Скарб, які заўжды пры мне…

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Алена МАСЛА, пісьменніца-казачніца
Вёску Мілашова, што на Міёршчыне, маю радзіму, заснаваў славуты род Мілашаў — яны адбудавалі тут фальварак Ідолта-Мілашова.

/i/content/pi/cult/495/10603/12-5.jpgДзецьмі мы, як тыя шыцікі, выпаўзалі ўсе закуточкі фальварка: усё шукалі скарбы. Адзін з іх, здабыты, заўжды пры мне: любоў да роднага Мілашова, які сілкуе натхненнем, вобразамі, творчымі ідэямі, дае сілы на іх здзяйсненне.

Не пакідалі мяне без нагляду, калі я гасцявала ў бабулі Алены і дзеда Аўгуста — бацькоў мамы. Дзед Аўгуст быў майстрам-апавядальнікам. Ён ахвотна баяў казкі. Напрыклад, “Піліпку-сынка”, маю любімую, ніколі не паўтараў “як учора”, — расказваў з новымі падрабязнасцямі і прыгодамі… Дзедаў Піліпка нават у космас на памяле, адабраным у ведзьмы, аднойчы лётаў!

Бабуля Алена была майстрыхай на ўсе рукі. Шыла, прала, ткала, вязала, і ўсё — адмыслова. А другая бабуля, Аміля, цішком расказвала пра пана Езуса, пераказвала Біблію.

Дома ў нас шанаваліся кнігі. Самыя яскравыя ўспаміны  — пра “Залатую яблыньку” — кнігу беларускіх народных казак, ілюстраваную Аленай Лось, і “Рабінзона Круза” з ілюстрацыямі Мікалая Казлова.

З’яўленне ў нас прайгравальніка “Юность” з вялікай колькасцю цудоўных кружэлак было асобнай культурнай падзеяй…

Незабыўны пах друкарскай фарбы ад свежых газет і часопісаў. З чацвёртага класа я друкавалася: у раёнцы, “Піянеры Беларусі” і “Зорьке”, а ў “Бярозцы” дэбютавала першымі казкамі. Юнкораўская супольнасць, якая гуртавалася вакол дзіцячых газет і часопісаў, перапіска з рэдакцыямі былі асобным светам.

А яшчэ я заспела час, калі, выходзячы з хаты, людзі ў вёсках не вешалі замкі на дзверы; размаўлялі не на трасянцы, а прыгожай мовай; збіралі “талаку”, каб справіць важную працу…

Гэтае святло — непагаснае.

Фота Крысціны ПЕРЖУКОВАЙ

Аўтар: Алена МАСЛА
пісьменніца