Пад попыт — і майстар-клас

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

“...Куфар” Магілёўшчыны: а некалі ж патрабавалася “рэанімацыя”…
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы ўжо 75 гадоў — з першага дня заснавання! — займаецца пошукам артэфактаў ды тэхналогій Магілёўшчыны, збірае лепшыя ўзоры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адраджае і папулярызуе промыслы і рамёствы, абрады і святы. А яшчэ — сістэматычна ладзіць мерапрыемствы па актуалізацыі розных відаў традыцыйнага рамеснага мастацтва. Адным з праектаў, які пашырыў маштабы і магчымасці Цэнтра, з’яўляецца творчая лабараторыя “Чароўны куфар”. Ён распачаты напрыканцы 2010-га і дзейнічае па сёння.

/i/content/pi/cult/497/10663/13-1.jpg“Маніторынг” на месцах

У рамках праекта адбываецца “маніторынг” стану традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога і рамесніцкага мастацтва краю. Метадысты Цэнтра выязджаюць у розныя куткі вобласці, “узброеныя” фота- і відэатэхнікай. Калі ў час падарожжаў у куфрах атрымліваецца знайсці старажытную рэч — ручнік, элемент традыцыйнага строю, любы іншы прадмет матэрыяльнай культуры, — тое можна лічыць поспехам. Бо, на жаль, такія знаходкі ў нашы дні — адзінкавыя, урэшце, тым і каштоўныя. Так, пад час экспедыцый, якія праводзяцца штогод, былі набыты кросны ў Клічаўскім і Касцюковіцкім раёнах, тканыя і вышываныя ручнікі з Краснапольскага, Хоцімскага, Чавускага, Бялыніцкага, Асіповіцкага ды іншых раёнаў. На Клічаўшчыне метадысты знайшлі стары куфар, які адрадзілі, і ён стаў адным з экспанатаў Музея ручніка і традыцыйнага побыту. Дзіцячыя калыскі, лаўкі, посуд, лямпы, прылады да ткацкага станка, кашулі ды спадніцы, вышываныя ручнікі і тканыя посцілкі, узоры мясцовага ткацтва — начынне цэнтраўскага Музея.

Патрабавалася “рэанімацыя”?

Адным з галоўных кірункаў “Чароўнага куфра” з’яўляецца правядзенне майстар-класаў і семінараў-практыкумаў па навучанні тэхналогіям традыцыйных ды сучасных рамёстваў. Для правядзення семінараў Цэнтр запрашае майстроў з усёй краіны і, вядома ж, вобласці па розных відах традыцыйнага ДПМ, лепшых носьбітаў тэхналогій, даследчыкаў спадчыны.

Першае, на што звярнулі ўвагу ініцыятары праекта, — ткацтва. Тэхналогія ў краі патрабавала “рэанімацыі”. Першыя семінары па ткацтве прайшлі з удзелам майстра па ткацтве Шчучынскага дома рамёстваў Лідзіі Бярдоўскай і метадыста па ткацтве Гродзенскага АЦНТ Алены Шунейка. Гэтыя падзеі сталі штуршком для з’яўлення ў вобласці гурткоў і студый па ткацтве: у Хоцімскім, Асіповіцкім, Касцюковіцкім, Глускім дамах рамёстваў, а таксама на Бабруйшчыне і Кіраўшчыне. Сёння семінары і майстар-класы па ткацтве метадыст установы, майстар Алена Саўчанка ладзіць рэгулярна — як на базе Цэнтра, так і ў час выездаў. І ў кожным раёне Магілёўшчыны сёння ёсць хаця б адзін станок. Прычым маюцца на ўвазе кросны, за якімі працуюць майстрыхі, перадаючы досвед моладзі. І зараз, напрыклад, у Асіповіцкім цэнтры рамёстваў працуе гурток па ткацтве, дзе дзеці вывучаюць спосабы ткацтва, а калекцыя ручнікоў, сурвэтак ды строяў налічвае больш за дваццаць адзінак!

Саломкапляценне — кірунак, які таксама папулярызуецца і развіваецца ў вобласці, у тым ліку і пры садзейнічанні “Чароўнага куфра”. Семінары і майстар-класы праводзіць народны майстар Беларусі, старшыня Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кіраўнік творчай лабараторыі Наталля Дамянікава. За амаль чатыры гады ў рэгіёне з’явіліся новыя гурткі па саломкапляценні ў Вяйнянскай школе мастацтваў, Чэрыкаўскім, Краснапольскім, Хоцімскім, Гарадзецкім дамах рамёстваў. А лепшыя творы магілёўскіх майстроў у лютым 2013-га паказалі ў выставачнай зале Саюза.

Каб узнік гурток…

Не абмінулі стваральнікі “…Куфра” і такі кірунак, як кераміка, які актыўна развіваецца ў рэгіёне. У пасёлку Глуша Бабруйскага раёна кожны верасень праводзіцца рэгіянальнае свята “Глушанскі хутарок”, у рамках якога абавязкова ладзяцца майстар-класы па ганчарстве і кераміцы. Ініцыятар такіх імпрэз — народны майстар Беларусі Юрый Боўда, які разам з калегамі пабудаваў печы па абвары і чорнадымленні посуду. У гуртках пры Глушанскім ДР не толькі займаюцца дзеткі, але і праводзяцца пленэры ганчароў.

Адметнае і рамяство шапавалаў Дрыбіншчыны, якое з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны. Паколькі справа актыўна пераймаецца моладдзю, узнікла падстава для заснавання Рэгіянальнага фестывалю народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”. За час існавання “Чароўнага куфра” прайшло два семінары-практыкумы па фільцаванні, што правялі майстар з Магілёва Ірына Рудая, якая працуе ў тэхніцы “сухога” валення, і госця са Швецыі  — Гуніла Шоберг. На семінарах удзельнікі вучыліся валіць цацкі, кветкі, бірулькі — тое, што цікава дзецям. Пасля гэтага ў раёнах з’явіліся гурткі па валенні.

Попыт і платныя семінары

У пачатку года прынята рашэнне аб арганізацыі платных семінараў і майстар-класаў у рамках праекта. Зараз семінары — штоквартальныя. Сёлета досведам па вышыўцы дзялілася член Саюза майстроў Галіна Рудніцкая, на семінары па роспісе — Ніна Пачынава, а днямі, цягам семінара па выцінанцы, — народны майстар, загадчык сектара выцінанкі БСМНТ, аўтар кнігі “Мая выцінанка” Вольга Бабурына.

Дарэчы, тэма “Выцінанка” заўсёды карыстаецца попытам, бо гэты від ДПМ характарызуюць таннасць і даступнасць матэрыялаў, простая тэхналогія, якая не патрабуе дадатковай апрацоўкі, высокая хуткасць вырабу канчатковага твора. Летась такі семінар правялі з удзелам народнага майстра Наталлі Бярнадскай з Крычава. Па досвед да яе з’ехалася больш за 25 удзельніц, якія прадстаўлялі ўстановы не толькі культуры, але і адукацыі. А зараз гурткі па выцінанцы працуюць у Быхаўскай школе мастацкіх рамёстваў, а таксама ў Бялыніцкім раёне!

За апошнія гады, у тым ліку і дзякуючы “Чароўнаму куфру”, на Магілёўшчыне створаны банк даных, што ўтрымлівае прозвішчы як дасведчаных майстроў, так і тых, якія пачынаюць свой шлях. Паколькі дзейнасць лабараторыі скіравана на падтрымку пераемнасці традыцый, маладым майстрам надаецца асаблівая ўвага: вядзецца работа на прадмет уступлення іх у Саюз, аказваецца садзеянне пры арганізацыі выставак, прапануюцца паездкі ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва. Так, Ніна Рагоўская з Хоцімска пабывала ў Новасібірску на фестывалі “Сібірская кераміка”, Алена Саўчанка, Аляксей Сапажкоў, Юрый Боўда — у Калініградзе на “Тэрыторыі міру”. Майстры выязджаюць у Пскоў, Смаленск, Курск, Белгарад.

Семінары і майстар-класы карыстаюцца попытам у метадыстаў клубных устаноў вобласці, настаўнікаў ДШМ, кіраўнікоў дзіцячых студый і гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога кірунку. Ну а творчая лабараторыя “Чароўны куфар” працягвае актыўную дзейнасць і паступова набывае ўсё большую папулярнасць. Як паказвае практыка, на семінары па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ёсць попыт. А значыць, “Чароўны куфар” сфарміруе прапановы!..

 

Алёна БЕЛАНОЖКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

 

Кажа эксперт

Ірына ГЛУШЭЦ, загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці:

— На тэрыторыі вобласці захаваліся традыцыйныя рамёствы і промыслы, у тым ліку ўнікальныя: бондарства, кавальства, бортніцтва, выкладванне печаў, качанне валёнак, выбіванне дываноў, кераміка, разьба і роспіс па дрэве, шорніцтва, пляценне лапцей з вяроўкі, выраб кашоў. Распаўсюджаны вышыўка, ткацтва, саломка-, лоза- і лыкапляценне, аплікацыя саломкай, выраб лялек (анучы, салома, лён). Адроджаны выцінанка, пляценне паясоў, выраб народнага касцюма. Вядзём падрыхтоўку дакументаў на наданне статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці бортніцтву (Лельчыцкі, Петрыкаўскі раёны), вырабу драўляных чоўнаў (тэрыторыя Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”), а таксама тэхналогіям ткацтва, вышыўкі, вырабу традыцыйнага касцюма вёскі Неглюбка на Веткаўшчыне. У раёнах установы арганізоўваюць экспедыцыі для выяўлення і адраджэння рэдкіх рамёстваў і тэхналогій, праводзяць семінары, майстар-класы, пленэры, выстаўкі, святы. Для захавання і ўключэння традыцый у сучаснае жыццё праводзяцца і імпрэзы са статусам абавязковага складніка культурна-відовішчных акцый абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

 

Хэдлайн рэгіёна

Машына часу?

Выстаўкі з рэгіёнаў — аўтэнтычных строяў, старадаўніх прадметаў побыту, стогадовых ручнікоў і фартушкоў — выклікаюць увагу ў мінчан. Магчыма, падобныя імпрэзы варта было ладзіць часцей?

Да прыкладу, у другой палове верасня ў Музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук адбылося адкрыццё выстаўкі “Гуляла пава…”, на якой быў прадстаўлены неглюбскі строй ХІХ — ХХ стст. з Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Што ж такога незвычайнага было ў імпрэзе?

А тое, што яна стала машынай часу для ўсіх, хто на ёй апынуўся. Прадстаўленыя на выстаўцы строі (амаль усе аўтэнтычныя) выклікалі інтарэс ва ўсіх прысутных, а прафесійныя каментарыі малодшага навуковага супрацоўніка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, аўтара праекта Ірыны Смірновай адкрылі для гледачоў небывалую прыгажосць беларускага традыцыйнага адзення.

Выстаўка, як вядома, прысвечана неглюбскаму строю, што быў распаўсюджаны ў ХІХ — ХХ стст. на сучасным гомельска-бранскім памежжы. Даследаванні Ірыны Смірновай упершыню дазволілі паказаць трансфармацыю асобнага беларускага строю: ад архаічнага — з наміткай і панёвай — да больш звыклага нам касцюма з андаракам ды хусткай. Акрамя таго, падбор экспанатаў ажыццёўлены такім чынам, каб можна было прасачыць асаблівасці касцюмаў розных узроставых груп — ад дзяўчынкі да сталай жанчыны. Таксама на выстаўцы можна ўбачыць калекцыю невядомых фотаздымкаў жыхароў вёскі Неглюбка 1930 — 1960-х гадоў.

Аўтэнтычныя прадметы адзення, прадстаўленыя ў экспазіцыі, — гэта толькі частка калекцый аддзела старажытнабеларускай культуры Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, этнаграфічных збораў Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва, сярэдняй школы в. Неглюбка, мінскай сярэдняй школы № 173, кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама некаторых прыватных калекцый.

На вернісажы адбыўся “паказ мод”, арганізаваны з дапамогай знакамітага мінскага прадпрыемства “Скарбніца”. Чым не прыклад для пераймання на іншых падобных імпрэзах ва ўсіх рэгіёнах краіны?..

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці