыяе думкам пра вечнае…
У кантэксце мастацтва — як беларускага, так і еўрапейскага — карціны Валянціны Шоба ўспрымаюцца цалкам натуральна, як музычныя творы, дзе досыць гарманічна спалучаны “этна” і “тэхна”. Гэта сёння… Але заўтра стаўка мастачкі на эфектныя тэхнічныя прыёмы можа не спрацаваць на публіку. Бо літаральна штодня з’яўляюцца ўсё новыя і новыя мастацкія тэхналогіі — угнацца “за прагрэсам”, бадай, немагчыма. Быць у гэтых варунках пастаянна “сучасным” даволі складана. Дый навошта?
Зрэшты, мастацтва адбываецца ў шчыльным коле тэм ды ідэй, проста для вядомых паняццяў мы ўвесь час шукаем новыя словы. Валянціна Шоба як творца таксама шчыруе ў такім напрамку. Прынамсі, Сонца ў яе версіі насамрэч лашчыць вока і грэе душу. А гэта ўжо нямала… Сонца ж можна маляваць усё жыццё. Дадзеная тэма вечна будзе актуальнай.