І ў той жа школе, у дзявятым класе, здарыўся адзін выпадак, які помніцца мне дасюль: настаўніца распавядала нам пра прыгажосць рускіх былін, пра іх вобразнасць ды сімвалічнасць… І ў той жа час не надта паважліва ставілася да нашай дыялектнай гаворкі, кажучы, што ўсе гэтыя “простамоўі” — нешта нізкага гатунку, тое, што хутка адыдзе назаўжды… Хаця нашы палескія, беларускія песні на дыялектнай мове — напрыклад, вясельныя ці звязаныя з каляндарнай абраднасцю, — не менш вобразныя і паэтычныя… Той выпадак прымусіў мяне яшчэ больш увагі звярнуць на народную культуру і мову. Я пачаў ездзіць у навакольныя вёскі ды запісваць там песні, занатоўваць адметныя словы, распытваць пра мінулае ў старых бабуль і дзядуль… Бо не хацеў, каб усё гэта незваротна знікла…
Працягваліся гэтыя паездкі і тады, калі я вучыўся на гістарычным аддзяленні ў Пінскім настаўніцкім інстытуце, і пасля, калі выкладаў у адной са школ Столінскага раёна... А пасля я напісаў ліст у Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук, пытаючыся, што гэта за такія палескія гаворкі і ці суадносяцца яны з нейкімі гістарычнымі плямёнамі, якія даўней насялялі гэтыя землі. На той ліст мне адказала тагачасны загадчык сектара дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства, знакаміты вучоны Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч. Яна вельмі мной зацікавілася і прапанавала паспрабаваць свае сілы на дыялектнай ніве… Даслала мне некалькі праграм ды інструкцый для збору лексікі народных гаворак — і так я пачаў свой шлях у навуку…